Упершыню студэнцкі фэстываль псіхалогіі пройдзе ў БДУ

4 Feb, 2019.

Старт тыднёвай праграме будзе дадзены 18 лютага (вул. Кальварыйская, 9, аўд. 413). Пачатак у 10.00. Мерапрыемства прымеркавана да 140-годдзя псіхалагічнай навукі. Ідэя яго арганізацыі належыць студэнтам-псіхолагам факультэта філасофіі і сацыяльных навук (ФФСН).
Правядзенне фэсту накіравана на павышэнне псіхалагічнай культуры студэнтаў і школьнікаў, стварэнне ўмоў для абмену практычным досведам паміж навучэнцамі і спецыялістамі-практыкамі, а таксама знаёмства патэнцыйных абітурыентаў са спецыфікай падрыхтоўкі будучых псіхолагаў у БДУ.
Удзельнікам маштабнай падзеі можа стаць любы школьнік, студэнт, магістрант ці аспірант сталічных устаноў адукацыі. Для іх падрыхтавана разнапланавая праграма, якая ўключае каля 30 майстар-класаў, семінараў, дыягнастычных гульняў, трэнінгаў і інш. Усе мерапрыемствы бясплатныя. Іх правядуць вядучыя спецыялісты псіхалагічнай службы БДУ, выкладчыкі і студэнты кафедры псіхалогіі ФФСН.
У спіс акцый для школьнікаў уключаны практычныя заняткі, дзе дзецям дапамогуць у рашэнні асабістых праблем, лепш даведацца прычыны сваіх звычак, навучаць ставіць мэты і дасягаць іх. Таксама старшакласнікам распавядуць пра спосабы эфектыўнага запамінання навучальнага матэрыялу і пераадолення перадэкзаменацыйнага стрэсу. Для студэнтаў падрыхтаваны трэнінгі па рацыянальным планаванні працоўнага дня, кантраляванні эмоцый і выбары прыярытэтаў.
Акрамя таго, на фэсце будуць працаваць сумесныя пляцоўкі для ўдзельнікаў розных узростаў. Школьнікі і студэнты сустрэнуцца на семінарах па развіцці назіральнасці, “расшыфроўцы” невербальнай камунікацыі. На гульні-віктарыне “Абарона ад цёмных мастацтваў: як адрозніць псіхолага ад дэментара?” слухачы дазнаюцца пра асаблівасці працы прафесійных псіхолагаў і хітрыкі псеўдаспецыялістаў.
Завершыцца фэст 22 лютага квэстам-семінарам Cherchez la femme, прысвечаным выбітным жанчынам-псіхолагам. Каманды студэнтаў падрыхтуюць у любым прыдатным для іх фармаце даклад на адну з прапанаваных тэм і прадставяць яго аўдыторыі і суддзям. Таксама ўдзельнікі вырашаць галаваломкі, падказкі да якіх можна знайсці ў групе фэсту ў сацыяльнай сетцы “Укантакце” .
Для ўдзелу ў мерапрыемствах запрашаюцца мінскія студэнты і школьнікі. Для гэтага неабходна зарэгістравацца да 15 лютага ўключна.
Арганізатарамі фэсту выступаюць ФФСН і псіхалагічная служба БДУ.
print

Вам таксама можа спадабацца: