Хачу вучыцца ў БДУ! Геаграфічны факультэт – гэта пазнанне свету ад космасу да нетраў

29 Jan, 2019.

 

Геафак – гэта экспедыцыі, вандраванні і адкрыцці, даследаванне нетраў Зямлі  і касмічных тэхналогій

Дэкан – доктар сельскагаспадарчых навук прафесар Мікалай Васільевіч КЛЕБАНОВІЧ
Адрас: г. Мінск, вул. Ленінградская, 16
Тэл. 209-­52-­57
Е­-mail: geo@bsu.by
www.geo.bsu.by

Дзейнічаюць 7 кафедраў; 2 навукова-даследчыя лабараторыі; навучальная геагра­фічная станцыя «Заходняя Бярэзіна»; музей землязнаўства; аранжарэя; 9 філіялаў. СПЕЦЫЯЛЬНАСЦІ
«Геалогія і разведка радовішчаў ка­рысных выкапняў». Кваліфікацыя: «Інжынер-геолаг».
Месцы працаўладкавання: геолагаразведачныя партыі і экспедыцыі ўпраўлення па геалогіі Мінпрыроды РБ; НПЦ па геалогіі; ДП «Белдзяржгеацэнтр»; экспедыцыі РУП «Белгеалогія»; ААТ «Белгархімпрам»; прыватныя прадпрыемствы геалагічнага профілю.
«Геаграфія», напрамак «Навукова-педагагічная дзейнасць». Кваліфікацыя «Гео­граф. Выкладчык геаграфіі».
Месцы працаўладкавання: структурныя падраздзяленні абласных і раённых выканаўчых камітэтаў; установы сярэдняй і вышэйшай адукацыі РБ; профільныя навукова-даследчыя інстытуты НАН Беларусі: Інстытут эканомікі, Інстытут глебазнаўства і аграхіміі, Інстытут меліярацыі, Інстытут прыродакарыстання і інш.
«Геаграфія», напрамак «Геадэмаграфія». Кваліфікацыя «Географ. Геадэмограф».
Месцы працаўладкавання: Нацыянальны статыстычны камітэт; галоўныя абласныя ўпраўленні статыстыкі; падраздзяленні Міністэрства эканомікі і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны; Інстытут эканомікі, Інстытут сацыялогіі, НДІ працы.

Студэнты першагага курса на разрэзе Заслаўе

«Геаінфармацыйныя сістэмы».
Кваліфікацыя «Спецыяліст па кадастры і геаінфармацыйных сістэмах».
Месцы працаўладкавання: прадпрыемствы і арганізацыі Дзяржкамітэта па маёмасці: РУП «Белдзіпразем», Агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры і інш.; навукова-даследчыя інстытуты: Інстытут глебазнаўства і аграхіміі, Інстытут меліярацыі; БелНДІПгорадабудаўніцтва.
«Космааэракартаграфія».
Кваліфікацыя «Географ. Спецыяліст па картографа-геадэзічнай дзейнасці».
Месцы працаўладкавання: прадпрыемствы і арганізацыі Дзяржкамітэта па маёмасці: РУП «Белгеадэзія», «Белкартаграфія», «Белдзіпразем» і інш.
«Гідраметэаралогія».
Кваліфікацыя «Географ. Гідраметэаролаг».
Месцы працаўладкавання: упраўленне па гідраметэаралогіі Мінпрыроды РБ і яго тэрытарыяльныя падраздзяленні: ДУ «Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя», абласныя цэнтры па гідраметэаралогіі, метэаралагічныя станцыі.
«Геаэкалогія». Кваліфікацыя «Географ-эколаг. Выкладчык геаграфіі і экалогіі».
Месцы працаўладкавання: падраздзяленні Мінпрыроды РБ (інспекцыі па ахове прыроды, «Бел НДЦ «Экалогія» і інш.); установы сярэдняй і вышэйшай адукацыі Мін­адукацыі РБ; навукова-даследчыя інстытуты: Інстытут эканомікі, Інстытут прыродакарыстання і інш.

На занятках па космааэракартаграфіі

СУВЯЗЬ З ВЫТВОРЧАСЦЮ
Факультэтам заключана больш за 30 дамоў з прадпрыемствамі. Сумесная падрыхтоўка спецыялістаў ажыццяўляецца на базе філі­ялаў кафедраў, створаных у ДУ «Рэспубліканскі гідраметэаралагічны цэнтр»; РУП «Белгеадэзія» і «Белкартаграфія»; у інсты­тутах «Белдзіпразем»; глебазнаўства і аграхіміі; Інстытуце прыродакарыстання; Навукова-вытворчым цэнтры па геалогіі; Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаў­ства»; РНУП «Бел НДЦ «Экалогія»; ААТ «Белгархімпрам»; АТ «БелНДІПгорада­будаўніцтва». Спецыялісты прадпрыемстваў кіруюць вытворчымі і пераддыпломнымі практыкамі, прыцягваюцца да правядзення заняткаў.

МІЖНАРОДНАЕ СУПРАЦОЎНІЦТВА
Выкладчыкі і студэнты праходзяць стажы­роўкі ў Венгрыі, Партугаліі, Ізраілі, Канадзе, Германіі, Славакіі, Швецыі. У 2017 г. яны прынялі ўдзел у 12 міжнародных праграмах супрацоўніцтва (праекты акадэмічнага абмену, праграмы, фундаваныя фондам ААН).

Геастанцыя Заходняя Бярэзіна

СТУДЭНЦКАЯ НАВУКА
На факультэце працуюць 3 СНДЛ і 6 навуковых студэнцкіх гурткоў. Студэнцкая ГІС-­лабараторыя на працягу 5 гадоў займала ­I месца сярод навуковых студэнцкіх аб’яд­нанняў БДУ. Студэнты рэгулярна перамагаюць у рэспубліканскім конкурсе навуковых прац і прэміруюцца спецыяльным фондам Прэзідэнта РБ. За 2017 год студэнтамі апублікавана больш за 200 навуковых прац.

СТУДЭНЦКІЯ ІНІЦЫЯТЫВЫ
Штогод арганізуецца цыкл мерапрыемстваў да Дня географа, па ініцыятыве студэнтаў-географаў праводзіцца ў БДУ «Сутычка» і турыстычны злёт, а таксама «Дзень ГІС», «Ноч на геа», «Што? Дзе? Калi?», «ГастраГеа». Творчыя аб’яднанні геафака: творчы саюз геафака, добраахвотніцкая група «Абдымкі геафака», студэнцкая газета «Экватар».ПРАФАРЫЕНТАЦЫЯ
Заключаны дамовы аб супрацоўніцтве з 60 сярэднімі школамі. Штогод сумесна з камітэтам па адукацыі Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта праводзіцца «Тыдзень геаграфіі».

ВОДГУКІ ВЫПУСНІКОЎ

Усевалад ГЕНІН, засна­вальнік кампаніі OneSoil. Выпускнік 2015 г.
– У 2010 годзе я паступіў на геаграфічны факультэт БДУ на спецыяльнасць «Геаінфармацыйныя сістэмы». З другога курса пачаў займацца прымя­неннем ГІС у сельскай гаспадарцы, зай­маўся навуковай працай, стаў лаўрэатам рэспубліканскага агляду-конкурсу навуковых прац. Двойчы пабываў на стажыроўках: у Славакіі, В’етнаме, што, вядома ж, спрыяла павышэнню ўзроўню маіх ведаў і ўменняў. 2016 год – даволі паспяховае заканчэнне магістратуры на нашым геаграфічным факультэце. Яшчэ студэнтам 4 курса дзякуючы ведам і досведу змог уладкавацца ў камерцыйную кампанію, якая пастаўляла абсталяванне для даклад­нага земляробства. І ўжо да 2015 года мы з партнёрам пачалі развіваць уласны праект, які да 2016 года здабыў форму і атрымаў назву OneSoil. Калі казаць у двух словах, то кампанія OneSoil займаецца распрацоўкай платформы і прылад для дакладнага земляробства з выкарыстаннем тэхналогій штучнага інтэлекту.
Геаграфічны факультэт даў мне ў першую чаргу магчымасць пазнаёміцца з надзвычай разумнымі людзьмі, якія дапамагалі ў маіх навуковых пошуках, што, у сваю чаргу, вельмі спатрэбілася ў працы нашай кампаніі. Веды ў большасці выпадкаў даводзілася здабываць самастойна, але выкладчыкі на факультэце паказалі мне кірункі, куды трэба капаць у прамым і пераносным сэнсе.

Павел ШАБЛЫКА, малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі. Выпускнік 2013 г.
– Двойчы ўдзельнік Беларускай антарктычнай экспедыцыі ў якасці інжынера-геафізіка, геолага.
Геафак – гэта таленавітая, вельмі перспектыўная моладзь краіны, прыгожы корпус (помнік архітэктуры) у самым цэнтры горада, унікальны выкладчыцкі склад.
Апроч бясспрэчна каласальных магчымасцяў развіцця прафесійных навыкаў, геаграфічны факультэт дае мноства магчымасцяў рэалі­зацыі дадатковых аспектаў асобы і індывіда: ад разнастайных спартыўных секцый і студый да навуковых даследаванняў пад кіраўніцтвам найлепшых выкладчыкаў краіны ў дадзенай галіне.
Мне геаграфічны факультэт даў не толькі ўнікальную магчымасць неаднаразова пабываць у Антарктыдзе, займацца навуковай дзейнасцю, падарожнічаць па свеце, але і пазнаёміў з рознабаковымі таленавітымі людзьмі. Геаграфічны факультэт не проста чарговая навучальная ўстанова, а цэлы свет, які дае дарогу ў жыццё.

print

Вам таксама можа спадабацца: