Як вядома, датай стварэння БДУ лічыцца 30 кастрычніка 1921 года, калі пачаліся паўнавартасныя заняткі са студэнтамі. Разам з тым у сусветнай практыцы кропкай адліку часта служыць выданне афіцыйнай пастановы пра заснаванне той ці іншай вышэйшай навучальнай установы. Такой вяхой для нашага ўніверсітэта з’яўляецца дэкрэт пра адкрыццё БДУ, апублікаваны 25 лютага 1919 года. За наступныя месяцы была прароблена вялікая арганізацыйная праца, але дзейнасці ўніверсітэта перашкодзіла складанае ваенна-палітычнае становішча ў краіне.
Да пытання пра стварэнне ў Беларусі свайго ўніверсітэта
У даследчай літаратуры часта адзначаецца, што беларускія землі ў складзе Расійскай імперыі вылучаліся сваёй «выключнасцю» пасля закрыцця ў 1832 г. Віленскага ўніверсітэта. У краі адсутнічалі вышэйшыя навучальныя ўстановы, і для атрымання адукацыі выхадцам Беларусі даводзілася з’язджаць у Маскву і Пецярбург. Не дзіўна, што пытанне пра адкрыццё ў Беларусі ўніверсітэта неаднаразова ўздымалася мясцовай грамадскасцю, але кожны раз безвынікова. Стварэнне ў беларускіх гарадах напярэдадні Першай сусветнай вайны настаўніцкіх інстытутаў, якія не з’яўляліся ў той час установамі вышэйшай адукацыі, і філіялаў універсітэтаў, якія ўжо існавалі ў імперыі, не магло кампенсаваць адсутнасць свайго класічнага ўніверсітэта.
Таму пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. адным з першых памкненняў беларускіх эліт, якія прадстаўлялі розныя палітычныя сілы і напрамкі, стала пытанне пра стварэнне ў Беларусі свайго ўніверсітэта.
Найбольш канцэнтравана гэта жаданне было выяўлена на Усебеларускім з’ездзе ў снежні 1917 г., аднак наступныя падзеі не спрыялі рэалізацыі ідэі заснавання ўніверсітэта.
У канцы 1918 г. улада на тэрыторыі Беларусі пасля нямецкай акупацыі перайшла да бальшавікоў. 1 студзеня 1919 г. у Смаленску было абвешчана стварэнне Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі (ССРБ). У гэтых умовах ініцыятары стварэння ў краіне ўніверсітэта змаглі актывізаваць сваю дзейнасць і зацікавіць гэтым праектам новыя ўлады.
Разумеючы важнасць дзейнасці вышэйшай навучальнай установы ў рэспубліцы, новая ўлада распачынае захады для рэалізацыі гэтага грамадскага запыту, разглядаючы арганізацыю ўніверсітэта не толькі як культурную, але і палітычную задачу. 14 лютага 1919 г. на пасяджэнні калегіі Камісарыята народнай асветы разглядалася пытанне пра стварэнне ў камісарыяце аддзела вышэйшых школ і, у сувязі з гэтым, пытанне пра адкрыцця дзяржаўнага ўніверсітэта ў Мінску. Было пастаноўлена «склікаць камісію з прадстаўнікоў зацікаўленых арганізацый і ўстаноў для стварэння дзяржаўнага ўніверсітэта ў горадзе Мінску, тав. Чарвякову даручыць склікаць згаданую камісію».
Выданне дэкрэта аб адкрыцці БДУ
24 лютага 1919 г. Вялікі Прэзідыум ЦВК ССРБ прыняў рашэнне пра пажаданасць адкрыцця ў Мінску ўніверсітэта, а ўжо на наступны дзень, 25 лютага, быў выдадзены дэкрэт, якім Цэнтральны Выканаўчы Камітэт ССРБ пастанавіў «адкрыць у г. Мінску Дзяржаўны ўніверсітэт і на першыя і наяўныя патрэбы па яго арганізацыі адпусціць са сродкаў рэспублікі 1 млн рублёў».
У надзвычай сціслыя тэрміны пры губернскім камісарыяце народнай асветы пад кіраўніцтвам акадэміка Я. Ф. Карскага была сфарміравана спецыяльная камісія, у склад якой увайшлі А. Р. Чарвякоў, В. Л. Іваноўскі, С. Д. Камінскі, М. Я. Фрумкіна і іншыя.
Перад камісіяй стаялі тры найважнейшыя задачы: атрыманне дастатковага фінансавання для адкрыцця ўніверсітэта, знаходжанне ў разбураным Мінску прыдатных будынкаў, якія можна было б прыстасаваць для ўніверсітэцкіх патрэб, і забеспячэнне ўніверсітэта выкладчыцкімі кадрамі.
Да пытання фінансавання новага ўніверсітэта ўлады неаднаразова звярталіся, адшукваючы сродкі з усіх даступных (і, трэба сказаць, у тыя суровыя часы вельмі бедных) крыніц. Дадаткова да мільёна рублёў, вызначаных дэкрэтам ад 25 лютага, быў вылучаны крэдыт у 10 мільёнаў па лініі камісарыята, але з 1 сакавіка пералік грошай па ім у сувязі з цяжкай фінансавай сітуацыяй быў спынены. Таму 10 сакавіка калегія губернскага камісарыята пастанавіла ўзбудзіць хадайніцтва перад урадам пра аднаўленне фінансавання па гэтым артыкуле. Грошы, як відаць, паступілі, бо 18 красавіка 1919 г. калегія са сродкаў, адпушчаных універсітэту, вылучыла 100 000 рублёў на арганізацыю ўніверсітэцкай сельскагаспадарчай фермы.
Што да памяшканняў для арганізацыі ўніверсітэта, то ўжо 10 сакавіка 1919 г. на пасяджэнні Мінскай камісіі па арганізацыі БДУ было разгледжана пытанне пра перадачу ўніверсітэту будынка былога камерцыйнага вучылішча, у якім размяшчаліся ваенныя курсы Заходняй дывізіі. Пад універсітэт планавалася адвесці і памяшканне былой мужчынскай гімназіі на рагу вуліц Губернатарскай і Падгорнай, будынкі духоўнай семінарыі на Аляксандраў-скай вуліцы, былога жаночага духоўнага вучылішча на рагу вуліц Шырокай і Міхайлаўскай, былога ваеннага шпіталя, губернскай земскай бальніцы, рэальнага вучылішча Э. Хайкіна, гімназіі К. Фальковіча і С. Зубакіна.
Справу стварэння Беларускага ўніверсітэта цэнтральныя органы савецкай улады ў Маскве трымалі пад непасрэдным кантролем. Як і раней, універсітэт на заходніх межах ужо савецкай дзяржавы меў важнае палітычнае значэнне. Пры Народным камісарыяце асветы РСФСР у дапамогу Мінскай камісіі была ўтворана асаблівая Маскоўская камісія ў складзе выдатных расійскіх навукоўцаў і прадстаўнікоў наркаматаў (рашэнне пра яе стварэнне было прынята 22 сакавіка 1919 г.). На пасяджэнні 28 сакавіка 1919 г. было прапанавана прымеркаваць адкрыццё ўніверсітэта да 1 мая, на што была скіравана праца абедзвюх камісій – як мінскай, так і маскоўскай.
Мінская і Маскоўская камісіі на працягу вясны 1919 г. многае зрабілі для пачатку паўнавартаснай дзейнасці ўніверсітэта – падрыхтоўваліся памяшканні, абмяркоўвалася арганізацыйная структура, вялася распрацоўка навучальных планаў, ішлі перамовы з прафесарамі і выкладчыкамі, пачалі працу падрыхтоўчыя курсы.
Адной з галоўных задач маскоўскай камісіі быў падбор кандыдатаў для выкладання ў новым універсітэце. На працягу красавіка 1919 г. маскоўская камісія разглядала заявы маскоўскіх прафесараў, многія з якіх пасля сталі супрацоўнікамі БДУ, як, напрыклад, У. М. Перцаў, Д. А. Жарынаў і У. І. Пічэта.
За два вясновыя месяцы Мінская камісія арганізавала падрыхтоўчыя курсы для ахвотнікаў паступіць ва ўніверсітэт, быў наладжаны прыём заяў ад ахвотнікаў навучацца ў ВНУ. Нягледзячы на праблемы з фінансаваннем і няпэўнасць палітычнай сітуацыі, падрыхтоўчыя курсы меркавалася адкрыць 1 мая 1919 г. Такім чынам, малады ўніверсітэт практычна адразу разгарнуў практычную дзейнасць па забеспячэнні першага набору студэнтаў.
Акупацыя Мінска польскімі войскамі
Абедзве камісіі (Мінская і Маскоўская) на працягу вясны 1919 г. многае зрабілі для пачатку паўнавартаснай дзейнасці ўніверсітэта – абмяркоўвалася яго арганізацыйная структура, вялася распрацоўка навучальных планаў, ішлі перамовы з прафесарамі і выкладчыкамі, пачалі працу падрыхтоўчыя курсы.
Аднак добрыя намеры арганізатараў універсітэта разбіліся аб суровую рэальнасць ваенных дзеянняў. Ужо ў лютым 1919 г. пачаліся сутыкненні польскіх войскаў з савецкімі атрадамі. На працягу лютага–красавіка лінія фронту ўсё бліжэй падыходзіла да Мінска. 8 красавіка 1919 г. пастановай ЦВК Літоўска-Беларускай ССР у краіне было ўведзена ваеннае становішча. Гэта адбілася і на ўніверсітэцкіх справах: 27 красавіка прымаецца рашэнне перанесці адкрыццё ўніверсітэта з 1 мая на восень 1919 г.
Аднак сітуацыя працягвала пагаршацца – 2 мая абвешчана пра ўсеагульную мабілізацыю ў рэспубліцы, 19 мая ўрад быў эвакуіраваны з Мінска ў Бабруйск, а 19 ліпеня 1919 г. СНК Літоўска-Беларускай ССР прыняў пастанову пра спыненне сваёй дзейнасці і перадачу кіравання неакупаванымі тэрыторыямі Мінскаму губернскаму рэвалюцыйнаму камітэту. У такіх умовах весці працу па адкрыцці ўніверсітэта станавілася ўсё цяжэй, а з 8 жніўня 1919 г. пасля захопу Мінска польскімі войскамі – і зусім немагчыма. Вярнуцца да ідэі стварэння першага беларускага ўніверсітэта атрымалася толькі праз год, пасля вызвалення беларускіх земляў ад польскіх войскаў.