Усё больш замежных абітурыентаў паступаюць у БДУ, каб атрымаць адукацыю. Распавядаем, колькі чалавек з-за мяжы папоўнілі шэрагі студэнтаў нашага ўніверсітэта сёлета.
Вынікі прыёму замежных грамадзян на 1 снежня сведчаць пра станоўчую тэндэнцыю: колькасць абітурыентаў з іншых краін расце. Сёлета ў БДУ паступілі 1350 чалавек з улікам праграм дадатковай адукацыі (у 2017 – 1076). З іх на I ступень вышэйшай адукацыі прыняты 472 замежныя грамадзяніны (у 2017 – 381), на II ступень – 195 (у 2017 – 190). Досыць інтэнсіўна прайшоў прыём на падрыхтоўчае аддзяленне ФДА: 407 студэнтаў, што на 120 чалавек больш, чым летась. Дарэчы, замежныя студэнты ФДА – патэнцыйныя студэнты асноўных праграм БДУ. Напрыклад, з 237 выпускнікоў гэтага года 80 % засталіся ў нашым універсітэце: 146 чалавек паступілі на I ступень, яшчэ 43 – у магістратуру.
У разрэзе краін
Студэнтамі нашага ўніверсітэта сёлета сталі прадстаўнікі 41 краіны. Сярод тых, хто залічаны на асноўныя адукацыйныя праграмы, больш за ўсё грамадзян Кітайскай Народнай Рэспублікі – 365 чалавек (53 % ад агульнай колькасці ўсіх замежнікаў). За ёй па колькасці ідуць Туркменістан (132 чалавекі) і Расійская Федэрацыя (41 чалавек). Узрасла колькасць прадстаўнікоў Узбекістана: калі раней з гэтай краіны прыязджалі адзінкі, то сёлета студэнтамі сталі ўжо 20 чалавек. Гэта вынік працы ўпраўлення міжнародных сувязяў, спецыялісты якога актыўна ўдзельнічаюць у адукацыйных выставах, праводзяць рэкламныя мерапрыемствы ў гэтай краіне.
У прыярытэце – гуманітарныя спецыяльнасці
Найбольшай папулярнасцю ў замежнікаў карыстаецца эканамічны факультэт, сёлета яго студэнтамі на асноўных праграмах (I, II ступені і аспірантура) сталі 163 чалавекі. Традыцыйна ў тройку лідараў па прыёме замежных абітурыентаў увайшлі філалагічны факультэт – 127 чалавек на асноўныя праграмы і ФМА – 105 чалавек. Далей ідзе факультэт журналістыкі, МДЭІ імя А. Д. Сахарава, юрыдычны факультэт, Інстытут бізнесу.
– На жаль, пакуль не атрымліваецца пераламаць тэндэнцыю, звязаную з прыёмам на прыродазнаўчыя спецыяльнасці, – адзначае Вячаслаў Малафееў. – У параўнанні з мінулым годам прырост ёсць, але ён нязначны. Напрыклад, на біялагічны факультэт залічана 15 чалавек, на ФРКТ – 9, на хімічны – толькі 5. Патэнцыял прыродазнаўчых факультэтаў пакуль у нас не рэалізаваны ў поўным аб’ёме, таму цяпер мы плануем цэлы шэраг мерапрыемст-ваў па папулярызацыі спецыяльнасцяў гэтых факультэтаў сярод нашых замежных слухачоў.
Пры выбары спецыяльнасці замежныя абітурыенты кіруюцца яе перспектыўнасцю ў іх краіне, каб вярнуцца на радзіму запатрабаванымі спецыялістамі:
– Раней да нас вельмі шмат паступала абітурыентаў з Туркменістана на спецыяльнасць «Геалогія і разведка радовішчаў карыс-ных выкапняў», паколькі гэта краі-на багатая на прыродныя рэсурсы. А калі ў Туркменістане паднялі заработную плату педагогам, рэзка вырасла цікавасць да спецыяльнасцяў філалагічнага факультэта, – распавядае Жанна Савельева. – Папулярнасць нашых спецыяльнасцяў у замежных абітурыентаў часам складана спрагназаваць, паколькі попыт залежыць ад шматлікіх унутраных і знешніх фактараў кожнай краіны.
Для развіцця міжуніверсітэцкага супрацоўніцтва вялікі патэнцыял утрымліваецца ў распрацоўцы і рэалізацыі сумесных
адукацыйных праграм. Сёлета замежных студэнтаў I ступені атрымання вышэйшай адукацыі па сумесных адукацыйных праграмах залічаны 141 чалавек (у 2017 г. – 161). У прыватнасці:
– 27 студэнтаў Таджыкскага нацыянальнага ўніверсітэта (ТНУ), якія навучаюцца па адукацыйных праграмах Інстытута тэхналогій БДУ–ТНУ, залічаны на 2 і 3 курс дзённай формы навучання на спецыяльнасці «прыкладная інфарматыка», «матэматыка і інфармацыйныя тэхналогіі», «камп’ютарная бяспека», «медыка-біялагічная справа» (у 2017 – 43);
– 18 студэнтаў Чэндускага інстытута Сычуанскага ўніверсітэта замежных моў (КНР) залічаны на 3 курс дзённай формы навучання на спецыяльнасць «руская філалогія» (у 2017 – 22);
– 12 студэнтаў Хэнанскага ўніверсітэта (КНР) і Чанчунскага інстытута міжнароднай камерцыі (КНР) залічаны на 3 курс дзённай формы навучання на спецыяльнасць «журналістыка» (у 2017 – 15);
– 4 студэнты Чанчунскага інстытута міжнароднай камерцыі (КНР) залічаны на 2 курс на спецыяльнасць «менеджмент (у сферы міжнароднага турызму)» (у 2017 – не залічаліся);
– 80 кітайскіх студэнтаў залічаны на 1 курс дзённай формы навучання ў Сумесны інстытут БДУ–ДПУ, створаны з Далянскім політэхнічным універсітэтам у 2017 годзе, на спецыяльнасці «прыкладная фізіка» і «механіка і матэматычнае мадэляванне» (у 2017 – 79).
У планах – пашырыць пералік праграм на англійскай мове
Улічваючы, што ў замежных абітурыентаў устойлівым попытам карыстаюцца адукацыйныя праграмы на англійскай мове, перад факультэтамі пастаўлена задача сфарміраваць пералік такіх праграм, якія БДУ зможа прапанаваць замежнаму спажыўцу. Але гэта праца мяркуе правядзенне комплексу мерапрыемстваў, а менавіта: распрацоўка адпаведнай нарматыўнай дакументацыі, падрыхтоўка навучальна-метадычных матэрыялаў на англійскай мове, павышэнне кваліфікацыі выкладчыцкага складу.
Сур’ёзныя змены павінны адбыцца і ў сістэме інфармавання замежнага абітурыента.
– Для іх зручнасці ў БДУ распрацоўваецца інфармацый-ная платформа, адкрыццё якой плануецца ў першым паўгоддзі 2019 года. Яна дазволіць падаваць дакументы анлайн, задаваць пытанні і хутка атрымліваць на іх адказы, і нават заплаціць за першы семестр вучобы з-за мяжы. Плануецца, што гэта паспрыяе павелічэнню колькасці замежных абітурыентаў, бо зараз, каб паспрабаваць свае сілы і прайсці сумоўе, ім не трэба будзе прыязджаць да нас у краіну, яны змогуць зрабіць гэта анлайн, – падкрэслівае Жанна Савельева.
Валерыя БАНДАРЧЫК