Алена Бабкіна: «Ідэальны выкладчык – той, хто ведае, як тэорыя працуе на практыцы» [+відэа]

17 Dec, 2018.

Алена Бабкіна і студэнты А. Шантора, Т. Пацапня і А. Сялюн на конкурсе па праве ЕАЭС у Расійскай акадэміі правасуддзя ў Маскве

Сёння праект «Новы погляд» распавядзе пра загадчыцу кафедры міжнароднага прыватнага і еўрапейскага права Алену БАБКІНУ.
Яе навуковае званне – дацэнт. Спецыяльнасць кафедры лідзіруе ў рэйтынгу прахадных балаў у краіне.
З ёй пагаварылі пра прафесійныя сакрэты, асаблівасці арганізацыі працы на кафедры – пра трэніровачныя суды, дысцыпліны на англійскай мове, дыстанцыйную магістратуру. А таксама пра тое, як зрабіць навучанне яшчэ лепшым.

Спалучаць выкладанне з практыкай
Алена Бабкіна студэнцкія гады правяла на кафедры міжнароднага права на юрыдычным факультэце, тут жа вучылася ў аспірантуры. У 2000 г. з кафедры міжнароднага права, якая ўжо знаходзілася на факультэце міжнародных адносін, была вылучана кафедра міжнароднага прыватнага і еўрапейскага права. З гэтага часу Алена Баб­кіна засталася працаваць ва ўніверсітэце. Праз пару гадоў абараніла дысертацыю, атрымала званне дацэнта.
Паралельна з выкладчыцкай дзейнасцю займалася практыкай, працавала ў Эканамічным судзе СНД, у Судзе Еўразійскай эка­намічнай супольнасці і Судзе Еўра­зійскага эканамічнага саюза.
І сёння з’яўляецца арбітрам Між­народнага арбітражнага суда пры Беларускай гандлёва-прамысловай палаце, прызначана ад Беларусі арбітрам Міжна­роднага цэнтра па ўрэгуляванні інвес­ты­цыйных спрэчак, які размяшчаецца ў Вашынгтоне.
– У маім разуменні ідэальны выкладчык – гэта той, хто ведае тэорыю і разумее, як яна працуе на практыцы, – лічыць Алена Ва­сільеўна. – Толькі тады ты становішся тым спецыялістам, які можа даць студэнту максімум па сваім прадмеце. Безумоўна, патрэбныя стажыроўкі за мяжой па нашым навуковым кірунку. У свой час я стажыравалася ў Галандыі ў Ака­дэміі міжнароднага права і ў Ін­-стытуце ASSER, у Інстытуце Макса Планка ў Германіі, Міжнародным інстытуце ўніфікацыі прыватнага права ў Італіі.
Алена Васільеўна ўпершыню ўзначаліла кафедру яшчэ 10 гадоў назад. У 2012 годзе сышла са штата ўніверсітэта працаваць у суд. Амаль 6 гадоў працавала ў БДУ на грамадскіх пачатках. Сё­лета ў верасні вярнулася на пасаду і ўзялася за напісанне доктар­скай дысертацыі.

Вышэйшая матэматыка ў юрыспрудэнцыі
Алена Васільеўна з сям’і ўрачоў, але яшчэ ў малодшых класах вы­рашыла, што не пойдзе па баць­коўскіх слядах, а стане юрыстам. Студэнткай, на лекцыях прафесара Людмілы Васільеўны Паўлавай, зразумела, што ёй цікава ў далейшым паглыблена вывучаць міжнароднае права.
Загадчыца кафедры займаецца праблематыкай міжнароднага прыватнага права (МПП). Гэта комплексная сістэма разглядае пы­танне вызначэння права, якое будзе прымяняцца, калі сутыкаецца некалькі нацыянальных сістэм. ­Напрыклад, права якой дзяржавы павінна рэгуляваць здзелкі з замежнікамі і іншае.
– МПП завуць вышэйшай матэматыкай юрыспрудэнцыі, – адзначае яна. – Тут вельмі шмат усяго звязана – цывілістыка, сямейнае, міжнароднае публічнае права, еўрапейскае, банкаўскае права і іншыя галіны. Гэта складаныя прававыя пытанні, якія патрабуюць комплекснага падыходу. У выніку на кафедру звяртаюцца з запытамі пра тое, як тыя ці іншыя адносіны павінны быць урэгуляваны з навуковага пункта гледжання.
Таксама яна кіруе студэнцкім клубам Group of Private International Law Development. Тут удзельнікі рыхтуюць даклады, параўноўваюць беларускае заканадаўства пра МПП з замежнымі нарматыўнымі прававымі актамі, аналізуюць магчымасці, якія вынікаюць з членства Беларусі ў міжнародных арганізацыях. Юрысты-практыкі выступаюць з семінарамі па пытаннях прававога рэгулявання, напрыклад, прыватнаправавых аспектах даследавання космасу, асаблівасцях ужывання смарт-кантрактаў і крыптавалют.
Сёлета яна пачала выкладаць дысцыпліну «Еўрапейскае міжнароднае прыватнае права» на англійскай мове. Выкладанне на замежнай мове на кафедры не рэдкасць – у рамках навучання на бакалаўрыяце і ў магістратуры пяць дысцыплін чытаюцца на замежнай мове. Часам для чытання лекцый прыцягваецца visitor professor з-за мяжы. Як адзначае загадчыца, у студэнтаў факультэта добры ўзровень ведання мовы, яны прыхо­дзяць вучыцца ўжо з пэўнай базай, бо пас­тупіць на ФМА не так лёгка. Па яе словах, поспехі сту­дэнтаў натхняюць ­на далейшую працу. Найлепшая ўзнагарода для выкладчыка – бачыць развіццё сваіх вучняў і іх жаданне вучыцца.

Прыярытэты кафедры
Калектыў кафедры складаюць 20 выкладчыкаў, уключаючы сумяшчальнікаў. Яны дапамагаюць студэнтам засвоіць грама­дзянскае, міжнароднае прыватнае, сямейнае, еўрапейскае, міжнароднае меды­цын­скае, банкаўскае, міжнароднае інвес­тыцыйнае права, грамадзянскі і гаспадарчы працэс і іншыя прадметы.

Калектыў кафедры міжнароднага прыватнага і еўрапейскага права

– Гэта кола дысцыплін, якое дазваляе падрыхтаваць спецыяліста, які зможа забяспечваць прававое суправаджэнне знеш­неэканамічнай дзейнасці юрыдычнай асобы, – робіць акцэнт Алена Васільеўна. – Некаторыя дысцы­пліны выкладаюць юрысты-практыкі, бо практыка-арыентаванасць – гэта прыярытэт кафедры.
Навучальная літаратура – «за­латы запас» кафедры. Тут быў нядаўна выдадзены навучальны дапаможнік па еўрапейскім праве, таксама падрыхтаваны да выдання першы ў Беларусі калектыўны падручнік па агульнай частцы міжнароднага прыватнага права. Абодва з грыфам Міністэрства адукацыі Беларусі.

Нядаўна на кафедры падрыхтавалі да выдання першы ў краіне калектыўны падручнік па агульнай частцы міжнароднага прыватнага права

Апошні выкладчыкі рыхтавалі на працягу многіх гадоў, некалькі разоў тэкст дапаможніка актуалізаваўся з прычыны змены заканадаўства і з’яўлення міжнародна-прававых трэндаў. У хуткім часе пачне камплектавацца матэрыял для другога і трэцяга тома падручніка па міжнародным прыватным праве. Раней убачылі свет навучальныя дапаможнікі па міжнародным банкаўскім праве (аўтар – старшы выкладчык Н. Ю. Газдзюк) і навучальны дапаможнік па праве інтэлектуальнай уласнасці (аўтар – дацэнт А. Б. Леановіч).
Кафедра выпускаючая, рыхтуе студэнтаў спецыяльнасці «Міжнароднае права» па дзвюх з трох спецыялізацый: «Міжнароднае прыватнае права» і «Еўрапейскае права». Варта вылучыць, што апошнія гады названая спецыяльнасць у лідарах у рэйтынгу прахадных балаў у краіне. Вучыцца тут цікава, але не проста. Аднак сту­дэнты вытрымліваюць высокія па­тра­баванні, якія прад’яўляюцца да навучання юрыстаў-міжнароднікаў.
– Аднак калі ты паспяховы ў вучобе і знаходзішся ў топе рэйтынгу, то з працаўладкаваннем цяжкасцяў не ўзнікае. Нашы выпускнікі размяркоўваюцца ў дзяржаўныя органы: міністэрствы юстыцыі, замежных спраў, Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў, а таксама міжнародныя арганізацыі: Прадстаўніцтва ААН, Эканамічны суд СНД, Суд Еўра­зійскага эканаміч­нага саюза, – каментуе загадчыца кафедры. – Таксама гэта буйныя юры­дыч­ныя фірмы. Ад выпускнікоў прыхо­дзяць падзячныя лісты за атрыманую адукацыю, якая, па іх меркаванні, не горшая, чым у іншых краінах. Прыемны факт запатрабаванасці: нашы выпускнікі нават ва ўмовах цвёрдай ­канкурэнцыі ў прафесіі знаходзяць добрыя працоўныя месцы. Значыць, усе мы – выкладчыкі кафедры – робім добрую і патрэбную справу.

Погляд на навучанне
– Мы развіваемся па шляху практыка-арыентаванасці, – кажа загадчыца кафедры. – Мы даём усе магчымасці для таго, каб выпускнік выдатна арыентаваўся на працоўным месцы. Нашы студэнты ўдзельнічаюць у конкурсах, якія дапамагаюць ім праверыць свае навыкі ў канкрэтных сітуацыях.
Спецыфіка навучання на ФМА – падрыхтоўка каманд для ўдзелу ў міжнародных moot-court, ці так званых трэніровачных судах. Гэта інсцэніроўка судовых працэсаў у міжнародных судах ці міжнародных камерцыйных арбітражах па розных кірунках. Ствараецца фа­була справы, студэнты прадстаў­ля­юць розныя бакі працэсу. Часта выпускнікі, якія раней удзельнічалі ў конкурсах, зараз самі трэніруюць каманды.
– Хачу падзякаваць настаўнікам, якія гатовыя выдаткоўваць асабісты час на падрыхтоўку студэн­цкіх каманд. Гэта выдатны трэнінг для студэнтаў, – распавядае Алена Васільеўна. – Яны бачаць, як працуе суд, як рыхтуюцца прававыя пазіцыі, разумеюць, што кожную справу трэба разглядаць пад розным вуглом. Апроч гэтага, часта выступленні праходзяць на замежнай мове, што становіцца добрай практыкай у мове спецы­яльнасці, а таксама ў прамоўніцкім майстэрстве.

«Алея славы»

«Мут корты» – гэта выклік, запыт асобаснага росту, атрыманне навыкаў працы ў ка­мандзе, адказнасць. Сёлета мы з дапамогай «ветэранаў мутаўскага руху» зрабілі «Алею славы» – фатаграфіі ўдзелу нашых студэнтаў у розныя гады ў розных конкурсах. Будзем пашыраць гэту алею новымі поспехамі.
Так, нядаўна каманда (студэнты А. Шантора, Т. Пацапня, А. Сялюн), якую рыхтавала Алена Васільеўна, на конкурсе па праве ЕАЭС у Расійскай акадэміі правасуддзя ў Маскве атрымала годныя ўзнагароды. «Справа пра вецер»: інсцэніроўка працэсу ў Судзе Еўразійскага эканамічнага саюза пра парушэнне дзяржавай умоў дамовы пастаўкі ветранай энергіі і права Саюза. Каманда факультэта стала віцэ-чэмпіёнам і атрымала званне найлепшага аратара фіналу конкурсу. Віншуем!

Акрамя гэтага на кафедры ўдасканальваецца магістратура. Летась распрацаваны новы двух­гадовы навучальны план. Да таго ж у гэтым навучальным годзе падрыхтаваны план англамоўнай магістратуры, яна будзе арыентавана на замежнага спажыўца.
– Мы паспрабуем зрабіць яе дыстанцыйнай, бо на сёння гэта запатрабаваны метад навучання. У планах – стварэнне каля 15-20 дысцыплін, для кожнай неабходна падрыхтаваць якасную абалонку, – працягвае яна.
Як разважае Алена Бабкіна, усе веды, якія дае ўніверсітэт, неаб­ходныя для жыцця і прафесіі:
– Мая парада – вучыцца, вырашаць задачы, якія ставяць выкладчыкі, выкарыстоўваць дадатковыя рэсурсы, каб глыбей пагрузіцца ў тыя пытанні, якія цікавяць.

Алена ЛЯЎШЭНЯ
Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца: