Як зрабіць БДУ лепшым? Вераніка САЙГАНАВА ў праекце “Новы погляд” [+відэа]

2 Jan, 2019.

Класічны вобраз універсітэта мае тры абліччы: храм навукі, адукацыі і культуры. Як удасканаліць нашу ўстанову адукацыі? Пра гэта пагаварылі з Веранікай САЙГАНАВАЙ, загадчыцай кафедры філасофіі культуры факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ. Даведаліся пра прафесійныя сакрэты, распрацоўку і ўкараненне ў адукацыйны працэс новых навучальных праграм, а таксама пра формы ўніверсітэцкай філасофскай адукацыі.

– Вядомы гісторык філасофіі М. А. Лоскі, разважаючы пра сакрэт жаночай абаяль­насці, адзначаў, што жанчына з’яўляецца носьбіткай анталагічнага і гнасеалагічнага аптымізму. Можна ўжыць дадзенае выказванне да вобраза філасофіі і дадаць, што філасофія – «дама» асаблівая, часам капрызная, яна выступае носьбіткай і захавальніцай не толькі анталагічнага, гнасеалагічнага, але і аксіялагічнага аптымізму. Менавіта ў гэтым яе сакрэт і сіла, а кафедра філасофіі культуры якраз і заклікана акцэнтаваць каштоўнасныя падставы быцця і веды пра яго.

Асабістыя прафесійныя дасягненні сталі магчымымі дзякуючы спалучэнню акадэмізму і крытычнасці, традыцый і творчасці, жыццёвага досведу і маладосці, што стварыла асаблівую атмасферу на нашым факультэце.

Класічны вобраз універсітэта – а ў нашай краіне гістарычна яго выяўляў і, па маім перакананні, увасабляе сёння Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт – мае тры абліччы: храм навукі, адукацыі і культуры. Таму тыя ідэі, якія хацелася б рэалізаваць у новым годзе калектыву кафедры філасофіі культуры і мне, як яе кіраўніку, звязаны з філасофскай рэфлексіяй над каштоўнасцямі сучаснай культуры і пошукам адпаведных формаў універсітэцкай філасофскай адукацыі. Распрацоўка і ўкараненне ў адукацыйны працэс новых навучальных праграм абавязковых і варыятыўных дысцыплін на выбар студэнта, удасканаленне падрыхтоўкі магістрантаў, аспірантаў і дактарантаў, узмацненне творчага складніку працэсу навучання стануць вызначальнымі кірункамі працы кафедры ў 2019 годзе. Хацелася б таксама актуалізаваць удзел выкладчыкаў і студэнтаў у міжнародных навукова-адукацыйных праграмах і рэалізаваць на пляцоўцы БДУ студэнцкі філасофскі культурна-адукацыйны праект.

У новым годзе жадаю ўсім супрацоўнікам універсітэта ўвесь час адчуваць пазітыўную значнасць свайго прызначэння.

Алёна ЛЯЎШЭНЯ
Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца: