Як зрабіць БДУ лепшым? Дзмітрый КУРЛОВІЧ у праекце “Новы погляд” [+відэа]

28 Dec, 2018.

Гэты год стаў вельмі насычаным для нашага ўніверсітэта. Падсумоўваючы яго вынікі, мы пагутарылі з Дзмітрыям КУРЛОВІЧАМ, загадчыкам кафедры глебазнаўства і зямельных інфармацыйных сістэм геаграфічнага факультэта БДУ. Даведаліся пра дасягненні студэнтаў і супрацоўнікаў. Таксама пра тое, што плануецца адкрыць магістарскую праграму па ГІС на англійскай мове і павялічыць публікацыйную актыўнасць выкладчыкаў.

Дзмітрый Курловіч з дыпломам імя А. Н. Сеўчанкі ў галіне прыродазнаўчых навук

– Гэты год стаў для нашай кафедры юбілейным. У верасні мы адзначылі яе 85-годдзе правядзеннем чатырохдзённай міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Глебы і зямельныя рэсурсы: сучасны стан, праблемы рацыянальнага выкарыстання, геаінфармацыйнае картаграфаванне». Да юбілею кафедры чатыры супрацоўнікі былі заахвочаны БДУ, два – Дзяржаўным камітэтам па маёмасці Рэспублікі Беларусь, тры – Інстытутам глебазнаўства і аграхіміі НАН Беларусі.

З іншых дасягненняў хацелася б адзначыць пятую запар перамогу СНДЛ кафедры «ГІС-лабараторыя» ў конкурсе СНДЛ БДУ, правядзенне кафедрай Рэспубліканскага навукова-практычнага семінара студэнтаў і маладых навукоўцаў «ГІС-тэхналогіі ў навуках пра Зямлю–2018» і ў яго рамках конкурсу геаінфармацыйных праектаў студэнтаў і аспірантаў УВА Рэспублікі Беларусь. Студэнты кафедры атрымалі перамогу ў міжнародным конкурсе геаінфармацыйных праектаў прыродаахоўнай тэматыкі. А супрацоўнікі кафедры былі адзначаны прэміяй імя А. Н. Сеўчанкі ў намінацыі «Адукацыя».

У наступным годзе перад нашай кафедрай у навучальнай сферы стаіць задача распачаць працу па адкрыцці магістарскай праграмы па геаінфармацыйных сістэмах на англійскай мове. Мяркуецца распрацаваць навучальны план, падрыхтаваць навучаль­ныя праграмы дысцыплін. Калі казаць пра навуковую сферу, то асноўная задача – гэта павышэнне публікацыйнай актыўнасці супрацоўнікаў кафедры ў часопісах, якія індэксуюцца Scopus і Web of Science.

Алёна ЛЯЎШЭНЯ

Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца: