Шосты сезон праекта механіка-матэматычнага факультэта “Публіка і Я” завяршыўся 27 лістапада. Дзевяць удзельнікаў трымалі іспыт, выступаючы перад вялікай аўдыторыяй. 8 хвілін для таго, каб раскрыць сваё прамоўніцкае майстэрства і зацікавіць тэмай. Хто ж стаў каралём мікрафона?
Публіка і Я” – гэта праект, створаны студэнтамі для студэнтаў. На ім можна атрымаць базавыя веды для таго, каб стаць спікерам і папрактыкавацца ў выступленнях. Рэгістрацыя датэрмінова завяршылася – ахвотнікаў набралася за тры дні! У праграме шэсць блокаў і пяць хатніх заданняў, за якія ўдзельнікі атрымлівалі адзнакі. Але вырашальным было апошняе выпрабаванне – фінальнае выступленне перад аўдыторыяй, дзе ўдзельнікі паказалі ўсё, чаму яны навучыліся за два месяцы.
За гэты час удзельнікі прайшлі інтэнсіўнае навучанне. На асновах публічных выступленняў з Дзмітрыем Навумавым студэнты даведаліся, як складаць выступленне. З Паўлам Жуком прапрацавалі страх перад аўдыторыяй і навучыліся яго пераадольваць. Валянцін Болтач распавёў пра тое, як правільна прэзентаваць сябе і як напоўніць ідэяй сваё выступленне. Экспертам па невербаліцы стаў Ілья Сівец, а пра маніпуляцыі і чорную рыторыку распавёў Кірыл Дзяшкевіч.
Праверкай атрыманых ведаў стала фінальнае выступленне. Першае месца – за Даніілам Заломавым, студэнтам факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі. Яго выступленне – той прыклад, калі слабасць ператвараецца ў сілу. У хлопца парушана ўспрыманне чырвонага колеру, і ў сваім выступленні “Жыццё вачыма дальтоніка” ён распавёў, як бачыць свет. Упэўненасць, пазітыў і адвагу хлопца ацанілі не толькі журы, але і публіка. “Маленькая гісторыя пра вялікую трагедыю” – так драматычна пачаў студэнт. Удасканальваць свае навыкі аратара Данііл будзе з кнігай Крыса Андэрсана “TED talks. Словы змяняюць свет”, якую яму падарылі арганізатары. Кожнаму прызавому месцу дастала і па фірмоваму кубку.