Каманда БДУ адпраўляецца на сусветны чэмпіянат па праграмаванні. Тры чацвёртакурснікі факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі бліскуча справіліся з адборам і за дыплом першай ступені і бронзавы медаль паўфіналу змагання, які прайшоў 1 і 2 снежня ў Санкт-Пецярбургу, атрымалі “квіток” у фінал.
Чэмпіянат свету па праграмаванні сярод студэнтаў з’яўляецца найбуйнейшым міжнародным спаборніцтвам моладзевай эліты сусветнага праграмавання. Ён праводзіцца з 1977 года міжнароднай арганізацыяй ACM у тры этапы: чвэрцьфінал, паўфінал і фінал. Беларускія каманды пачалі свой удзел у чэмпіянаце з 1995 года. За ўсю гісторыю ўдзелу ў чэмпіянаце ў скарбонцы БДУ адзін залаты медаль (2004 г., Чэхія), бронзавы (2008 г., Канада) і два сярэбраныя (2012 г., Польшча, 2013 г., Расія). Пры гэтым БДУ з’яўляецца пастаянным удзельнікам фінальных выступленняў.
Спартыўнае праграмаванне – інтэлектуальнае спаборніцтва па рашэнні задач па праграмаванні, для рашэння якіх неабходна прыдумаць і прымяніць які-небудзь алгарытм ці праграму на адной з моў праграмавання. Удзельнікам даецца 5 гадзін і некалькі задач. Каманда складаецца з трох чалавек, на ўвесь час кантэсту (спаборніцтва) ім падаецца адзін камп’ютар. Не варта блытаць з кіберспортам, дзе спаборнічаюць у гульнях, а не рашэнні задач. Дарэчы, прыхільнікаў спартыўнага праграмавання не так ужо шмат – каля дзесяці тысяч па ўсім свеце.Спартсмены-праграмісты
У Івана Лук’янава, Дзяніса Кіма і Аляксея Рака падобны шлях: яны скончылі Ліцэй БДУ, а затым паступілі на факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі. “У Ліцэі БДУ вельмі добрая падрыхтоўка! Аднак упэўненасць у сваіх ведах пасля ліцэя можа даць ілюзію перавагі, а з ёй прыходзіць лянота і згубнае расслабленне”, – папярэджвае Іван. Сёлета хлопцы завяршаюць навучанне па спецыяльнасці “інфарматыка”. І калі Дзяніс і Іван займаюцца на кафедры дыскрэтнай матэматыкі і алгарытмаў і больш засяроджаны на вучобе, то Аляксей абраў кафедру біямедыцынскай інфарматыкі і працуе ў “Яндэксе” ў аддзеле распазнавання маўлення (speech kit).
Добры праграміст – той, хто мае досвед напісання вялікіх праектаў, – аднагалосна заяўляюць хлопцы.
Як і спартсмены, хлопцы падтрымліваюць “форму” інтэнсіўнымі трэніроўкамі. Яны праходзяць тры разы ў тыдзень: аўторак і чацвер зранку, а ў нядзелю а 11-ай. Спаборніцтвы (кантэсты) праводзяць на платформе Codeforces, адно доўжыцца 5 гадзін. Цяжкія трэніроўкі студэнтам не цяжар: кантэсты для іх і трэніроўка, і вольны час, яны атрымліваюць задавальненне ад паспяховага рашэння задач. “На звычайны спорт часу бракуе”, – дзеляцца хлопцы. “На жаль, на апошнім курсе фізкультуры ўжо няма, а вольны час мы прысвячаем вучобе, працы ці кантэстам”.
Праграмаванне не адзінае захапленне студэнтаў. Аляксей любіць іграць на гітары, Іван чытае спецыяльную літаратуру па праграмаванні, падарожнічае па Еўропе з бацькамі, а Дзяніс катаецца на веласіпедзе.
У кожнага ў камандзе свая роля. Іван – добры арганізатар і “бюракрат”, жартуе каманда. Хутка пераводзіць гатовыя рашэнні ў праграму. Дзяніс добра прыдумляе ўніверсальныя метады рашэння, а Аляксей – спецыяліст у рашэнні задач пры дапамозе дрэва адрэзкаў. Каманда доўга трансфармавалася: Іван з Дзянісам у звязцы тры гады, а Аляксей прыйшоў нядаўна. Удзельнікі кантэстаў шукаюць максімальную эфектыўнасць і зладжанасць, і як толькі такая каманда склалася – да поспеху зроблены вялікі крок.Якія якасці патрэбныя спартсмену па праграмаванні?
— Спакойны ўраўнаважаны характар – камп’ютар адзін на траіх, і пабудаваць працу трэба максімальна эфектыўна. Сабранасць і канцэнтрацыя ў спакойным стане дапамогуць правільна размеркаваць час і задачы.
— Цярплівасць важная не толькі падчас кантэсту, але і пасля, бо вынікі прыходзяць не адразу. Калі хтосьці з каманды не здолеў вырашыць задачу, то сукаманднікам не варта займацца “шапказакідальніцтвам”, а лепш прааналізаваць памылку, каб не паўтарыць яе ў будучыні.
— Мэтанакіраванасць дазваляе камандзе трымаць тонус і канцэнтрацыю.Што чакае каманду БДУ на чэмпіянаце?
Сусветны чэмпіянат па праграмаванні сёлета пройдзе 4 красавіка ў партугальскім горадзе Порту. Перад спаборніцтвамі ў канцы студзеня арганізуюцца зборы ў Петразаводску – традыцыя з 90-х гадоў. Тут удзельнікі рашаюць кантэсты, рыхтуюцца да фіналу.
Першыя месцы ў апошнія 18 гадоў часцей усіх займаюць расійскія каманды. “У Расіі вельмі шмат моцных ВНУ: ІТМО, СПбДУ, МФТІ, МДУ. Некаторыя рыхтуюць будучых чэмпіёнаў ужо са школы. У Беларусі ладзяць школьныя алімпіяды па інфарматыцы, дзе трэнеры каманды і выкладчыкі “вылоўліваюць” таленты і збіраюць склады. На ФПМІ ёсць выкладчыкі-трэнеры і куратары кантэстаў, яны запрашаюць студэнтаў у гурток спартыўных праграмістаў на факультэце”, – тлумачаць хлопцы.Каманда перыядычна сустракаецца з дасведчанымі спартсменамі, апошнія дзеляцца лайфхакамі і яшчэ больш паглыбляюць у свет спартыўнага праграмавання. Тым, хто хоча паспрабаваць сябе ў спартыўным праграмаванні, Іван, Дзяніс і Аляксей раяць вырашаць як мага больш задач на Codeforces, камунікаваць з дасведчанымі праграмістамі, чытаць спецыялізаваныя артыкулы і вучыцца. Каб сабраць каманду, трэба пайсці ў гурток ці напісаць пост у сацыяльных сетках. Немалаважна навучыцца планаваць час і расстаўляць прыярытэты – без гэтага ніяк ні ў кантэстах, ні ў жыцці.
Надзея МАРХЕЛЬ