Як зрабіць БДУ лепшым? У праекце “Новы погляд” Дзмітрый МАРУШКА [+відэа]

29 Dec, 2018.

Мы погутарылі з Дзмітрыям МАРУШКА, загадчыкам кафедры эканамічнай інфарматыкі эканамічнага факультэта БДУ. Спыталі пра дасягненні кафедры і пра развіццё моладзевага прадпрымальніцтва. Даведаліся пра вынікі міжнароднай канферэнцыі і конкурса стартап-праектаў BizTech, пра стварэнне камп’ютарнага класа, а такама пра падрыхтоўку да адкрыцця ў новым навучальным годзе магістарскіх праграм.

– Адзначу тое, што мэтанакіраванасць, стараннасць, працавітасць і вера ў поспех дазваляюць атрымліваць выдатныя вынікі. Да асабістых дасягненняў я б аднёс тое, што мне ўдалося сфарміраваць прыязны калектыў кафедры, з якім мы разам імкнёмся зрабіць спецыяльнасць «эканамічная інфарматыка» адной з найлепшых у краіне.

Да дасягненняў кафедры хачу аднесці тое, што наш калектыў прыдумаў і рэалізаваў праект, накіраваны на актыўнае развіццё моладзевага прадпрымальніцтва. Гаворка ідзе пра міжнародную канферэнцыю і конкурс стартап-праектаў BizTech, якія мы праводзім разам з Паркам высокіх тэхналогій. У 2018 г. на адборачным туры выступілі 46 каманд, а ў канферэнцыі прынялі ўдзел больш за 50 спікераў з 6 краін. Наша мерапрыемства падтрымалі больш як 20 кампаній, звыш 40 ментараў кансультавалі ўдзельнікаў конкурсу.

Іншым важным дасягненнем кафедры з’яўляецца стварэнне камп’ютарнага класа «з нуля». Больш за дзесяць кампаній падтрымалі нашу ініцыятыву і дапамаглі нам закупіць неабходную аргтэхніку. Можам з упэўненасцю сказаць, што наш камп’ютарны клас – адзін з найлепшых у БДУ па ўзроўні прадукцыйнасці.

Трэцім дасягненнем з’яўляецца «запуск» гібрыднай навучальнай праграмы сумесна з кампаніяй WorkFusion. Студэнты і магістранты маюць магчымасць вывучаць праграмныя прадукты кампаніі ў створаным намі камп’ютарным класе, выконваць праекты з выкарыстаннем тэхналогій машыннага навучання і распрацоўваць сэрвісы, заснаваныя на прымяненні сістэм штучнага інтэлекту.

У новым навучальным годзе плануем падрыхтаваць да адкрыцця дзве магістарскія праграмы: адну з Белгарадскім дзяржаўным нацыянальным даследчым універсітэтам (Расія) – «Кіраванне праектамі па распрацоўцы праграмнага забеспячэння» і другую з Універсітэтам прыкладных навук горада Вісмар (Германія) – «Лічбавае прадпрымальніцтва». Разам з Універсітэтам Лінеус (Швецыя) рыхтуем прапановы па навуковай тэматыцы для ўдзелу ў праектах, якія падтрымліваюцца праграмай «Seed funding for cooperation projects in the Baltic Sea Region». Акрамя таго, у планах ажыццявіць сумесную падрыхтоўку некалькіх навучальных курсаў сумесна з Маскоўскім фізіка-тэхнічным інстытутам з мэтай іх далейшага размяшчэння на міжнароднай MOOC-платформе Coursera.

Алёна ЛЯЎШЭНЯ
Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца: