Пра яго кажуць, яго чакаюць, ад яго атрымліваюць асалоду. А пошук за пару дзён да мерапрыемства лішняй пары квіткоў – штосьці накшталт спаборніцтва; часам нават настае і стадыя запалу.
22 лістапада на сцэне Ліцэя БДУ прайшоў “капуснік” – конкурс творчасці і таленту для першакурснікаў нашага ўніверсітэта. Усяго гэта мерапрыемства сабрала каля тысячы студэнтаў і запрошаных гасцей, а яшчэ некалькі сотняў далучылася да мерапрыемства анлайн дзякуючы прамой трансляцыі ў Instagram. Вялікая колькасць падарункаў, файных жартаў, бясконцая плынь энергіі, хлопцы і дзяўчаты з бэйджами, шмат зон актывацый і яшчэ больш дэкарацый –менавіта гэта ўсё зрабіла “капуснік” такім запамінальным. А ад таго, што частка запрошаных гасцей – выпускнікі БДУ, становіцца яшчэ больш прыемна, таму што гэта ўжо традыцыйнае мерапрыемства, якое перадаецца з пакалення ў пакаленне.
Сёлета яркай фішкай для адкрыцця “Капусніку БДУ” стала відэа, якое запомнілася ўсім прысутным надоўга: прынамсі, да наступнага года, дзе, мы ўпэўнены, студэнцкі саюз БДУ здзівіць нас ізноў.
У камандзе арганізатараў “Капусніку БДУ” кожны год адбываюцца папаўненні: у многіх за плячыма не адзін год досведу арганізацыі мерапрыемстваў. У гэты раз атрымалася пагутарыць з новаспечаным членам студэнцкага саюза БДУ Рэвекай Ахраменка, студэнткай другога курса факультэта журналістыкі.
— Гэта твой першы “капуснік”?
— Не, гэта мой другі “Капуснік БДУ”. У першы раз я была ўдзельніцай, прадстаўляла журфак разам са сваёй камандай. Ну а сёлета я здымаю гісторыі для “Інстаграма” студсаюза.
— Што сёлета прыцягнула і запомнілася больш за ўсё?
— Кліп ад студсаюза ў самым пачатку “капусты”. Дэкарацыі мехмата.
— Якія адчуванні, калі не трэба рэпетаваць рэплікі да выступлення, а можна быць у зале і назіраць збоку?
— Ты разумееш, што “капуста” не абмяжоўваецца толькі тваім выступленнем, што ёсць мноства іншых сфер, ад якіх залежыць мерапрыемства. Ну і прыемна бачыць і ўсведамляць, што ў студсаюзе ты робіш такое свята для першакурснікаў.
— Калі мехмат сёлета прыляцеў з космасу, то як ты лічыш, куды далей? Ёсць здагадкі, што будзе ў наступным годзе?
— Мы адкрыем новую галактыку! Ну не ведаю. Складанае пытанне, таму што кожны год першакурснікі ўсе больш таленавітыя, арыгінальныя і звар’яцелыя – у добрым плане. Хочацца, вядома, ужо адысці ад звыклага фармату “капусты”, зрабіць штосьці новае, таму што трохі надакучыла шмат гадоў запар бачыць прыкладна адно і тое. Але пакуль што я не магу прапанаваць прыдатнай альтэрнатывы, таму мае прэтэнзіі неабгрунтаваныя. Вельмі спадзяюся, што ў наступным годзе мы зробім штосьці іншае і выдатнае, каб задаць тон наступным “капустам”.
Мы вельмі спадзяёмся, што так і здарыцца, і, сапраўды, наступны год будзе яшчэ ярчэйшы і запомніцца вялікай колькасцю пазітыву і крэатыву. Хоць здаецца, што ўжо даўно дасягнулі дасканаласці, але для студсаюза БДУ гэта толькі чарговая прыступка на шляху да новых вяршыняў. А пакуль вернемся ў рэчаіснасць і пагаворым з куратарам каманды-пераможцы.
-Ты сам захацеў быць куратарам, ці табе прапанавалі?
— Прапанаваў старшыня студэнцкага саюза механіка-матэматычнага факультэта Саша Карайчанцаў.
— І што адчуваеш, калі “капуста” прайшла і перамога за ММФ?
— Ну-у-у… Па-першае, я выспаўся. Па-другое, гонар за свой факультэт. ММФ 4 гады запар займае прызавыя месцы. І мы першы факультэт, які заняў першае месца тройчы. Гэта вельмі файна! Я рады! Неяк так.
— Сёлета ММФ скарыў космас. Што мехмат скорыць у наступным годзе?
— У наступным годзе і ўбачым. Час пакажа.
На жаль, мы не змаглі даведацца, да чаго рыхтавацца ў наступным годзе, аднак студэнты абяцалі: “Сапраўды будзе нешта грандыёзнае!” Затое нам удалося пагутарыць з удзельнікамі каманды ММФ і даведацца іх невялікія сакрэцікі.
— Чаму вы вырашылі ўдзельнічаць у “Капусніку БДУ”?
— Новы досвед, людзі, хацелася паўдзельнічаць у чымсьці такім маштабным у нейкім плане, – падзялілася з намі Кацярына Кошкіна.
— Прызнайцеся, ішлі па перамогу?
— Толькі па яе, была велізарная падтрымка з боку старшакурснікаў, і гэта падагравала маю матывацыю, – распавёў Арсеній Баско.
— Чаму вырашылі скарыць космас?
— Вырашылі, што хочам файныя дэкарацыі, і прыйшла думка пра космас, і далей адштурхоўваліся ад гэтага, – адказала Кацярына Кошкіна.
— На мехмаце можна і не толькі космас скарыць, – дапоўніў Арсеній Баско.
— Ці не ўзнікла жаданне ў наступным годзе стаць куратарам?
— Хутчэй за ўсё так і зраблю, калі будзе магчымасць, – узрадаваўся Арсеній Баско.
— Чаму вырашылі скарыць космас?
— Я думаю, ніхто не чакаў ад нас космасу сёлета, і гэта сыграла на нашу карысць. Дык хай інтрыга будзе і ў наступным годзе, – завяршыў аповед пра планы ММФ Арсеній Баско.
Атрымліваецца, што сёлета студэнты заявілі пра сябе, і яны відавочна не маюць намер спыняцца на дасягнутым. А гэта ўскладняе (ці спрашчае – як паглядзець) працу для суддзяў. Сёлета было шмат цікавых і яркіх выступленняў. Цікава, наколькі складана было падзяліць месцы па справядлівасці? На гэта пытанне нам дапамог знайсці адказ Ілья Лемец, дырэктар крамы “Крама БДУ”:
— Сёлета, на дзіва, у судзейскай калегіі не ўзнікла пытанняў, каму аддаць першае месца, а вось што да астатніх намінацый, то там меркаванні разышліся. Абраць было няпроста, але, нягледзячы на гэта, мы прыйшлі да агульнага рашэння.