Факультэт філасофіі і сацыяльных навук, а таксама факультэт журналістыкі БДУ сталі пляцоўкай для правядзення круглага стала “Чалавек, цывілізацыя, культура ў эпоху лічбавай трансфармацыі”, арганізаванага па ініцыятыве прэзідыума прафесарскага сходу БДУ сумесна з саветам маладых навукоўцаў універсітэта.
Змяненне чалавечага грамадства, звязанае з паўсюдным распаўсюджаннем і ўвядзеннем ва ўжытак лічбавых тэхналогій, было адным з галоўных пытанняў для абмеркавання маладымі навукоўцамі, прадстаўнікамі розных навуковых кірункаў ад гуманітарнага да прыродазнаўчанавуковага, заслужанымі прафесарамі і экспертамі з ліку спецыялістаў у гэтай галіне. Выкладчык кафедры філасофіі і метадалогіі навук ФФСН БДУ І. М. Калядка у сваім выступленні “Інфармацыйнае грамадства: перспектывы і сацыякультурныя рызыкі”, у прыватнасці, адзначаў, што “інфармацыйныя тэхналогіі сёння становяцца значным сацыяльным і ідэалагічным рэсурсам” і што “мноства людзей, якія актыўна ўдзельнічаюць у дынаміцы прасторы электронных сеткавых камунікацый, валодае шэрагам характэрных рыс, што фарміруюць свайго роду новы тып асобы”. У дакладзе “Лічбавая эканоміка: будучыня сферы працы” старшага выкладчыка кафедры міжнародных эканамічных адносін ФМА БДУ Г. Г. Галавенчык было падкрэслена, што “развіццё рынку працы на аснове лічбавых тэхналогій прыводзіць да мадэрнізацыі працоўных адносін і што адным з найбольш распаўсюджаных відаў працоўных адносін у лічбавай эканоміцы становіцца праца дома. За ўкараненнем лічбавай эканомікі будучыня”, – падкрэсліла дакладчыца.
Тэмай выступлення старшага выкладчыка кафедры тэхналогій камунікацыі ФЖ БДУ Г. А. Навуменкі стала “Медыятызацыя як трэнд сучасных арганізацый”. “Сёння карпарацыі, кампаніі, арганізацыі не толькі размяшчаюць свае паведамленні, прэс-рэлізы і дзеляцца навінамі са СМІ, але і самі з’яўляюцца стваральнікамі новых паведамленняў. Ва ўмовах лічбавай трансфармацыі кожная арганізацыя прымае на сябе функцыі медыя і становіцца медыя. БДУ можна назваць медыяхолдынгам, які не толькі транслюе ў СМІ паведамленні, але і стварае вялікую колькасць уласнага кантэнту для розных аўдыторый (для студэнтаў, унутраных арганізацый, супрацоўнікаў і інш.)”, – адзначала Г. А. Навуменка.
Асаблівую цікавасць у прысутных выклікаў даклад “Сучасныя адукацыйныя тэхналогіі ў кантэксце лічбавай трансфармацыі: досвед фізічнага факультэта БДУ” малодшага навуковага супрацоўніка кафедры камп’ютарнага мадэлявання фізічнага факультэта БДУ А. С. Фядотава.
“Сучасны ўніверсітэт – гэта дынамічная сістэма, якой неабходнае пастаяннае развіццё як навукі, так і формаў навучання, – сцвярджаў малады навуковец. – Лічбавая трансфармацыя ўплывае на формы навучання. Рынак працы прад’яўляе патрабаванні да выпускнікоў, такім чынам змяняючы навучальныя праграмы БДУ (прынамсі так павінна быць), а БДУ фарміруе рынак працы, паколькі кампетэнцыі спецыялістаў, якія трапляюць на гэты рынак, ствараюцца ўніверсітэтам”, – адзначаў А. С. Фядотаў.
Даклады маладых навукоўцаў выклікалі ў прысутных шмат пытанняў, што перарасло ў ажыўленую дыскусію. З вялікай цікавасцю былі выслуханы меркаванні спецыяльна запрошаных экспертаў, спецыялістаў у галіне лічбавых тэхналогій Ю. І. Варатніцкага , загадчыка кафедры тэлекамунікацый і інфармацыйных тэхналогій БДУ, а таксама Я. М. Радыны , кандыдата фізіка-матэматычных навук, дацэнта механіка-матэматычнага факультэта БДУ.
“Тэма лічбавай трансфармацыі важная не толькі для ВНУ, але для грамадства ў цэлым і нашай сістэмы адукацыі. Тое, як мы бачым лічбавую трансфармацыю, вызначае нашу працу са студэнтамі з пункта гледжання выкладчыкаў і тое, як студэнты будуць бачыць нас. Гэта сустрэча будзе пачаткам перспектыўнага супрацоўніцтва паміж саветам маладых навукоўцаў, прафесарскім сходам, паміж старэйшым і маладым пакаленнямі навукоўцаў БДУ, – адзначалі, падводзячы вынікі круглага стала яго мадэратары – старшыня прафесарскага сходу БДУ, доктар філасофскіх навук, прафесар, загадчык кафедры філасофіі і метадолагі навукі ФФСН Анатоль Зелянкоў і старшыня савета маладых навукоўцаў БДУ, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры тэлебачання і радыёвяшчання факультэта журналістыкі Алеся Кузьмінава.
У выніку дыялогу “Чалавек, цывілізацыя, культура ў эпоху лічбавай трансфармацыі” прэзідыумам прафесарскага сходу і саветам маладых навукоўцаў былі прыняты наступныя заключныя рэкамендацыі:
- Стварыць міждысцыплінарны творчы калектыў з прадстаўнікоў прафесараў і маладых навукоўцаў БДУ для выканання даследчага праекта, накіраванага на распрацоўку сучасных камунікацыйна-інфармацыйных тэхналогій, якія выкарыстоўваюцца ў выкладанні сацыяльна-гуманітарных дысцыплін.
- Савету маладых навукоўцаў БДУ звярнуць асаблівую ўвагу на папулярызацыю тэматыкі навуковых даследаванняў па лічбавай трансфармацыі з улікам нацыянальнай спецыфікі.
- Факультэту павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДУ арганізаваць курсы, арыентаваныя на засваенне інавацыйных адукацыйных тэхналогій для ПВС БДУ.
Абмеркаванне дакладаў удзельнікаў, меркаванні фіксаваных экспертаў, адкрыты мікрафон і рэзюмэ ў выглядзе рэкамендацый – старт для развіцця дыялогу паміж рознымі пакаленнямі, для вырашэння шэрагу пытанняў і пераадолення магчымых рызык навукоўцамі БДУ.