Як зрабіць БДУ лепшым? Аляксей СЫСА ў праекце “Новы погляд” [+відэа]

3 Jan, 2019.

Пра прыцягнення моладзі да навуковых даследаванняў, навучанне студэнтаў за мяжой, атрыманне гранта пагаварылі з Аляксеем СЫСАМ, дэканам факультэта экалагічнай медыцыны Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А. Д. Сахарава БДУ. Спыталі пра дасягненні, а таксама пра навуковыя поспехі факультэта. Што плануецца рэалізаваць у навучальнай і навуковай сферы?

– Сёлета факультэт працягнуў сваё пасту­пальнае развіццё. Год быў багаты на знакавыя падзеі. Адной з такіх падзей, безумоўна, з’яўляецца падпісанне дамовы аб сумесным навучанні студэнтаў паміж Паморскай акадэміяй у Слупску (Польшча) і нашым інстытутам. У рамках дадзенай дамовы ўжо ў бягучым навучальным годзе стала магчымым семестравае навучанне як нашых, так і польскіх студэнтаў у ВНУ-партнёрах. З нашага боку такую магчымасць атрымалі студэнты, якія навучаюцца на спецыяльнасці «медыка-біялагічная справа», іх польскія калегі навучаюцца на спецыяльнасці «медыцынская біялогія». У канцы тэрміну навучання ў выпадку паспяховага засваення матэрыялу прадугледжана выдача двух дыпломаў: нашага і польскага, што, безумоўна, павысіць канкурэнтаздольнасць выпускнікоў.

З асабістых дасягненняў магу адзначыць атрыманне гранта па лініі БРФФД і Мініс­тэрства адукацыі на даследаванне антыпраліфератыўных, імунамадуляцыйных уласцівасцяў мадыфікаваных у гетэрацыклічнай аснове і вугляводным фрагменце нуклеазідаў і нуклеатыдаў. Праект моладзевы, г. зн. усім выканаўцам, уключаючы кіраўніка праекта, не больш за 35 гадоў. У прыватнасці, у мяне ўсе даследаванні выконваюцца сіламі магістрантаў і студэнтаў факультэта экалагічнай медыцыны. І гэта, вядома, важна з пункта гледжання прыцягнення перспектыўнай моладзі да навуковых даследаванняў.У новым годзе працягнецца праца па збліжэнні навучальных планаў у духу Балонскага працэсу. Гэта важна не толькі для гарманізацыі нашай адукацыйнай прасторы, але і для экспарту адукацыйных паслуг. Ад таго, наколькі прывабнымі і адпаведнымі духу часу будуць навучальныя праграмы, шмат у чым залежыць набор не толькі нашых, але і замежных абітурыентаў.Што да навуковых планаў, спадзяёмся на старт міжнароднага праекта з яшчэ адным нашым партнёрам – Гданьскім універсітэтам. Рэалізацыя праекта мяркуе правя­дзенне поўнага цыкла даследаванняў, пачынаючы ад скрынінгу хімічных злучэнняў шляхам камп’ютарнага мадэлявання ўзаемадзеяння рэчываў, здольных інгібіраваць працэсы кадзіравання і рэалізацыі генетычнай інфармацыі пухлінных клетак, а таксама кіраваць рэдокс-станам іх асяроддзя, распрацоўкай падыходаў і хімічным сінтэзам перспектыўных злучэнняў, заканчваючы правядзеннем выпрабаванняў цытастатычнай актыўнасці сінтэзаваных злучэнняў у эксперыментах на мадэльных клеткавых лініях і клеткавых культурах. Хачу падкрэсліць міждысцыплінарны характар: з нашага боку ў яго будуць уключаны навуковыя супрацоўнікі практычна ўсіх спецыялізаваных кафедраў факультэта экалагічнай медыцыны. Знойдзецца праца і для хімікаў, і для імунолагаў, і для генетыкаў.

Алёна ЛЯЎШЭНЯ
Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца: