Летась у аспірантуры БДУ адбыўся ўнікальны выпадак: пад кіраўніцтвам кандыдата фізіка-матэматычных навук Алены МЕЛЬНІКАВАЙ у тэрмін абараніліся адразу две аспіранткі кафедры лазернай фізікі і спектраскапіі фізфака Вольга КАБАНАВА і Ірына РУШНОВА. Яны займаліся тэмай распрацоўкі і стварэння вадкакрышталічных элементаў інтэгральнай фатонікі і сталі кандыдатамі навук у адзін дзень. Не хаваючы гонару за вучаніц, Алена Аляксандраўна распавяла пра свой стыль эфектыўнага навуковага кіраўніцтва аспірантамі.
«Студэнтам я заўсёды кажу, што яны не горшыя, чым хтосьці, проста менш ведаюць і ўмеюць, трэба працаваць»
– Дзяўчаты прыйшлі займацца навуковай працай яшчэ студэнткамі: Ірына на трэцім курсе, Вольга крыху пазней – на чацвёртым. Яны абедзве пачалі працаваць над тэмай электраоптыкі вадкіх крышталяў на чацвёртым курсе ў рамках курсавых прац. Яе працягнулі ў сваіх дыпломных, затым у магістарскіх працах і ўсе атрыманыя веды і досвед уклалі ў кандыдацкія дысертацыі. Калі наша праца пачыналася, яны былі для мяне, па сутнасці, дзецьмі, якія і пра вадкі крышталь толкам нічога не ведалі.
І тут галоўнае было не толькі пазнаёміць іх з гэтымі ўнікальнымі асяроддзямі, але і здолець матываваць іх на працу, ад гэтага ў першую чаргу залежыць поспех. Я не магу ставіцца фармальна да людзей, з якімі працую, разумею, што ўсе мы розныя. Мы па-рознаму рэагуем на падзеі, што адбываюцца і дома, і на працы. Кагосьці няўдачы астуджаюць, камусьці дадаюць зарад. Працуючы з дзяўчатамі, я імкнулася прасякнуцца ўсімі кірункамі іх жыцця, быць да іх бліжэй. Бывае, убачыш сумныя вочы – пагаворыш, штосьці падкажаш, падбадзёрыш. У любой справе самае важнае, каб чалавек у сябе паверыў. Так мы паступова пачалі паглыбляцца ў тэму і вучыцца майстэрству навуковага даследавання.
«Не трэба хвалявацца, галоўнае – верыць у сябе»
– Працы маіх аспірантак эксперыментальныя, акрамя таго, іх вылучае тое, што трэба было стварыць сам аб’ект даследавання – вадкакрышталічны элемент. У яго вельмі складаная тэхналогія вырабу, якая патрабуе пэўных умоў вытворчасці, пачынаючы ад ідэальнай чысціні памяшкання (адна парушынка прывядзе да таго, што крышталь будзе арыентавацца інакш), заканчваючы строга рэгламентаванымі фізічнымі ўмовамі. У той час у мяне быў аспірант, які меў дастатковую кваліфікацыю для вырабу падобных элементаў. Дзяўчаты глядзелі на працэс вялікімі спалоханымі вачыма і казалі: «У нас так ніколі не атрымаецца».
А я ім: «Спакойна! Не трэба хвалявацца, галоўнае – верыць у сябе». Першае, што яны навучыліся рабіць – рэзаць шкельцы для гэтых ячэек, праца, прама скажам, не жаночая.
Кожны этап навуковай працы павінен быць даведзены да лагічнага канца і мець сваю ацэнку. Навуковыя працы дзяўчат неаднаразова ўзнагароджваліся дыпломамі вышэйшай ступені на рэспубліканскіх конкурсах на найлепшую студэнцкую працу. Ірына двойчы з’яўлялася лаўрэатам трэцяй прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта РБ па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў і занесена ў банк дадзеных адоранай моладзі БДУ, з’яўлялася кіраўніком навукова-даследчага праекта па гранце БДУ і праекта, выкананага за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, прадугледжанага Міністэрствам адукацыі.
У 2016 годзе дзяўчатам была прызначана стыпендыя Прэзідэнта РБ аспірантам і таленавітым маладым навукоўцам. Вядома ж, гэта стала для іх магутным стымулам, і яны ішлі наперад, з кожным днём набіраючы сілы. Яны працавалі ад раніцы да вечара, і ў выніку ў нас усё атрымалася.
«Для таго, каб падапечны паверыў у сябе, трэба ўвесь час быць побач»
– Ва ўсіх выкладчыкаў ёсць пэўная навучальная нагрузка. На кіраўніцтва дыпломнай працай вылучаецца 50 акадэмічных гадзін у навучальным годзе. Калі паглядзець па аспірантуры, то гэта 150 акадэмічных гадзін за ўвесь тэрмін навучання, гэта значыць, каля шасці сутак. Вядома, калі фармальна кіраваць толькі ў рамках гэтага часу, то нічога не атрымаецца. Магчыма, у гуманітарных спецыяльнасцяў свая спецыфіка, але калі мы кажам пра эксперыментальную працу фізіка, то гэтых гадзін вельмі мала. Я імкнулася быць побач з падапечнымі кожны дзень. Кожнаму этапу працы ў падрыхтоўцы маладога навукоўца трэба надаваць належную ўвагу, разбірацца, калі штосьці не атрымліваецца, шукаць прычыны няўдач, дапамагаць і накіроўваць.
«Мне прасцей і хутчэй напісаць навуковы артыкул самой, але тады не атрымаецца выгадаваць гатовых спецыялістаў»
– Я выкладаю і бачу, што сёння для студэнтаў праблематычна на вербальным узроўні фармуляваць свае думкі. Гэта выліваецца і ў праблему напісання навуковых артыкулаў. Калі мы пачыналі працаваць з дзяўчатамі, прыйшлося вучыць іх і гэтаму неабходнаму для даследчыка аспекту працы.
Вядома, мне было прасцей і хутчэй сесці і напісаць тэзісы ці артыкул па выніках працы самой, але тады пра якую перадачу ведаў і ўменняў іншым пакаленням можна казаць? Мне было важна, каб мае аспіранткі не фармальна абаранілі дысертацыю, а сталі сапраўднымі спецыялістамі. І мы працавалі так: дзяўчаты пішуць тэкст, дасылаюць мне, я вылучаю тое, што мне не падабаецца, выпраўляю. З часам мне даводзілася рэдагаваць тэксты ўсё менш і менш.
А калі нашы працы сталі адзначаць на аўтарытэтных міжнародных канферэнцыях і прымаць у высакарэйтынгавых міжнародных часопісах – гэта пацвердзіла, што мы працуем у перспектыўным навуковым кірунку і нашы працы актуальныя не толькі ў блізкім замежжы, але і прызнаюцца сусветнай навуковай супольнасцю, што вельмі натхніла дзяўчат.
«Сёння ў прыкладной працы па фізіцы ты нічога не зробіш па адным»
– Дысертацыйныя працы дзяўчат маюць прыкладны характар, г. зн., яны накіраваны на рашэнне фізічных задач для канкрэтных тэхналагічных і практычных прымяненняў.
Дзяўчаты, вядома, малайчыны. Яны паверылі ў сябе і шмат часу аддавалі працы, але нічога б не выйшла, калі б не навуковая група, у рамках якой мы працавалі. Саліст можа быць выбітным, але калі аркестр дрэнна сыграе, то выступленне не атрымаецца, – так і ў нашым выпадку. Прыкладны характар навуковых даследаванняў, праведзеных дзяўчатамі, патрабаваў пэўнай калабарацыі са спецыялістамі ў розных галінах фізікі і хіміі. Падчас навуковых даследаванняў мы супрацоўнічалі з калегамі, якія займаюцца асяроддзямі, што арыентуюць вадкі крышталь: група прафесара Уладзіміра Магільнага (кафедра фізічнай оптыкі і прыкладной інфарматыкі), група Аляксандра Мураўскага (Інстытут хіміі новых матэрыялаў НАН Беларусі), лабараторыя оптыкі кандэнсаваных асяроддзяў НДІ ПФП імя А. Н. Сеўчанкі. Дзякуючы падтрымцы і дапамозе калегаў, усе кампаненты, неабходныя для стварэння вадкакрышталічных элементаў, пачынаючы ад шкельцаў са складанымі электродамі і саміх вадкакрышталічных асяроддзяў да неабходнага тэхналагічнага абсталявання, мы знаходзілі ў нас у краіне.
Нашы працы эксперыментальныя, аднак мы працавалі ў цесным супрацоўніцтве з тэарэтыкамі (дацэнт А. Г. Раманаў, прафесар І. А. Ганчарэнка), якія навучылі аспірантак мадэляваць доследныя працэсы, будаваць матэматычныя мадэлі, каб параўнаць эксперымент з тэорыяй. Асобна хачу падзякаваць нашай навуковай групе пад кіраўніцтвам прафесара А. Л. Толсціка за каштоўныя навуковыя дыскусіі і рэкамендацыі. Велізарная падзяка таксама і нашай кафедры лазернай фізікі і спектраскапіі, супрацоўнікі якой актыўна ўдзельнічалі ў абмеркаванні вынікаў прац на ўсіх этапах іх напісання.
Ірына РУШНОВА, навуковы супрацоўнік кафедры лазернай фізікі і спектраскапіі:
– Першапачаткова я не планавала займацца навукай, але студэнткай на трэцім курсе патрапіла на кафедру, пачала шчыльна працаваць з маім навуковым кіраўніком Аленай Аляксандраўнай, таксама дапамагаў і накіроўваў наш загадчык Аляксей Леанідавіч Толсцік. Я лічу, што галоўная задача навуковага кіраўніка ў аспірантуры – гэта правільна паставіць задачу падапечнаму, задаць кірунак. На сваім досведзе магу сказаць, што нам заўсёды дапамагалі, спрыялі. Але, вядома, не трэба забываць, што ў напісанне кандыдацкай працы велізарны ўнёсак робіць сам аспірант, а кіраўнік неабходны, каб скарэкціраваць важныя аспекты.
Вольга КАБАНАВА, навуковы супрацоўнік кафедры лазернай фізікі і спектраскапіі:
– Я прыйшла на кафедру на чацвёртым курсе. Спадабалася, што тут працавала згуртаваная група. Пачала паступова ўключацца ў тэму вадкіх крышталяў і падчас працы ўсвядоміла, што хачу і далей займацца даследаваннямі. Лічу, што навуковы кіраўнік іграе важную ролю падчас фарміравання маладога спецыяліста. На мой погляд, аспіранту, які аддадзены толькі сам сабе, будзе складана працаваць эфектыўна. У нашай навукова-даследчай групе пад кіраўніцтвам Алены Аляксандраўны рэгулярна праводзіліся працоўныя семінары, дзе аспіранты выступалі з прэзентацыямі і абмяркоўвалі атрыманыя вынікі. Важна, што падчас працы была наладжана пастаянная камунікацыя з навуковым кіраўніком.
Валерыя БАНДАРЧЫК