“Таямніцы” Надзеі Скардзіны. Алімпійская чэмпіёнка ў гасцях у БДУ

14 Nov, 2018.

Факультэт філасофіі і сацыяльных навук 9 лістапада пагрузіўся ў сапраўдную “зімовую” і спартыўную атмасферу, таму што на сустрэчу ў рамках праекта “Ліга маладога грамадзяніна” прыйшла Надзея СКАРДЗІНА – алімпійская чэмпіёнка ў эстафеце 2018 г., бронзавы прызёр у індывідуальнай гонцы 2014 г.

Надзея Скардзіна з задавальненнем падзялілася са студэнтамі і выкладчыкамі сваёй гісторыяй поспеху. Спартсменка распавяла пра “філасофію” біятлона, пра асаблівасці спартыўнага рыштунку і канструкцыю сваёй вінтоўкі, пра высокі ўзровень трэніровачнай базы па біятлоне ў Беларусі, а таксама раскрыла сакрэт сваёй меткасці – гэта доўгія і зацятыя трэніроўкі не толькі самога спартсмена, але і цэлай каманды трэнераў і сэрвісменаў, праца якіх, па меркаванні Надзеі, складае добрую палову поспеху чэмпіёна. Надзея таксама адзначыла, што цёплыя сяброўскія і даверныя адносіны ў камандзе дапамаглі беларускім біятланісткам узяць алімпійскае золата ў эстафеце.

Акрамя біятлона Надзея Скардзіна захапляецца сноўбордам і пляжным валейболам, аднак звязвае сваю будучыню з трэнерскай працай дзіцячай каманды па біятлоне.

На сустрэчы прысутнічалі і члены зборнай БДУ па біятлоне, у якіх была магчымасць даведацца пра некаторыя “таямніцы” і асаблівасці дыстанцый эстафеты з першых вуснаў, а таксама пачуць новыя тэрміны і тлумачэнні спецыфікі вялікага спорту і атрымаць слушныя парады.

Пасля шчырых размоў удзельнікі сустрэчы атрымалі запаветныя аўтографы ад Надзеі Скардзіны, а таксама сфатаграфаваліся з вядомай спартсменкай.

Крысціна КЕЧКО
Фота Васіля Кузьмічкіна

 

 

print

Вам таксама можа спадабацца: