У 1968 г. была створана кафедра радыяцыйнай хіміі і радыяхіміі для падрыхтоўкі спецыялістаў, неабходных для вырашэння разнапланавых задач па мірным выкарыстанні атамнай энергіі.
Яе арганізаваў і ўзначаліў Я. П. Пятраеў. Першапачаткова навучальная праца была звязана з выкладаннем дысцыплін па радыяцыйнай хіміі, радыяхіміі і крыніцах iанiзуючых выпраменьванняў. Чытаць лекцыі запрашаліся спецыялісты з МДУ, супрацоўнікі адкрытага ў 1964 г. Інстытута ядзернай энергетыкі. Свае кадры трэба было навучыць у сціслыя тэрміны.
Для чаго былі патрэбныя радыяцыйныя тэхналогіі
Як студэнт другога выпуску, памятаю выдатныя лекцыі прафесара Наталлі Аляксееўны Бах і яе вучняў – прафесара Л. Ц. Бугаенкі і дацэнта Я. П. Калязіна – яркіх прадстаўнікоў школы радыяцыйнай хіміі з МДУ, а таксама выкладанне радыяхімічных дысцыплін Я. П. Пятраевым і Ю. П. Давыдавым, прадстаўнікамi вядомай Ленінградскай школы радыяхімікаў, якія пераехалі ў Мінск з Ленінграда. Гэта стала асновай для падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў. З нашага другога выпуску кафедры 1971 года – а гэта 25 чалавек – большасць атрымала працу ў Інстытуце ядзернай энергетыкі ў лабараторыях аддзелаў радыяцыйна-хімічнага сінтэзу і радыяхіміі. У 1970–1980 гг. радыяцыйныя тэхналогіі спрабавалі небеспаспяхова ўкараніць у шматлікія сферы тэхналагічнай дзейнасці. У першую чаргу гэта радыяцыйная мадыфікацыя і сшыўка палімерных матэрыялаў, радыяцыйна-хімічны сінтэз арганічных рэчываў з хімічна агрэсіўнай сыравіны (сульфхларыраванне, сульфгалагеніраванне і г. д.), радыяцыйная стэрылізацыя і кансерваванне медыцынскай і сельскагаспадарчай прадукцыі, радыяцыйныя тэхналогіі абеззараджвання і ачысткі прамысловых і сельскагаспадарчых адходаў, радыяцыйныя тэхналогіі для сельскай гаспадаркі, звязаныя з павышэннем пасяўных якасцяў насення і паляпшэннем пажыўнасці грубых кармоў і многае іншае.
Фактар Чарнобыля
Пасля аварыі на ЧАЭС пры кафедры ў 1986 г. быў арганізаваны сектар радыяхіміі, а ў 1993 г. – НДЛ радыяхіміі. Супрацоўнікамі НДЛ радыяхіміі выканана больш за 30 прац у рамках дзяржаўных, ведамасных і міжнародных праграм, накіраваных на пераадоленне наступстваў катастрофы на ЧАЭС.
Асноўнымі кірункамі навуковай дзейнасці з’яўляліся комплексная ацэнка радыеэкалагічнай сітуацыі ў розных рэгіёнах РБ; даследаванне фізіка-хімічнага стану, механізмаў і дынамікі біягеахімічнай міграцыі радыенуклідаў у асноўных кампанентах наземных экасістэм, у тым ліку ў сістэмах «глеба – расліна», «глеба – грунтавыя воды», «донныя адкладанні – паверхневыя воды» і інш. Адмысловая ўвага надавалася вывучэнню паводзін у навакольным асяроддзі трансуранавых элементаў, якія іграюць важную ролю ў ядзерным паліўным цыкле.
Энергетычны парадокс выпраменьвання
Адным з кірункаў даследаванняў, што праводзяцца на кафедры, якой я з 1994 года стаў кіраваць, было вывучэнне заканамернасцяў дзеяння радыяцыі на біялагічна важныя рэчывы. Агульнавядомае магутнае пашкоджвальнае дзеянне іанізуючых выпраменьванняў на арганізм, 10 Гр = 10 Дж/кг – смяротная доза для ўсіх млекакормячых. Чаму гэта адбываецца, дагэтуль не зразумела. Хоць распрацаваны асноўныя прынцыпы пашкоджвальнага дзеяння на біяаб’екты, у той жа час энергетычны парадокс уздзеяння выпраменьвання на арганізм не вырашаны. Такія веды патрэбныя, таму што яны адкрываюць перспектыву накіраванага атрымання рэчываў, якія або валодаюць радыеахоўнымі ўласцівасцямі, або, наадварот, узмацняюць дзеянне выпраменьвання на біялагічныя аб’екты. Да апошніх адносяцца рэчывы (радыесенсібілізатары), якія выкарыстоўваюцца ў радыетэрапіі анкалагічных захворванняў, паколькі ракавыя клеткі больш устойлівыя да апрамянення, чым большасць здаровых.
Паварот да лекавых злучэнняў
Гэты кірунак працы кафедры паслужыў для мяне адной з адпраўных кропак, калі пасля распаду СССР у нас у краіне склалася няпростая сітуацыя з кадравым забеспячэннем фармацэўтычнай прамысловасці. Спецыялістаў для фармпрамысловасці ў Беларусі не рыхтавалі. Таму па нашай ініцыятыве са згоды канцэрна «Белбіяфарм» і Міністэрства аховы здароўя РБ у 1995 г. на базе кафедры была адкрыта новая спецыялізацыя «Хімія лекавых злучэнняў», а сама яна атрымала сённяшнюю назву «Кафедра радыяцыйнай хіміі і хіміка-фармацэўтычных тэхналогій». Вось ужо больш за 20 гадоў кафедра праводзіць падрыхтоўку спецыялістаў для патрэб фармацэўтычнай прамысловасці.
Выпускнікі кафедры працуюць на ўсіх фармацэўтычных прадпрыемствах краіны і ў навуковых інстытутах, якія займаюцца распрацоўкай лекавых сродкаў, забяспечваючы ўкараненне ў вытворчасць сучасных тэхналогій і стварэнне інавацыйных лекаў.
Унікальнае абсталяванне
З 2008 года па пастанове ўрада мы аднавілі падрыхтоўку спецыялістаў па кірунку «радыяцыйная хімія і радыяхімія», неабходных для працы на Беларускай атамнай станцыі і для наладжвання выпуску радыяфармпрэпаратаў рознага прызначэння.
Удзел нашай кафедры ў дзвюх дзяржаўных праграмах, звязаных з падрыхтоўкай кадраў для атамнай энергетыкі і фармацэўтычнай прамысловасці, а таксама атрыманне на конкурснай аснове 3 грантаў Міжнароднага навукова-тэхнічнага цэнтра дазволілі здабыць значныя сродкі на развіццё прыборнай базы кафедры, закупку дарагіх рэактываў і камплектуючых, у выніку былі аснашчаны сучасным абсталяваннем як навучальныя практыкумы, так і навуковыя лабараторыі.
Запатрабаванасць выпускнікоў
У наш час кафедра штогод выпускае 50–60 спецыялістаў, большасць з якіх уладкоўваецца на прадпрыемствы, дзе патрэбныя супрацоўнікі, якія валодаюць ядзернымі і фармацэўтычнымі ведамі, а таксама маюць навыкі працы на сучасным аналітычным абсталяванні. Пералік такіх прадпрыемстваў шырокі – ад АЭС і буйных фармацэўтычных заводаў тыпу РУП «Белмедпрэпараты» да недзяржаўных фірмаў і кампаній.
Адкрыцці і распрацоўкі
Навуковыя дасягненні кафедры значныя. Гэта адкрыццё новых свабоднарадыкальных рэакцый, якія праходзяць з удзелам біялагічна важных злучэнняў. Распрацоўка новых тэарэтычных канцэпцый пашкоджвання арганізма пры дзеянні на яго стрэс-фактараў і стварэнне на гэтай аснове метадаў рацыянальнага пошуку лекавых прэпаратаў. Сумесна з калегамі з БДМУ і РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі адкрыты новы клас антывірусных сродкаў. Сумесна з РУП «Белмедпрэпараты» ўкаранёныя ў прамысловую вытворчасць антывірусныя лекавыя сродкі «Бутамінафен» і «Актавір», якія на сёння з’яўляюцца найбольш эфектыўнымі прэпаратамі для лячэння герпетычных інфекцый.
Распрацаваны новыя падыходы да пошуку фармакалагічна актыўных рэчываў, якія валодаюць супрацьпухліннай і нейратропнай актыўнасцямі на аснове поліфункцыянальных рэгулятараў свабоднарадыкальных працэсаў у арганізме.
Атрыманыя веды дазволілі сумесна з прадпрыемствам «Клуб «Фарм-Эка» (Драгічын) распрацаваць метады стабілізацыі льнянога алею і наладзіць выпуск стабілізаванага харчовага льнянога алею і шасці БАД на яго аснове, якія можна купіць ва ўсіх крамах і аптэках.
Супрацоўнікі
Калектыў кафедры і яе навуковых лабараторый складаецца з 30 чалавек, сярод якіх вялікая частка – гэта перспектыўныя 30–40-гадовыя супрацоўнікі, якія звязаны з кафедрай са студэнцкіх гадоў.
Я, як загадчык кафедры, аптымістычна гляджу ў будучыню і жадаю ўсім супрацоўнікам моцнага здароўя і велізарнага задавальнення ад творчых спраў.
Прафесар Алег ШАДЫРА,
загадчык кафедры радыяцыйнай хіміі і хіміка-фармацэўтычных тэхналогій
Прыйшоўшы ў студэнцкую лабараторыю на кафедру радыяцыйнай хіміі і хіміка-фармацэўтычных тэхналогій зялёным першакурснікам, адразу патрапіў у дружны калектыў студэнтаў старэйшых курсаў. Даводзілася інтэнсіўна працаваць, хутка асвойваць методыкі, шмат чытаць навуковай перыёдыкі, каб ні ў чым не саступаць калегам. У 2006 г. паступіў у аспірантуру, дзе пад кіраўніцтвам прафесара А. І. Шадыры заняўся вывучэннем свабоднарадыкальных ператварэнняў водарастваральных вітамінаў і каэнзімаў. У 2010 г. абараніў дысертацыю па радыяцыйнай хіміі аскарбінавай кіслаты і яе вытворных. Чытаў лекцыйныя курсы, вёў лабараторныя практыкумы для студэнтаў хімічнага і фізічнага факультэтаў, якія навучаюцца ў рамках дзяржпраграмы падрыхтоўкі кадраў для ядзернай энергетыкі Беларусі.
У 2012 г. пачаліся працы па стварэнні Рэспубліканскага цэнтра пазітронна-эмісійнай тамаграфіі – першай ў Беларусі вытворчасці радыеактыўных ін’екцыйных лекавых сродкаў, пераважна для высокаспецыфічнай дыягностыкі анкалагічных захворванняў. І калі распрацоўшчыкі звярнуліся на кафедру з пытаннямі пра сінтэз арганічных злучэнняў, мечаных пазітрон-выпраменьваючымі нуклідамі, Алег Іосіфавіч папрасіў мяне, маладога навуковага супрацоўніка, дапамагчы праекціроўшчыкам з тэхналогіяй лекаў і радыяхіміяй. Праз два гады актыўнай працы кансультантам у праекце я перайшоў у РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава і фактычна выконваў функцыі кіраўніка праекта па будаўніцтве цыклатронна-радыехімічнага комплексу ПЭТ-цэнтра.
Унікальная камбінацыя ведаў і практычнага досведу ў галіне хіміі лекаў і радыеактыўных рэчываў, назапашаныя на кафедры, дазволілі ўвесці ў эксплуатацыю першы ў краіне ПЭТ-цэнтр усяго за тры гады. Веды ў галіне ўзаемадзеяння нейтронаў і фатонаў з матэрыяламі спатрэбіліся пры праектаванні і абгрунтаванні сістэм радыяцыйнай абароны бункера цыклатрона. Для адпрацоўкі прамысловай тэхналогіі сінтэзу нанамалярных колькасцяў радыяфармпрэпаратаў прыйшлося вырашыць нямала складанасцяў, якія тычацца радыяхіміі, фармацэўтычнай хіміі, прамысловай асептыкі і тэхналогіі лекаў. І галоўнае, усе хімікі, якія працуюць на гэтай складанай вытворчасці, з’яўляюцца выпускнікамі кафедры радыяцыйнай хіміі і хіміка-фармацэўтычных тэхналогій. Гэта 14 спецыялістаў, якія штодня забяспечваюць поўны цыкл вытворчасці, ад вылучэння нукліду і сінтэзу да гатовай лекавай формы, а таксама кантроль якасці прэпаратаў на аснове ультракароткажывучых нуклідаў F-18 і С-11.
За мінулыя 3 гады было выканана больш за 15000 ПЭТ/КТ дыягнастычных даследаванняў. Колькасць пацыентаў супастаўная з насельніцтвам раённага цэнтра. Супрацоўніцтва з кафедрай дазваляе разлічваць, што наша радыефармацэўтычная вытворчасць зможа і далей забяспечваць запатрабаванні Беларусі ў высокаадчувальнай дыягностыцы шырокага спектра анкалагічных, кардыялагічных і неўралагічных захворванняў метадам пазітронна-эмісійнай тамаграфіі.
Паступаючы ў 2002 г. у БДУ, я паехаў на дзень адчыненых дзвярэй на кафедру радыяцыйнай хіміі і абраў фармацэўтычны кірунак. Для зялёнага выпускніка гімназіі аповеды пра распрацоўку новых лекавых сродкаў, свабоднарадыкальныя працэсы
ў арганізме, іх уплыў на арганізм былі як палёт у космас. Тым больш што такія прыклады я сустракаў толькі ў замежнай літаратуры.
Гэта паездка зняла ўсе пытанні выбару «кім быць».
Першыя два гады студэнты прыглядаюцца да спецыялізацый. Варыянтаў – велізарнае мноства. Тут і аналітычная хімія, і арганічная, і фізічная з калоіднай.
Магу шчыра сказаць, кафедра радыяцыйнай хіміі – гэта скрыжаванне ўсіх «хімій». Гэтым і зацікавіла. Не хацелася мне выбіраць штосьці адно, а хацелася ўсё і адразу. І тут ёсць усё, што трэба:
1. Разуменне працэсаў у жывых аб’ектах – біяхімія
2. Пошук рэчываў, якія ўплываюць на акісляльна-аднаўленчыя працэсы – медыцынская хімія
3. Пошук спосабаў сінтэзу рэчываў – арганічная хімія
4. Пошук механізмаў іх дзеяння – фізічная хімія
5. Ацэнка таксікалагічных уласцівасцяў – фармакалогія
6. Характарызаванне рэчываў – аналітычная хімія.
Узроўню абсталяванасці лабараторый кафедры пазайздросцяць многія. Тут і сучасныя храматографы, і мас-дэтэктары, і рэактывы. Але самае галоўнае – людзі, пачынаючы з загадчыка кафедры А. І. Шадыры і заканчваючы лабарантамі. Яны вучаць аднаму вельмі складанаму прынцыпу: паглыбляючыся ў прыватнасці працэсу, не забываць пра галоўнае: усё ўзаемазвязана. Вырашаць задачы комплексна. Рабіць высновы толькі на падставе фактаў. Не выпускаць з поля зроку нічога, крытычна падыходзіць да ацэнкі выніку.
Менавіта гэтыя навыкі дазваляюць дамагацца поспехаў і робяць са студэнта спецыяліста, а са спецыяліста – кіраўніка. Менавіта гэтыя якасці дазваляюць займацца адказнымі задачамі, такімі як распрацоўка і вытворчасць лекавых сродкаў.
На хімфаку студэнты да 4 курса паспявалі папрацаваць практычна на ўсіх кафедрах і «акунуцца» ва ўсе віды хіміі. Мяне прыцягнула лабараторыя біяхіміі лекавых прэпаратаў НДІ ФХП БДУ пад кіраўніцтвам прафесара У. М. Шкуматава. На яе базе праводзіліся заняткі студэнтаў кафедры радыяцыйнай хіміі. Лабараторныя працы па біяхіміі давалі магчымасць студэнту папрацаваць на рэдкіх у той час вадкасных храматографах, выконваць гель-электрафарэз бялкоў, вымяраць канцэнтрацыю бялкоў і хуткасць ферментатыўных рэакцый на цалкам аўтаматычным дарагім замежным спектрафатометры (што вельмі моцна кантраставала з СФ-26 ці КФК-2). Атрыманыя мной досвед і веды вось ужо 20 гадоў дазваляюць быць у прафесіі.
Два гады працы ў лабараторыі і на кафедры сталі перыядам прадуктыўнага прафесійнага прыросту. Далейшая вучоба ў аспірантуры, праца ў Акадэміі навук, а затым і ў камерцыйных структурах паказала, што атрыманыя веды актуальныя, яны дазваляюць працаваць і зарабляць. Мне не прыйшлося перавучвацца!
Цяпер я выдатна разумею, што «прыгожыя» лабараторыі, сучаснае абсталяванне, насычаныя лабараторныя працы для студэнтаў – гэта цяжкая самаадданая праца ўсіх супрацоўнікаў кафедры. Стварэнне і падтрыманне інфраструктуры навуковай адукацыi, здабыванне рэактываў і расходных матэрыялаў для студэнцкіх прац, навуковае і матэрыяльнае забеспячэнне іх дыпломных даследаванняў – гэта неацэннае інвеставанне ў новыя пакаленні хімікаў. Цяпер, калі мне самому даводзіцца наймаць супрацоўнікаў, наяўнасць у кандыдата дыплома выпускніка хімічнага факультэта – дадатковы плюс і знак якасці. У нашай кампаніі палова супрацоўнікаў – выпускнікі хімфака, а двое – выпускнікі кафедры радыяцыйнай хіміі.
У 2016 г. наша кампанія падарыла хімічнаму факультэту навучальны клас з вадкасным і газавым храматографамі і атамна-эмісійным спектрометрам. Гэтыя прыборы выкарыстоўваюцца ў навучальным працэсе. Але ніякі прыбор не заменіць Настаўніка.
Я скончыла хімічны факультэт БДУ па спецыяльнасці «Хімія лекавых злучэнняў» у 2000 г. і распачала працу ў РУП «Белмедпрэпараты» ў якасці біяхіміка. У 2014 г. узначаліла аддзел распрацоўкі і ўкаранення тэхналогій фармацэўтычных субстанцый кіравання інавацыйнага развіцця.
У наш час на прадпрыемстве працуе каля 20 супрацоўнікаў – выпускнікоў кафедры радыяцыйнай хіміі і хіміка-фармацэўтычных тэхналогій па спецыяльнасцях «Хімія (фармацэўтычная дзейнасць)» і «Хімія лекавых злучэнняў». Кожны год у розных лабараторыях РУП «Белмедпрэпараты» праходзяць вытворчую і пераддыпломную практыкі, а таксама выконваюць дыпломныя працы 2–4 студэнты кафедры, частка з іх у далейшым застаецца працаваць па размеркаванні.
У рамках навукова-інавацыйнага супрацоўніцтва сумесна з супрацоўнікамі кафедры распрацаваны і ўкаранёныя ў вытворчасць арыгінальныя супрацьвірусныя лекавыя сродкі «Бутамінафен» і «Актавір», вельмі эфектыўныя пры лячэнні герпетычных інфекцый.
Хочацца адзначыць высокі ўзровень падрыхтоўкі студэнтаў хімічнага факультэта і выказаць падзяку загадчыку кафедры радыяцыйнай хіміі і хіміка-фармацэўтычных тэхналогій А. І. Шадыру і супрацоўнікам, якія ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы студэнтаў па такіх унікальных і важных для нашай краіны спецыяльнасцях.
Юрый ЦЕЛЕГАЎ,
вядучы інжынер-тэхнолаг хімічнага цэха РУП «Беларуская атамная электрастанцыя»
Яшчэ пры паступленні ў БДУ я ставіў за мэту працаваць на атамнай станцыі, таму пры выбары кірунку не вагаўся. Дзякуючы дзяржаўнай праграме падрыхтоўкі маладых спецыялістаў для атамнай станцыі факультэт праводзiў выязныя курсы навучання і павышэння кваліфікацыі па тэматыцы «Хімія ў атамнай энергетыцы, радыяцыйная бяспека». Гэта дапамагло атрымаць больш падрабязнае ўяўленне пра атамную энергетыку, што яшчэ больш падмацавала маё жаданне быць часткай першай АЭС у Беларусі.
Хачу выказаць велізарную падзяку выкладчыкам факультэта за іх навучанне і дапамогу. Жадаю вам далейшага паспяховага развіцця атамнага кірунку і поспехаў у навуковых распачынаннях.
Дзякуючы курсу лекцый «Свабодныя радыкалы ў хіміі, біялогіі і медыцыне» прафесара А. І. Шадыры, мяне зацікавіла сувязь розных дысцыплін пры вывучэнні свабоднарадыкальных працэсаў і іх значнасць для жывога арганізма.
Працягнула сваю навуковую дзейнасць у лабараторыі хіміі свабоднарадыкальных працэсаў НДІ фізіка-хімічных праблем БДУ. У 2016 г. атрымала стыпендыю Сусветнай федэрацыі навукоўцаў. А ў 2017 г. мне прысудзілі стыпендыю DAAD для працы ў Германіі, у рамках якой я выконвала даследаванні з выкарыстаннем метадаў электроннага парамагнітнага рэзанансу ва Універсітэце Бона. Я заўсёды марыла працаваць на такім абсталяванні, яно дазваляе зафіксаваць кароткажывучыя радыкальныя часціцы і, адпаведна, даказаць тэорыі, якія мы дапускаем у нашых даследаваннях.
Досвед працы на кафедры ў галіне радыяцыйнай хіміі і фотахіміі дапамог мне атрымаць месца запрошанага навукоўца ў радыяцыйнай лабараторыі Універсітэта Нотр-Дам у ЗША.
Я папрацавала ў Германіі і ў амерыканскай лабараторыі і магу з упэўненасцю казаць, што нягледзячы на розны ўзровень фінансавай падтрымкі, у нас ва ўніверсітэце добрая падрыхтоўка студэнтаў.
Маё жыццё як хіміка пачалося ў далёкім 1996 годзе з моманту паступлення на хімічны факультэт БДУ. І літаральна з першага курса я пазнаёміўся з выкладчыкамі кафедры радыяцыйнай хіміі, якія вельмі арыгінальна і лёгка дзяліліся сваімі ведамі і досведам з намі, студэнтамі.
Шадыра Алег Іосіфавіч, Гергалаў Валерый Іванавіч, Касабуцкі Вячаслаў Станіслававіч, Полазаў Генрых Іванавіч і многія іншыя ставіліся да нас не проста як да студэнтаў, а як да асоб, што вельмі матывавала на тое, каб не падвесці іх на іспытах.
Я ўжо больш за 6 гадоў з’яўляюся дырэктарам установы аховы здароўя «Нацыянальная антыдопінгавая лабараторыя». Мая сувязь з кафедрай радыяцыйнай хіміі і хіміка-фармацэўтычных тэхналогій не перарываецца. Мы актыўна ўдзельнічаем у навучальным працэсе і прадстаўляем магчымасці лабараторыі ў якасці базы для вытворчай практыкі. З вялікім задавальненнем прымаем да сябе на працу выпускнікоў кафедры. Іх заўсёды вылучаюць цвёрдыя тэарэтычныя веды хіміі і добрыя практычныя навыкі.
Усё гэта стала магчымым дзякуючы таму агеньчыку, які быў запалены больш за 20 гадоў таму Алегам Іосіфавічам Шадырам і яго паплечнікамі па кафедры радыяцыйнай хіміі.
Я вучылася на хімічным факультэце БДУ ў 2001–2006 гг. На чацвёртым курсе я прыйшла на кафедру радыяцыйнай хіміі, бо ведала, што тут неабходна будзе шмат працаваць, але наўзамен я атрымаю добры практычны досвед. Я бязмерна ўдзячная супрацоўнікам кафедры, якія навучылі мяне працаваць на вынік. Тут я атрымала ўсе навыкі, якія пазней з поспехам выкарыстоўвала ў сваёй працы. Мала хто з маіх аднакурснікаў мог пахваліцца ўменнем працы на высокаэфектыўных вадкасных і газавых храматографах. Каласальны практычны досвед стаў вельмі карысным падчас маіх першых прафесійных крокаў у Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі. На працягу двух гадоў працы ў акадэміі не раз даводзілася звяртацца па дапамогу да роднай кафедры – мне заўсёды ішлі насустрач.
З 2008 г. я працую ва ўстанове аховы здароўя «Нацыянальная антыдопінгавая лабараторыя», дзе прайшла шлях ад хіміка да начальніка аддзела біяаналітычных даследаванняў. Сёння наша лабараторыя з’яўляецца ўнікальнай базай выканання самых разнастайных аналітычных прац у галіне допінг-кантролю і фармацэўтычнага аналізу. У аддзеле біяаналітычных даследаванняў мы на завяршальным этапе распрацоўкі лекавага сродку – даследавання біяэквівалентнасці джэнерыка і арыгінальнага прэпарата. Кожны год мы з вялікай радасцю прымаем на практыку студэнтаў кафедры радыяцыйнай хіміі і хіміка-фармацэўтычных тэхналогій. Мы дапамагаем у выкананні іх праектаў на ўсіх этапах, ад падрыхтоўкі посуду да апрацоўкі вынікаў храмата-мас-спектраметрычнага аналізу.
Шырокая навуковая, практычная і інавацыйная дзейнасць, сучасныя тэхналогіі, якія выкарыстоўвае кафедра, дазваляюць рыхтаваць высокакваліфікаваных спецыялістаў, канкурэнтаздольных на рынку працы.
Пётр ЛАГУЦІН,
начальнік аддзела кантролю якасці ЗВУП «Мед-інтэрпласт»
Паступіў у 1997 г. на хімфак, пачаў з 3 курса займацца навуковай працай на кафедры радыяцыйнай хіміі і хімічнай тэхналогіі пад кіраўніцтвам дацэнта В. Л. Сарокіна. Тэматыкай працы з’яўляўся сінтэз і вывучэнне радыкалінгібітарнай актыўнасці вытворных ды-трэт-бутыл-амінафенолу. Тым часам на кафедры пачаў фарміравацца калектыў захопленых навуковай працай студэнтаў, якія пасля працягнулі навуковую дзейнасць у аспірантуры пры кафедры, вывучаючы ўплыў фармакалагічна актыўных злучэнняў на радыяцыйна-індуцыраваныя свабоднарадыкальныя ператварэнні біялагічна важных рэчываў і злучэнняў, якія іх мадэлююць. Скончыўшы ў 2002 г. універсітэт, я пасля прапановы праф. А. І. Шадыры, які стаў маім навуковым кіраўніком, паступіў у аспірантуру.
За 3 гады, дзякуючы добрай матэрыяльна-тэхнічнай базе кафедры, мне ўдалося ў поўным аб’ёме выканаць практычную частку кандыдацкай дысертацыі, прысвечаную радыкалінгібітарнай актыўнасці вітамінаў групы В у дачыненні да вугляродцэнтраваных радыкалаў. Да таго моманту пачаў актыўна развівацца недзяржаўны кластар фармацэўтычнай прамысловасці РБ. Пачынаючы з 2005 г., паспяхова працаваў і працую на такіх фармпрадпрыемствах, як НВЗАТ «Малкут», СТАА «Лекфарм», ЗВУП «Мед-інтэрпласт». Хочацца адзначыць, што веды і практычны досвед, атрыманыя падчас навуковай дзейнасці пры кафедры зараз ужо радыяцыйнай хіміі і хіміка-фармацэўтычных тэхналогій, дазволілі лёгка перайсці ад фундаментальных даследаванняў да практычнай працы ў фармацэўтычнай індустрыі.
Дзякуй вам, Настаўнікі!
Дзякуй, кафедра!