Пагутарылі пра навуку, прафесійныя сакрэты і дасягненні з Барысам АДАМОВІЧАМ, загадчыкам навукова-даследчай лабараторыі гідраэкалогіі біялагічнага факультэта БДУ. Даведаліся пра планы на 2019 год: абарона аспірантаў і прадстаўленне вынікаў прац у рэйтынгавых часопісах.

У гідраэкалогіі для выканання сур’ёзных даследаванняў не абысціся без дарагога абсталявання. Нам яго, на жаль, пакуль не хапае. Пры гэтым аб’ектыўным крытэрыем выніковасці нашых даследаванняў з’яўляюцца публікацыі за апошнія гады ў вядучых рэйтынгавых экалагічных часопісах.
Адной з асноўных задач у надыходзячым годзе ў навуковай сферы перш за ўсё мне бачыцца прадстаўленне вынікаў нашых прац у рэйтынгавых часопісах.
Гэта павышае прэстыж гідраэкалогіі у БДУ і Беларусі ў цэлым, бо адным з найважнейшых складнікаў ацэнкі ВНУ ў сусветных рэйтынгах з’яўляецца навуковая праца, якая ў ёй праводзіцца, а яе можна аб’ектыўна ацаніць толькі па публікацыях у навуковых часопісах, якія ўваходзяць у WoS.

Сумесныя даследаванні супрацоўнікаў і студэнтаў БДУ з Цэнтрам даследаванняў прыроды (Вільнюс, Літва)
У навучальнай сферы хочацца спадзявацца на як мага хутчэйшую абарону нашых аспірантаў, а таксама на больш актыўны ўдзел студэнтаў у навуковых працах. Толькі так яны могуць атрымаць сучасныя веды. Дарэчы, магістранты, якія ўжо некалькі гадоў працуюць у нас у лабараторыі, атрымалі вельмі высокія ацэнкі ад калегаў з польскага ўніверсітэта Казіміра Вялікага, дзе яны зараз знаходзяцца на стажыроўцы па праграме Erasmus+.
У новым годзе разлічваю на перспектывы абнаўлення прыборнай базы. Якімі б таленавітымі ні былі нашы супрацоўнікі, а без сучаснага абсталявання цяпер займацца навукай няпроста.
Алена ЛЯЎШЭНЯ
Відэа: