Навуковец, ствары свой брэнд. Як апублікавацца ў навуковым часопісе?

8 Nov, 2018.

Адзін з ключавых крытэрыяў ацэнкі ўніверсітэтаў у рэйтынгах – навукова-даследчая актыўнасць, якая вызначаецца колькасцю навуковых публікацый і індэксам цытавання. Паказчыкі не бясспрэчныя, але тым не менш дапамагаюць ацаніць бягучы ўнёсак навукоўца ў навуку. Адпаведна, узнікае пытанне: «Як публікаваць артыкулы ў высакарэйтынгавых часопісах і зрабіць так, каб іх цытавалі?» Адказ на яго дае з канкрэтнымі рэкамендацыямі, Сяргей ПАРАМОНАЎ, старшы рэгіянальны прадстаўнік выдавецтва Wiley ў Расіі і СНД.

Як зрабіць так, каб вас цытавалі?

– Ключавы момант у тым, каб ствараць свой брэнд, папрацаваць над рэпутацыяй. Яна вызначае тое, як нас успрымаюць калегі па навуковай галіне. Пазнавальнасць вядзе да публікацый, а пасля і да цытавання. Аснова навуковай рэпутацыі – якаснае навуковае даследаванне, з яго, натуральна, і трэба пачынаць пабудову свайго брэнда.

Што варта публікаваць у навуковых часопісах?

– Першым чынам варта публікаваць паўнавартасныя навуковыя працы, арыгінальныя артыкулы і агляды, якія вы можаце падрыхта­ваць як спецыяліст у сваёй галіне. Важна разумець, што рэдакцыя клапоціцца пра імідж і статус часопіса, таму ёй не цікавы неактуаль­ныя, апублікаваныя раней працы. Гэтым тлумачыцца і сітуацыя, калі ў нейкі часопіс складана патрапіць, – рэдакцыя ў якасных часопісах старанна фільтруе кантэнт, які да іх трапляе. Ёсць матэрыялы, публікацыю якіх варта добра абдумаць, напрыклад, прадумаць папярэднія вынікі. Неабходна вызначыць, ці карысныя яны чытачу, ці недастатковыя? Гэта можна абмеркаваць унутры  навуковай групы, у якой вы працуеце, параіцца з кіраўніком.
Што жадае публікаваць рэдактар?

– Камунікацыя трансфармуецца, у навуцы ў тым ліку, таму сёння рэдактар зважае на тэмы, якія ўяўляюць значную цікавасць для большай часткі чытачоў часопіса, яму цікавыя «добрыя гісторыі», якія будуць лёгка тыражавацца. Гэта галоўным чынам новыя, метадалагічна абгрунтаваныя, значныя даследаванні. Калі вы прымаеце рашэнне, што публікаваць, падумайце з пункта гледжання чытача, што можа быць цікава. А калі ў вас ёсць нейкія ідэі па прасоўванні свайго артыкула – падзяліцеся імі з рэдактарам. Як абраць прыдатны для публікацыі часопіс?

– Не варта падаваць адзін і той жа рукапіс у некалькі часопісаў адначасова, гэта можа спрацаваць супраць вашай рэпутацыі, лепш спыніце свой выбар на адным часопісе і прысвяціце час пытанню прапрацоўкі працэсу публікацыі. Да пытання, а дзе менавіта публікаваць, ёсць розныя падыходы. Па-першае, пачніце з абмеркавання са сваімі кіраў­нікамі, калегамі, па-другое, звяр­ніце ўвагу на свой пералік выка­рыстанай літаратуры, на якія менавіта выданні вы арыентуецеся пры напісанні артыкулаў, літаратурных аглядаў, дысертацый. Пры выбары часопіса арыентуй­цеся на розныя навукаметрычныя індыкатары, гэта дазволіць зрабіць нейкія высновы пра выданне. Імпакт-фактар – гэта не панацэя, але нядрэнны арыенцір. Толькі трэба разумець, што чым вышэйшы імпакт-фактар, тым складаней пат­-ра­піць у часопіс. Вы можаце спланаваць уласную стратэгію каму­нікацыі, зыходзячы са сваіх амбіцый, будаваць планы і мэты, напрыклад, пачаць публікавацца ў часопісах 3–4 квартыля, а потым паступова рухацца да 1–2 квартыля. Пры выбары часопіса заўсё­ды ўдакладняць, колькі часу ў ся­рэднім займае публікацыя наву­ковых артыкулаў, зважаць на тое, колькі выпускаў у часопіса, якія з іх даступныя на дадзены момант. Пасля таго, як вы абралі часопіс, на старонкі якога жадаеце патрапіць, абавязкова азнаёмцеся з яго патрабаваннямі па афармленні і падачы рукапісаў.
Што вызначае добры артыкул?

– Пасля таго, як вы падалі рукапіс на разгляд у часопіс, ён трапляе да рэдактара. Ён пры першым чытанні вызначае, наколькі дадзены артыкул падыходзіць часопісу. Ізноў жа шукае «добрую гісторыю», якую можна распаўсюдзіць і якая ў наступным, магчыма, згенеруе дадатковую цікавасць да выдання. Крытэрыяў, па якіх рэдактар ацэньвае артыкул, шмат: дакладнасць фактаў, актуальны змест, логіка апавядання, пераканаўчая аргументацыя, правільнае афармленне тэксту.

Стыль выкладу. Калі вы працуеце над рукапісам, падумайце пра тое, на якія асноўныя ідэі вы можаце яе разбіць. Галоўнае правіла вельмі простае – адна вялікая ідэя на адзін артыкул. Калі ў артыкуле бу­дзе, як цяпер кажуць, адзін галоў­ны «мэсэдж», яе будзе значна лягчэй успрымаць. Цяпер камунікацыя спрашчаецца, навуковы свет не выключэнне. Трэнд такі, што колькасць слоў у сказах памяншаецца. Мы жывём у час, калі людзі сапраўды перагружаны інфармацыяй, таму пераварваць складаныя тэксты энергавыдаткова. У вашых патэнцыйных чытачоў мала часу і вялікая колькасць іншых пытанняў, якія ўвесь час іх адцягваюць, таму ім важна ўжо пры першым чытанні анатацыі ці нейкага тэксту разу­мець, пра што пойдзе гаворка. Менавіта таму важна пісаць кароткімі, выразна сфармуляванымі сказамі. Гэта не значыць, што трэба спрашчаць да немагчымага, проста разбівайце доўгія складаныя сказы на прасцейшыя, тады яны сапраўды будуць лягчэй успрымацца.Другое правіла, калі мы кажам пра стыль выкладу, – улічваць «эфект гамака». Сутнасць яго вель­мі простая: калі мы чытаем фрагмент тэксту, то  запамінаем, як правіла, пачатак і канец. Калі ваш артыкул уяўляе сабой суцэльны тэкст, то я вас запэўніваю: сярэ­дзіна застанецца для чытача вялікай белай плямай. Адна з рэка­мендацый, якую даюць рэдактары, – разбіваць тэкст на фрагменты даўжынёй 300–600 слоў. Гэта дазволіць стварыць вам больш «гамакоў» па тэксце.

На жаль, аўтары ўсё яшчэ не надаюць належнай увагі электронным адрасам, якія прыводзяць у якасці кантакту для чытачоў. Правіла добрага тону – указаць дакладныя электронныя адрасы

Назва – візітная картка, тое, што бачыць ваш патэнцыйны чытач першым, калі шукае артыкул і пачынае чытанне. Назва – гэта тое, з чаго пачынаецца чытанне, тое, што бачыць патэнцыйны ваш чытач, калі шукае артыкул, назва павінна чапляць. Агульныя рэкамендацыі ад рэдактараў заходніх ча­сопісаў такія: пазбягаць фармальных назваў і такіх фраз, як «На­­вуковая праца па…», «Аптымізацыя таго…», «Даследаванне па…», прытрым­лівацца даўжыні да 15 слоў, не выкарыстоўваць абрэ­віятуры і скарачэнні. Выключэнне для апошняга – вузкаспецыялізаваныя часопісы, для якіх абрэвіятуры – звычайная практыка. Вядома, ёсць абрэвіятуры і скара­чэнні, якія мы паўсюд­на выкарыс­тоў­ваем, напрыклад, ДНК, зра­зу­­мела, што ніхто не будзе яе расшыф­роўваць. Абавязкова выка­рыс­тоўвайце ў назве ключавыя словы.

У навуковым артыкуле ёсць некалькі абавязковых частак, адна з іх – ключавыя словы. Важна разумець, што гэта не проста набор слоў, якія вы фармальна ўпісваеце ў вызначанае поле. Рэкамендуецца абраць 15–20 ключавых слоў / фраз і выкарыстоўваць іх не толькі ў поле для ключавых слоў, але і ў назве, і ў анатацыі, і ў тэксце. Памятайце, што ваш патэнцыйны чытач пры пошуку публікацый і падборы літаратуры выкарыстоўвае
не канкрэтную поўную назву артыкула, а ключавыя словы.Анатацыя. У аўтараў нашага рэгіёна пры напісанні анатацыі ўзнікае спакуса стварыць інтрыгу: я правёў даследаванне, штосьці атрымаў, але што – не скажу, няхай чытач прачытае ў артыкуле. Аднак у міжнародных часопісах анатацыя – гэта артыкул у мініяцюры. Яна ўтрымлівае асноўныя тэзісы і высновы, якія аўтар раскрывае. Гэта важна, таму што растуць аб’ёмы інфармацыі і скарачаецца час на яе апрацоўку, змяняюцца спосабы пошуку літаратуры па тэме. Калі навуковец робіць літаратурны агляд, ён не глядзіць адразу поўны тэкст, а спачатку чытае анатацыю, якая дае магчымасць вызначыць, ці варта чытаць артыкул.

Мае калегі з рэдактарскага аддзела не перастаюць казаць пра тое, што дагэтуль спіс літаратуры – гэта адна з самых непрыемных праблем, якая робіць шмат клопатаў. У спісах скарыстаных крыніц звычайна больш памылак, чым у любой іншай частцы рукапісу. Перад тым, як адсылаць артыкул у часопіс, папрацуйце з афармленнем спісу, прывядзіце яго ў патрэбны фармат. Важны момант пры складанні спісу літаратуры – якія прыводзіць спасылкі. Гэта залежыць ад прадметнай галіны: калі вы працуеце з тэмамі, звязанымі, напрыклад з генетыкай ці нанатэхналогіямі, то важна адбіць у спісе літаратуры самыя апошнія публікацыі. Наогул, рэдактару ці рэцэнзенту можа быць даволі складана ацэньваць мэтазгоднасць спасылак, калі вы, напрыклад, выкарыстоўваеце шмат старых крыніц. Найлепшая рэкамендацыя – аргументаваць сваю пазіцыю, гэта можна зрабіць у суправаджальным лісце. Яшчэ адна праблемная сітуацыя – празмернае цытаванне аўтараў са свайго рэгіёна. Гэта, вядома, выдатна, калі аўтар паказвае ўзаемасувязь, аддае належнае сваім калегам, але ва ўсім неабходна вырымліваць баланс. Імкніціся, каб доля рэгіянальнага цытавання не пераважвала, не іграла супраць вашай рэпутацыі і таго ўражання, якое рэдактар складзе пра ваш рукапіс. Навошта пісаць суправаджальны ліст?

– Суправаджальны ліст – гэта магчымасць паказаць рэдактару, што ваш артыкул важны і сапраўды з’яўляецца «добрай гісторыяй». Абавязкова распавядзіце ў суправаджальным лісце, чаму вы падаяце рукапіс менавіта ў гэты часопіс, чаму менавіта гэта тэма і які гэты артыкул мае значэнне. У кожнага часопіса, скажам так, ёсць свая місія ў плане камунікацыі, у суправаджальным лісце паспрабуйце паказаць, як ваша публікацыя ўпісваецца ў гэту місію. Таксама ў суправаджальным лісце вы можаце выказаць сваю аргументаваную пазіцыю па нейкім пытанні, напрыклад, у вас вузкатэматычнае даследаванне, практычна няма іншых артыкулаў у гэтай тэме, адпаведна, у вашай працы высокі працэнт самацытавання. Растлумачыце гэта рэдактару. Вы можаце выкарыс­тоўваць суправаджальны ліст, каб паказаць свае асаблівыя патрабаванні, напрыклад, калі вы не жадаеце, каб рукапіс патрапіў да пэўных рэцэнзентаў, калі існуе канфлікт інтарэсаў. Суправаджальны ліст – гэта не абавязковы элемент публікацыі, большасць рэдактараў не адхіляць рукапіс з прычыны дрэннага суправаджальнага ліста, але калі ён добры, то працэс рэдагавання вашай працы можа паскорыцца і пра вас складзецца добрае меркаванне.

Чаму навукоўцу важнаведаць пра SEO?

– Статыстыка наведванняў платформы Wiley Online Library паказвае, што большасць карыстальнікаў – 54 % – прыходзяць спампаваць поўны тэкст артыкула праз пошукавыя сістэмы. Гэта сведчыць пра тое, што, як правіла, поўныя тэксты артыкулаў шукаюць праз пошукавікі тыпу Google, таму аўтарам варта задумацца, як аптымізаваць свае артыкулы для пошукавых сістэм. У гэтым працэсе важнымі будуць ключавыя словы, назва і анатацыя, паколькі менавіта гэту інфармацыю пошукавікі індэксуюць. Таксама важна разумець, як пошукавікі адлюстроўваюць вынік: у выдачы вынікаў па запыце вы не ўбачыце доўгія назвы артыкулаў цалкам, пошукавік «абразае» іх і паказвае толькі 55–65 знакаў. Менавіта таму вельмі важна, калі вы фармулюеце назву артыкула, размясціць асноўныя тэрміны ў самы пачатак.

Што рабіць пасля таго, як артыкул апублікавалі?

– У навуцы сёння аўтары становяцца ў пэўным сэнсе блогерамі, якія імкнуцца атрымаць вялікую чытацкую аўдыторыю. Пасля таго, як ваш артыкул апублікавалі, трэба працаваць далей: змагацца за чытача, прасоўваючы вашу працу. Для прасоўвання можна выкарыстоўваць сацыяльныя сеткі, канферэнцыі, падкасты – гэта добрыя спосабы распавесці грамадскасці пра свае даследаванні. Стварайце больш знешніх спасылак на вашы публікацыі ў інтэрнэце: размесціце спасылкі на артыкул у профілях сваіх сацыяльных сетак, папрасіце калегаў спасылацца на вашу працу ў іх сацыяльных сетках, блогах ці сайтах, згадвайце свае папярэднія працы, калі гэта дарэчы. Паверце, усё гэта працуе.

Валерыя БАНДАРЧЫК
Фота Васіля Кузьмічкіна
print

Вам таксама можа спадабацца: