Як зрабіць БДУ лепшым? Марына КАЗЛОЎСКАЯ ў праекце “Новы погляд” [+відэа]

22 Jan, 2019.

Пагутарылі з Марынай КАЗЛОЎСКАЙ, загадчыцай кафедры беларускай мовы і літаратуры Ліцэя БДУ. Спыталі пра педагогіку і беларускую літаратуру, прафесійныя сакрэты і дасягненні. Даведаліся пра тое, што рух наперад немагчымы без перадачы назапашанага педагагічнага і жыццёвага досведу ад старэйшага пакалення настаўнікаў малодшаму. Якія планы на наступны год?

– Я працую настаўніцай беларускай мовы і літаратуры чатырнаццаць гадоў – тэрмін дастатковы, каб зразумець, што педагогіка – камандная справа: без зладжанай, паслядоўнай, сістэмнай працы аднадумцаў дасягнуць значных поспехаў немагчыма. Чатыры гады таму, калі мяне абралі загадчыцай кафедры беларускай мовы і літаратуры Ліцэя БДУ, я вырашыла, што мая асноўная задача заключаецца ў захаванні і ўдасканаленні маёй каманды. Рух наперад немагчымы без традыцыі, без перадачы назапашанага педагагічнага і жыццёвага досведу ад старэйшага пакалення настаўнікаў малодшаму. З іншага боку, без прыцягнення маладых, больш мабільных, здатных быць з вучнямі на адной хвалі настаўнікаў у ліцэя знікаюць перспектывы. Мне здаецца, у мяне атрымалася дасягнуць гармоніі ў гэтым пытанні: за апошнія гады на кафедры з’явілася трое маладых выкладчыкаў, якія вучацца вучыць пад кіраўніцтвам старэйшага пакалення. Прыемна адзначыць, што шасцёра з сямі супрацоўнікаў кафедры – выпускнікі Ліцэя БДУ.

Мой галоўны прафесійны сакрэт – любоў да маёй працы і да тых, з кім і для каго я працую. Трэба пастаянна ўдаска­нальвацца, не баяцца і не стамляцца выходзіць з зоны камфорту. Для мяне своеасаблівым спосабам з’яўляецца ўдзел у актуальным літаратурным працэсе як літаратуразнаўцы, рэдактара мастацкіх твораў і перакладчыцы. Прыкладам такой прафесійнай перазагрузкі для мяне стала супрацоўніцтва з Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Янкі Купалы, для яго я сёлета пераклала п’есу Паўла Пражко «Ураджай», прэм’ера якой адбудзецца ў студзені 2019 года.

У наступным годзе мне вельмі хацелася б знайсці час і дапісаць манаграфію, прысвечаную знакавым аўтарам і творам беларускай літаратуры, якая мусіць стаць своеасаблівым падагульненнем таго, што я і мае вучні абмяркоўваем на занятках апошнія дзесяць гадоў.

Алена ЛЯЎШЭНЯ
Фота Паўла Пятрышчава
Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца: