Для юрыстаў – схемы, для географаў – карты. Лаўрэаты прэмій імя У. І. Пічэты і А. Н. Сеўчанкі падрыхтавалі для студэнтаў арыгінальныя навучальныя выданні

19 Nov, 2018.

Калі да выніку навуковай, педагагічнай і метадычнай працы выкладчыка дадаецца жаданне перадаць свой досвед студэнту – з’яўляюцца навучальныя дапаможнікі і нават цэлыя навучальна-метадычныя комплексы. Найлепшыя з іх атрымліваюць прэміі імя У. І. Пічэты (у галіне сацыяльных і гуманітарных навук) і імя А. Н. Сеўчанкі (у галіне прыродазнаўчых і тэхнічных навук) у намінацыі «Адукацыя».

Сёлета за свае распрацоўкі, якія дапамагаюць студэнтам асвойваць спецыяльнасць, адзначаны прэ­міямі два калектывы аўтараў: юры­дычнага і геаграфічнага факуль­тэтаў. Мы даведаліся, як выданні лаўрэатаў паляпшаюць навучальны працэс, укараняюць інавацыйныя тэхналогіі і наколькі карысныя для галоўных чытачоў – студэнтаў.

Для юрыстаў – схемы
На юрыдычным факультэце ства­рылі тры дапаможнікі па навучальнай дысцыпліне «Крымінальны пра­цэс». Над выданнямі папрацаваў калектыў аўтараў: загадчык кафедры крымінальнага працэсу і пракурорскага нагляду Анатоль Данілевіч і дацэнты гэтай жа кафедры Вольга Пятрова і Вадзім Самарын. У сваіх працах аўтары імкнуліся адысці ад канцэпцыі традыцыйнага падручніка і зрабіць дапаможнікі, у якіх інфармацыя
будзе падавацца наглядна, каб студэнт лепш зразумеў і засвоіў інфармацыю. Ідэя прадстаўляць матэрыял у візуальнай форме ўзнікла на аснове ўласнага досведу аднаго з аўтараў:

– Калі я сам быў студэнтам, то спрабаваў занатаваць у канспекце лекцыі і іншы матэрыял схематычна, разбіць доўгія азначэнні. Гэта дапамагала мне зразумець, а значыць, запомніць, – расказвае Ва­дзім Самарын. – Калі стаў выкладчыкам, то пачаў даваць студэнтам матэрыял на практычных занятках схематычна, з дапамогай прэзентацый у Power Point. І калі пазней абмяркоўваліся навучальна-метадычныя пытанні выкладання крымінальнага працэсу на чарговым пасяджэнні кафедры, было вырашана падысці комплексна і выпусціць для студэнтаў схемы па ўсіх тэмах дысцыпліны «Крыміналь­ны працэс», дзеля чаго свае намаганні аб’ядналі ўсе суаўтары.

У дапаможніках упершыню прадстаўлены курс па крыміналь­ным працэсе Рэспублікі Беларусь ­у наглядным выглядзе, што дапамагае студэнтам лепш зразумець яго працэдуры, алгарытмы дзей­насці следчага, пракурора, суддзі і абаронцы.
Для далейшага метадычнага забеспячэння быў падрыхтаваны дапаможнік, які ўключыў тэарэтычную і практычную часткі. Першая прадстаўлена канспектам лекцый, што раскрывае асноўныя пытанні, якія павінны вывучыць студэнты па дысцыпліне «Крымінальны працэс». Канспект лекцый падрыхтаваны на падставе аналізу дзейнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь, практыцы яго прымянення, міжнародных прававых актаў з улікам найноўшых тэарэтычных палажэнняў (апеляцыйнае судаводства, дасудовае пагадненне аб супрацоўніцтве, альтэрнатыўныя спосабы вырашэння спрэчак і інш.). Другі раздзел змяшчае матэрыялы для практычных заняткаў.
Працы карыстаюцца попытам і па-за межамі нашай краіны, пра што сведчыць іх цытаванне ў на­вуковых артыкулах, напрыклад, у Расійскай Федэрацыі.

Для географаў – карты
«Навучальна-метадычны комплекс па зямельных інфармацыйных сістэмах, землеўпарадкаванні, глебазнаўстве і зямельных рэсурсах», над якім працавалі дэкан геафака Мікалай Клебановіч і загадчык кафедры глебазнаўства і зямель­ных інфар­мацыйных сістэм Дзмітрый Курловіч, здзіўляе маштабам: 24 на­вучальныя выданні і 13 наву­чаль­ных карт, 6 з якіх падрыхтаваны для англамоўнага замежнага картаграфічнага выдання. Пры гэтым 11 выданняў і 1 карта распрацоў­валіся без суаўтарства. Усе наву­чаль­ныя выданні ўнікальныя і не маюць прамых аналагаў у Беларусі.

Мікалай Клебановіч

Комплекс складаецца з трох блокаў: зямельныя інфармацыйныя сістэмы, землеўпарадкаванне, глебазнаўства і зямельныя рэсурсы. Усе выданні НМК накіраваны на тое, каб падрыхтаваць студэнтаў да выканання індывідуальных і групавых навукова-даследчых праектаў. Напрыклад, дапаможнікі, якія ўвахо­дзяць у блок «Зямельныя інфармацыйныя сістэмы (ЗІС)», утрымліваюць інавацыйныя аўтарскія пакро­кавыя лабараторныя працы, выконваючы іх, студэнт вучыцца ствараць базы геададзеных ЗІС, выконваць  перадапрацоўку, візуальнае і аўтаматызаванае дэшы­фраванне аэрафота- і космаздымкаў, фарміраваць трохмерныя мадэлі рэльефу і накладваць на іх лічбавыя глебавыя карты, фарміраваць  вэб-карты  і геаінфармацыйныя парталы ЗІС у асяроддзі Інтэрнэт. У выданнях блока «Землеўпарадкаванне» змяшчаюцца інавацыйныя аўтарскія практычныя заданні, прапанаваныя студэнтам у рамках праходжання навучальнай практыкі па землеўпарадкаванні. Выконваючы гэтыя заданні, студэнт можа самастойна, напрыклад, абгрунтаваць выбар размяшчэння новых сельскагаспадарчых і ня­сель­скагаспадарчых аб’ектаў з выкарыстаннем ГІС, прапанаваць варыянты аптымізацыі пасеваў сель­­скагаспадарчых культур.

Дзмітрый Курловіч

Унікальным з’яўляецца і выданне трэцяга блока – навучальны дапаможнік «Глебазнаўства і зямель­ныя рэсурсы», які адрозніваецца ад іншых падручнікаў па глеба­знаўстве значным зямельна-рэсурсавым складнікам, наяўнасцю асобнай часткі па глебах Беларусі, выкладам упершыню ў рускамоўнай глебазнаўчай навучальнай літаратуры блока інфармацыі па глебах свету ў рамках сучаснай міжнароднай класіфікацыі WRB.

– На аснове выданняў комплексу мы таксама распрацавалі шэраг электронных навучальных курсаў у асяроддзі САП «e-University». Гэтыя курсы рэалізуюць адразу некалькі відаў навучання: кантэкстнае, імітацыйнае, праблемнае, модульнае, дыстанцыйнае – і дапамага­юць студэнтам цалкам засвоіць неабходныя веды па спецыяльнасці, – адзначае Дзмітрый Курловіч.

А што думаюць студэнты?
Аляксей Кацман, студэнт 4 курса юрыдычнага факультэта

– Навучальны дапаможнік па дысцыпліне «Крымінальны працэс» карысны пры падрыхтоўцы да се­мінараў, таксама ён утрымлівае, напрыклад, умовы ролевай гульні, якая дапамагае акунуцца ў ат­масферу судовага пасяджэння і атрымаць неабходныя навыкі паводзін у судзе. Акрамя таго, увесь матэрыял у навучальным дапа­можніку выкладзены паслядоўна, выключаны рознага роду памылкі ­ў тлумачэнні нормаў права, інфармацыя, якая ў ім змяшчаецца, актуальная і адпавядае дзейнаму заканадаўству. Таксама варта асобна адзначыць схемы, якія выпускаюц­ца ў дзвюх частках (агульная і асаблівая). Яны з’яўляюцца дадатковымі «памочнікамі» ў вывучэнні і сістэматызацыі пройдзенага матэрыялу, дапамагаюць выбудаваць у галаве сістэму кожнай пройдзенай тэмы. Навучальны дапаможнік і схемы дапаўняюць адно аднаго, што дапамагае студэнту лепш засвойваць матэрыял.

Анастасія Крэўчык, студэнтка 3 курса юрыдычнага факультэта

– Крымінальна-працэсуальнае права – адна з асноўных і важных дысцыплін на юрыдычным факуль­тэце, без ведаў якой не можа абысціся ніводзін студэнт-юрыст. На жаль, на лекцыйных занятках не атрымліваецца закрануць і абмеркаваць усе тэмы, таму выдатным памочнікам у вывучэнні прадмета з’яўляецца падручнік па дысцып­ліне «Крымінальны працэс». У да­дзеным дапаможніку можна знайсці не толькі пазіцыю аўтараў, але і меркаванні іншых навукоўцаў-юрыстаў. Адзначу, што аўтары не ідэалізу­юць палажэнні крымінальна-працэсуальнага кодэкса і пры наяўнасці прабелаў у заканадаў­стве абавязкова паказваюць на гэты недахоп. Такі падыход даз­валяе сту­дэнтам не проста «зу­брыць» ­матэрыял, а дае глебу для ўласных разважанняў. А наву­чаль­на-мета­дычны дапаможнік «Кры­міналь­ны працэс у схемах» дапамагае хутка паўтарыць і замаца­ваць пройдзены матэрыял, асабліва перад залікам або іспытам, калі ў паніцы здаецца, што нічога не памятаеш, хоць вучыў.

Аліна Марчык, студэнтка 4 курса юрыдычнага факультэта

– Калі вывучаеш крымінальна-працэсуальны кодэкс, галава круціцца ад шматлікіх лічбаў і сухога тэксту закона, хочацца закрыць яго і адкласці ў бок. Здаецца, і на лекцыі тлумачаць, і ў законе ўсё напісана, а інфармацыя ў галаве не ўклад­ваецца. І што сапраўды прыходзіць на дапамогу, дык гэта схемы па крымінальным працэсе, у якіх норма раскладваецца па палічках, даюцца тлумачэнні па асобных пытаннях, а пры неабходнасці ­мо­жна дапісаць штосьці сваёй ­рукой. Схемы часта ратавалі, калі часу на падрыхтоўку было мала. З іх дапамогай можна хутка выву­чыць самае неабходнае па тэме і ісці на семінар – там будзе магчымасць раза­брацца лепш.  

Вадзім Дубавец, студэнт 4 курса геаграфічнага факультэта

– Навучальныя дапаможнікі і навучальныя карты комплексу мы выкарыстоўваем пры вывучэнні многіх дысцыплін: «Глебазнаўства
і зямельныя рэсурсы», «Землеўпарадкаванне», «Зямельны кадастр», «ГІС-картаграфаванне земляў», «ГІС-аперацыі і тэхналогіі», «ГІС -аналіз і мадэляванне». Хачу адзначыць навучальны дапаможнік «Навучальная землеўпарадкавальная практыка з прымяненнем ГІС-тэхналогій і сістэм спадарожнікавага пазіцыянавання», у якім апісаны канкрэтныя метадычныя прыёмы, якія я выкарыстоўваў, калі праходзіў навучальную землеўпарадкавальную практыку на НГС «Заходняя Бярэзіна» ў Валожынскім раёне на другім курсе. Вы­данні комплексу дапамагаюць падрыхтавацца да будучай прафесіі, да выканання навукова-­даследчых праектаў. Так, на трэцім курсе я ўдзельнічаў у праекце, які перамог на конкурсе грантаў БДУ. Па яго выніках падрыхтаваў не­каль­кі публікацый, у верасні ўдзельнічаў у працы міжнароднай канферэнцыі і хутка буду прадстаўляць свой геаінфармацыйны праект на конкурсе ГІС-праектаў.

Лада Шайтар, студэнтка 4 курса геаграфічнага факультэта

– Навучальныя дапаможнікі, якія ўваходзяць у комплекс, мы выка­рыстоўваем літаральна на кожным курсе нашага навучання ва ўніверсітэце. Таксама выданні комплексу сталі асновай для распрацоўкі нашымі выкладчыкамі ў асяроддзі САП «e-University» некалькіх электронных навучальных курсаў. На партале САП нам даступныя прэзентацыі лекцый, заданні па лабараторных і практычных працах. Тут жа мы праходзім прамежкавае тэс­ці­раванне па дысцыплінах, а на форуме можна задаць пытанне і ат­рымаць кансультацыю вык­ладчыка.

Валерыя БАНДАРЧЫК

print

Вам таксама можа спадабацца: