Космас для БДУ. Спадарожнік БДУ ў кантэксце касмічнага права

22 Dec, 2018.

Напэўна, першая асацыяцыя са словам “космас” – цудоўнае бязмежнае зорнае неба. Але ці даступнае яно? Вядома, так!
2018 год, які сыходзіць, гэта даказаў. Гэта быў сапраўды касмічны год для Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта – 29 кастрычніка 2018 г. адбылася гістарычная падзея: на арбіту выведзены першы ўніверсітэцкі спадарожнік BSUSat-1.

Аднак свет уладкаваны так, што чалавек, што б ён ні рабіў, заўсёды падпарадкоўваецца пэўным правілам паводзінаў. Космас не выключэнне. Таму ўсё, што звязана з космасам, тычыцца не толькі аэракасмічных тэхналогій і стварэння касмічных аб’ектаў, але і правілаў, якія рэгулююць дзейнасць дзяржаў і міжнародных арганізацый, звязаную з асваеннем космасу. У 2018 г. космас стаў бліжэйшы для ўніверсітэта і краіны дзякуючы сапраўдным касмічным людзям, якія працуюць і вучацца ў БДУ. Сінергетычны эфект рэсурсаў дзвюх кафедраў БДУ ў “асваенні” космасу – кафедры фізікі і аэракасмічных тэхналогій і кафедры міжнароднага права – паказаў неверагодны навуковы і адукацыйны патэнцыял універсітэта.

Міжнароднае касмічнае права – вельмі маладая галіна міжнароднага права, днём яе нараджэння лічыцца 4 кастрычніка 1957 года, калі ў космас быў запушчаны першы штучны спадарожнік Зямлі. Дадзеная галіна міжнароднага права ахоплівае пытанні прававога рэгулявання парадку запуску касмічных аб’ектаў і іх рэгістрацыі, вызначэнне юрысдыкцыі, пакрыцця шкоды ад касмічнай дзейнасці, свабоды навуковых даследаванняў у касмічнай прасторы і шматлікія іншыя пытанні, звязаныя з прававым рэгуляванні выкарыстання касмічнай прасторы ў мірных мэтах.Што ж змянілася за 60 гадоў? Ці паспела міжнароднае касмічнае права “пасталець”? Якія задачы яму трэба вырашаць у новым тысячагоддзі? Для таго, каб адказаць на гэтыя пытанні, разабрацца ва ўсіх тонкасцях прававога рэгулявання асваення космасу, а таксама для папулярызацыі міжнароднага касмічнага права студэнтка чацвёртага курса спецыяльнасці “міжнароднае права” ФМА Алена Лаўрэнава і магістрант ФМА спецыяльнасці “юрыспрудэнцыя” Дар’я Богдан пры падтрымцы кафедры міжнароднага права ФМА БДУ ў лістападзе–снежні 2018 г. арганізавалі і правялі першую школу па міжнародным касмічным праве БДУ.

На далейшае “асваенне космасу”, папулярызацыю ведаў пра міжнароднае касмічнае права праз арганізацыю школы дзяўчат натхніла іх першая і вельмі плённая “сустрэча з космасам” – іх перамогі на прэстыжным міжнародным спаборніцтве па міжнародным касмічным праве. У красавіку–кастрычніку 2018 г. А. Лаўрэнава і Д. Богдан дамагліся сапраўды “касмічных” вынікаў на конкурсе па міжнародным касмічным праве імя М. Лахса, заваяваўшы тытул чэмпіёна Еўропы на рэгіянальным еўрапейскім раўндзе (красавік 2018 г.) і атрымаўшы на сусветным фінале конкурсу (2–4 кастрычніка 2018 г.) прыз Best memorials, які азначае, што пісьмовая пазіцыя нашай каманды (і за істца, і за адказчыка) была прызнана найлепшай у свеце. Трэнерам каманды выступіла старшы выкладчык кафедры міжнароднага права ФМА БДУ Кацярына Кузняцова, памочнікам трэнера – выпускніца спецыяльнасці “міжнароднае права” 2017 года Таццяна Зінякова.

Школа па міжнародным касмічным праве – гэта ўнікальны студэнцкі праект, які падарыў магчымасць усім ахвотнікам у БДУ на працягу 4 тыдняў (з 10 лістапада па 1 снежня 2018 г.) знаёміцца з найбольш актуальнымі праблемамі міжнароднага касмічнага права. Цікава адзначыць, што сярод 28 слухачоў школы, нароўні са студэнтамі, магістрантамі і аспірантамі, былі і выкладчыкі БДУ. Пры гэтым для ўдзелу ў школе зарэгістраваліся не толькі юрысты, але і прадстаўнікі іншых факультэтаў – ФФСН, геаграфічнага, хімічнага, факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, факультэта сацыякультурных камунікацый. Гэта паказвае неабходнасць далейшай папулярызацыі гэтай тэмы. У рамках школы была арганізавана скайп-лекцыя Кацярыны Далдырынай – юрыста італьянскай кампаніі D-Orbit, якая займаецца прапановай паслуг і прадуктаў для эфектыўнага арбітальнага кіравання спадарожнікамі. Кацярына распавяла слухачам школы пра прававыя аспекты камерцыялізацыі выкарыстання касмічнай прасторы.

Было б няправільным не сустрэцца дзвюм “камандам” БДУ, якія працуюць з космасам кожны ў сваёй сферы. Тым больш што, распрацоўваючы юрыдычную аргументацыю па гіпатэтычнай справе і праводзячы трэнінгі ў рамках школы, дзяўчатам было вельмі цікава даведацца, а як у рэальнасці праходзіць штодзённая праца па кіраванні спадарожнікам, размешчаным на арбіце? Што ён сабой уяўляе? Як адбываўся яго запуск? У чым яго прызначэнне? На гэтыя і іншыя пытанні ім адказалі стваральнікі першага спадарожніка БДУ. 20 снежня 2018 г. прафесар У. А. Саечнікаў, навуковы кіраўнік цэнтра аэракасмічнай адукацыі БДУ, загадчык кафедры фізікі і аэракасмічных тэхналогій факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій, правёў найцікавейшую экскурсію па цэнтры кіравання палётамі для каманды “касмічных” юрыстаў і загадчыцы кафедры міжнароднага права ФМА дацэнта К. А. Дзяйкала. Уладзімір Аляксеевіч падрабязна распавёў і паказаў, як ствараўся BSUSat-1, як адбываўся яго запуск, як адсочваецца яго палёт, а таксама пра цяжкасці (у тым ліку і юрыдычнага характару), з якімі прыйшлося сутыкнуцца пры транспартаванні спадарожніка да месца запуску і афармленні ўсіх неабходных дакументаў.

“Космас побач” – дэвіз першай школы па міжнародным касмічным праве БДУ. І калі скласці ўсе знакавыя для Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта “касмічныя” падзеі 2018 г., можна фізічна адчуць гэтыя словы. Зусім побач з вамі вучацца і працуюць сапраўдныя касмічныя людзі, здольныя канструяваць спадарожнікі і распрацоўваць найлепшую ў свеце юрыдычную аргументацыю па міжнародным касмічным праве. Хай пакуль па гіпатэтычнай навучальнай справе, але хто ведае… Космас жа побач!

Дар’я БОГДАН,
Кацярына ДЗЯЙКАЛА, загадчыца кафедры міжнароднага права ФМА 
print

Вам таксама можа спадабацца: