Растопім лёд разам! На каньках і з клюшкамі адзначылі Дзень студэнта ў БДУ [+відэа]

23 Nov, 2018.

У гонар Міжнароднага дня студэнта 17 лістапада прафсаюзная арганізацыя зноў сабрала студэнтаў БДУ на катку, каб зрабіць гэты дзень сапраўды незабыўным. Імпрэза да Міжнароднага дня студэнта на лёдзе ўжо стала штогадовай традыцыяй студэнтаў галоўнай ВНУ краіны. І на гэты раз у атмасферу свята ўсё пагрузіліся на пляцоўцы “Мінск-Арэны”.

З віншавальнымі словамі для студэнтаў выступілі рэктар БДУ Андрэй Кароль і старшыня прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў БДУ Вольга Локцева.  Прагучалі віншаванні ад беларускіх і замежных студэнтаў з Ірана, Туркменістана, Мазамбіка, Кітая. Парадавала спецыяльна падрыхтаванае прафсаюзным актывам факультэта міжнародных адносін БДУ online-віншаванне ад замежных студэнтаў з Германіі, Іспаніі, Азербайджана, Кітая і Анголы. Адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання найлепшых студэнтаў – прафсаюзных актывістаў: падзячнымі лістамі і памятнымі падарункамі былі ўзнагароджаны Вераніка Грэсь – студэнтка 4 курса юрыдычнага факультэта БДУ, Ганна Блізнюк – студэнтка 4 курса гістарычнага факультэта БДУ, Аляксандра Цяцеркіна – студэнтка 4 курса геаграфічнага факультэта, Аліна Берднік – студэнтка 3 курса філалагічнага факультэта БДУ.

Зачаравальныя падтрымкі і віртуозныя кручэнні на лёдзе прафесійных фігурыстаў Нацыянальнай зборнай Рэспублікі Беларусь па фігурным катанні на каньках не пакінулі абыякавым нікога. Перад публікай выступілі Аліна Супоненка – студэнтка 2 курса фізічнага факультэта БДУ з лірычнай кампазіцыяй, Якаў Зянько, Карына Сідарэнка і Максім Яленіч з кампазіцыяй “Вальс і танга “Вайна і мір”.

Яшчэ адной неспадзеўкай для студэнтаў стаў майстар-клас ад спецыяльных гасцей святочнай акцыі – спартсменаў Мінскай СДЮШАР БФСГ “Дынама”: Паўла Асоўскага, Генадзя Колесава, Ільі Жура і Уладзіслава Шэлеста. Усе атрымалі велізарнае задавальненне ад паказальных выступленняў хакеістаў і зарадзіліся станоўчымі эмоцыямі на ўвесь вечар ад каманды чароўных дзяўчат па чэрлідынгу Phoenix cheer team спартыўнага клуба чэрлідынгу Phoenix.

Артысты эстрады БДУ падрыхтавалі свае запальныя музычныя нумары. Перад студэнтамі выступілі Alen Hit, Валерыя Несміян, Іван Мурзін, Уладзіслаў Макарэвіч і Валерыя Казлова.

На лёдзе ўдзельнікі лядовага шоу змаглі паспрабаваць шчасця ў розыгрышы прызоў ад прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў БДУ: іміджавай прадукцыі, квіткоў на вялікі сольны канцэрт Алега Шчуцкага і партнёраў мерапрыемства: спартыўнага клуба “Татэм”, вытворцы мясных снэкаў, дэлікатэсаў і паўфабрыкатаў “Вкусняшки ад Сашки”.

Мы ўпэўнены, гэтыя прызы сталі прыемным дадаткам да займальнага часу на катку.

Сваімі эмоцыямі і ўражаннямі падзяліся студэнты БДУ:

— студэнтка 4 курса Інстытута бізнесу Дар’я Катлярова: “Падобныя мерапрыемствы –  выдатная магчымасць для студэнтаў добра правесці час, адпачыць ад вялікай навучальнай нагрузкі. Пацешыла колькасць выступленняў і насычаная праграма. Неверагодна прыгожымі былі нумары фігурыстаў, аж займала дух! Годна разагрэў публіку вядучы. Выдатная ідэя са строямі гарнітурамі снегавікоў і сцяганосцамі: дзеці весялілі, заваблівалі ўсіх для фотаздымкаў. А якое цудоўнае было відэавіншаванне са святам ад студэнтаў з розных кропак свету! Абавязкова ўдзельнічайце ў наступным годзе!”

— студэнтка 2 курса ФФСН Паліна Матвеева дадала: “Класна, што арганізавалі такую “дзвіжуху” ў гонар Дня студэнта, што дало магчымасць пазнаёміцца і пагутарыць са студэнтамі з іншых факультэтаў, а таксама сустрэць старых знаёмых. Лёд быў выдатны, канькі завостраны на “ўра”. Дзякуй пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў БДУ, што растапіла лёд у нашых сэрцах!”

Рэктар БДУ Андрэй Кароль і старшыня студэнцкага прафкама Вольга Локцева

Пярвічная прафсаюзная арганізацыя студэнтаў БДУ яшчэ раз віншуе ўсіх са святам! Хай гады ва ўніверсітэце будуць яркімі, насычанымі і незабыўнымі. І хай у сэрца кожнага заўсёды будзе цяпло, якое зможа растапіць нават самы моцны лёд!

Прафкам студэнтаў БДУ
Фота Андрэя Сабалевіча і Васіля Кузьмічкіна
Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца: