Прыгажосць жанчыны VS курэнне. Радыяцыйны фон у тых, хто курыць, у 30 разоў вышэйшы

30 Nov, 2018.

Здароўе – адзін з галоўных складнікаў прыгажосці. Жаданне быць прыгожым, дасканалым такое натуральнае для чалавека, гэта дакладны стымул адмовы ад разбуральнікаў здароўя і перш за ўсё ад курэння.

Курэнне з’яўляецца самай масавай хранічнай бытавой інтаксікацыяй, бо пры курэнні адбываецца сухая перагонка тытуню з утварэннем мноства таксічных рэчываў. Па дадзеных міжнароднай статыстыкі, кураць цяпер больш як палова мужчын і чвэрць жанчын нашай планеты, прычым колькасць жанчын, якія кураць, з кожным годам становіцца ўсё большай.

Якую ж небяспеку ўяўляе курэнне для арганізма?

Яшчэ нядаўна самым таксічным рэчывам лічылі нікацін. У апошні час усталявана, што па таксічнасці радыёактыўныя ізатопы тытунёвага дыму перавышаюць нікацін. Чалавек, які скурыў пачак цыгарэт у дзень, атрымлівае дозу радыяцыі ў 3,5 раза большую, чым біялагічна дапушчальная доза радыяцыі, як 200 рэнтгенаўскіх здымкаў. Радыяцыйны фон у тых, хто курыць, у 30 разоў вышэйшы.

Вокіс вугляроду (угарны газ) з’яўляецца вельмі таксічным кампанентам тытунёвага дыму. Ён уступае ў сувязь з гемаглабінам і ўтварае злучэнне – карбоксігемаглабін, тым самым перашкаджаючы дастаўцы кіслароду да тканак. Развіваецца хранічная кіслародная недастатковасць усіх органаў і тканак.

Аміяк пры згаранні тытуню паступае ў трахею, бронхі, лёгкія. У вільготных слізістых ён раствараецца, ператвараецца ў нашатырны спірт, які раздражняе слізістыя абалонкі, выклікаючы кашаль, хранічны бранхіт, алергічныя захворванні.

Тытунёвыя смолы праходзяць праз лёгкія, асаджаючыся да 1 кг у год. Лёгкія становяцца брудна-карычневага колеру. У смолах утрымліваюцца канцэрагенныя рэчывы, якія выклікаюць рак.

І вельмі таксічным з’яўляецца нікацін. Нікацін добра ўсмоктваецца слізістымі абалонкамі поласці рота і бронхаў, хутка паступае ў кроў. Хранічнае атручванне нікацінам вядзе да неспрыяльных зрухаў розных функцый арганізма, галоўным чынам у працы сардэчна-сасудзістай сістэмы. Першым сімптомам можа быць пачашчанае сэрцабіццё да 80-90 удараў у хвіліну замест 70. Сэрца прапіхвае за суткі на 1,5 л крыві больш, працуе з хранічнай нагрузкай, развіваецца кардыясклеро, задышка, ацёкі.

Нікацін прыводзіць да дысфункцыі эндатэлію сасудзістай сценкі, спрыяе адкладанню халестэрыну, сасуды звужаюцца , у выніку чаго парушаецца кровазабеспячэнне органаў і тканак.

Вядома, што працяглае курэнне можа самым разбуральным чынам уплываць на скуру твару. Хоць ад заўчасных маршчын і шараватага колеру скуры ніхто не паміраў, усё ж гэтыя непрыемныя змены могуць стаць для жанчын вырашальным аргументам на карысць адмовы ад курэння. Асабліва моцным такі аргумент стане для тых, хто пачаў курыць, таму што палічыў гэта прыкметай гламуру.

Ніхто не спрачаецца, што маршчыны – гэта неад’емная прыкмета старэння, аднак курэнне настолькі паскарае гэты працэс, што жанчына, якая курыць, выглядае значна старэйшай за свій сапраўдны ўзрост. Маршчыністая, сухая, шараватая скура, запалыя шчокі – вось тыповы партрэт хранічнага курца. Хоць для аматарак нікаціну бываюць і больш сур’ёзныя наступствы, уключаючы павелічэнне рызыкі ўзнікнення раку скуры.

Ужо ўсярэдзіне дзевятнаццатага стагоддзя заўважылі, што ў заўзятых курцоў змяняецца знешнасць: заўчасныя маршчыны і страта эластычнасці скуры надавалі ім змучаны і стомлены выгляд. У наш час у навуковай літаратуры часта можна сустрэць тэрмін “твар курца”.

Ён узнікае з-за таго, што таксічныя рэчывы, якія змяшчаюцца ў цыгарэтах, ствараюць на скуры твару серыю бачных няўзброеным вокам змен, уключаючы змены структуры і колеру скуры. Таксіны пранікаюць у скуру, звужаюць крывяносныя пасудзіны, асабліва пакутуюць пры гэтым малюсенькія капіляры, размешчаныя ў верхніх пластах скуры твару. З-за цыгарэтнага дыму ў крыві павялічваецца колькасць аксіду вугляроду і памяншаецца ўтрыманне кіслароду, а значыць , скура твару недастаткова ўзбагачаецца карысным для яе кіслародам і пажыўнымі рэчывамі. Структура скуры змяняецца – нават тлустая ад прыроды скура можа стаць сухойз-за мачагоннага эфекту, які нікацін аказвае на арганізм

Да відавочных сімптомаў “твару курца” адносяцца глыбокія насагубныя зморшчыны, сетка маршчынак вакол вачэй, так званыя “гусіныя лапкі”. Таксама запалыя шчокі, на іх утвараюцца маршчыны, перпендыкулярныя лініі вуснаў, рэзка акрэсленыя скулы, абвіслая скура, якая страціла эластычнасць. Колер скуры вакол вачэй часта змяняецца , чырванаватае, ліловае, аранжавае ці карычняватае адценне тлумачыцца парушэннем звычайнага забеспячэння скуры кіслародам.

Нікацін небяспечны і тым, што памяншае колькасць вітаміна А ў арганізме. Як вядома, вітамін А ўдзельнічае ў аднаўленні і абнаўленні клетак арганізма. Такім чынам, нікацін наўпрост уплывае на здольнасць скуры твару да рэгенерацыі, што выяўляецца не толькі ў з’яўленні заўчасных маршчын, але і ў запаволеным загойванні ранак і шнараў. Менавіта з гэтым звязаны медычная забарона на курэнне хворых у пасляаперацыйны перыяд.

Жанчыны-курцы, якія разлічваюць выправіць недахопы знешнасці з дапамогай пластычнай хірургіі, могуць і не апынуцца на аперацыйным стале. Справа ў тым, што многія касметычныя хірургі вымяраюць узровень нікаціну ў крыві сваіх пацыентак і адмаўляюцца праводзіць аперацыі, калі паказчык перавышае пэўнае значэнне. Пасляаперацыйныя шнары ад падцяжак могуць і не зацягнуцца з-за дрэннага кровазабеспячэння і нізкай рэгенерацыйнай здольнасці скуры.

Яшчэ адно сумнае наступства курэння для жаночай прыгажосці: нікацін уплывае на працэс утварэння калагену, які аднаўляе скурнае покрыва, ствараючы новыя клеткі. Курэнне памяншае колькасць калагену, парушаючы такім чынам працэс аднаўлення скуры. Без дастатковай колькасці калагену скура губляе эластычнасць, становіцца сухой, цёмнай, маршчыністай.

Як бачыце, прычын кінуць курыць цалкам дастаткова. Каб аднойчы не ўбачыць у люстэрку “твар курца”, быць здаровым, жыццярадасным, трэба выкінуць цыгарэты як мага хутчэй.

Леанід МЯЛЕШКА, урач-валеолаг

print

Вам таксама можа спадабацца: