Слова эксперту. Тэндэнцыі развіцця міжнародных рэйтынгаў універсітэтаў

14 Feb, 2019.

Дзесяць гадоў назад БДУ быў прадстаўлены ў адным рэйтынгу – вэбаметрычным рэйтынгу ўніверсітэтаў, у якім заўсёды было шмат беларускіх ВНУ. Гэты рэйтынг абнаўляўся кожныя паўгода, і яго ўсе чакалі – было цікава ўбачыць, хто каго абагнаў, як памянялася пазіцыя, як памянялася методыка, што трэба рабіць, каб абагнаць канкурэнтаў. Але паступова рэйтынгаў, у якіх удзельнічае ўніверсітэт, стала больш, і мала хто, акрамя экспертаў, можа без інтэрнэту сказаць штосьці пра кожны асобны рэйтынг, пра якія ў апошні час сталі так часта пісаць.

Дынаміка БДУ
Па-першае, БДУ развіваецца, павялічваецца колькасць публікацый нашых работнікаў, праіндэксаваных базамі дадзеных Scopus і Web of Science. Навукоўцы БДУ прымаюць актыўны ўдзел у праекце Вялікага адроннага калай­дара, публікуюць артыкулы з прарыў­нымі адкрыццямі ў фізіцы элементарных часціц, якія з’яўляюцца цаглінкамі ­ў стварэнні новай фізікі.
Па-другое, брэнд БДУ распаўсюджваецца ва ўсім свеце: мы ўдзельнічаем у міжнародных выставах, заяўляемся і выйграём міжнародныя праекты, развіваем акадэмічную мабільнасць і экспарт адукацыйных паслуг. Усё больш людзей ведаюць пра БДУ, усё больш экспертаў ставяць нам станоўчую адзнаку ў апытаннях, якія право­дзяцца рэйтынгавымі агенцтвамі.
Усё гэта дапамагае нам займаць высокія месцы ў рэйтынгах.Сітуацыя ў «вышэйшай лізе»
У артыкуле «Ці сапраўды ўніверсітэцкія рэйтынгі карысныя для паляпшэння ­даследаванняў?» часопіса Public Library of Science ONE (PLoS ONE), 2018, Том 13, № 3, кажуць пра 24 розныя рэй­тынгі, але аналізуюць і параўноўваюць методыку толькі 13, адкідаючы рэй­тынгі без навуковага складніку і якія перасталі публікавацца. Дарэчы, БДУ прадстаўлены ў 11 рэйтынгах. Калі вы­вучыць сітуацыю больш падрабязна, то ў кожным з 11 асноўных можна знайс­ці некалькі дадатковых. За апошнія гады амаль кожнае рэйтынгавае агенц­тва стварыла некалькі драбнейшых рэйтынгаў і для падтрымання цікавасці размеркавала час іх публікацый раўнамерна на працягу года. Увосень практычна кожны тыдзень публікуец­ца адзін з рэйтынгаў, асноўны ці да­дат­ковы. Дадатковыя рэйтынгі часта фар­мі­руюцца на падставе тых ­жа самых да­дзеных, але выкарыстоў­ваюць аб­межаваную выбарку, напрыклад, па рэгіянальнай прыкмеце, або глядзяць дадзеныя толькі па адным з навуковых кірункаў – па фізіцы, па хіміі. Мето­ды­ка іх можа супадаць з асноўнымі рэйтынгамі, а можа і зусім адрознівацца.
Яшчэ адна тэндэнцыя – павелічэнне колькасці ўдзельнікаў, бо ўсе хочуць паглядзець, якое месца яны займаюць. Першыя глабальныя рэйтынгі ўніверсітэтаў, шанхайскага, QS і THE, у 2003–2004 гадах аналізавалі каля 500 ВНУ, і патрапіць у гэты абмежаваны лік было вельмі складана. Рэйтынгі запрашалі большую колькасць ВНУ, каля 600–700, але паказвалі публіцы толькі першыя 500, што складае 1,5–2 % ад усіх вышэйшых навучальных устаноў свету. Такая малая частка абумоўлена ў першую чаргу тым, што ўсе дадзеныя збіраліся і правяраліся ўручную.
Вэбаметрычны рэйтынг, які з’явіўся ­ў 2006 годзе, зрабіў пераварот: ён ­ранжыраваў спіс адразу з некалькіх ­тысяч ВНУ. Гэта яму ўдалося з-за выкарыстоўванай методыкі: усе да­дзеныя збіраюцца ў інтэрнэце з адкрытых ці камерцыйных баз дадзеных, якія змяшчаюць аналітыку па сайтах, спасылках на сайт і навуковых публікацыях. На сёння вэбаметрычны рэйтынг паказвае амаль 28 000 устаноў, са­браўшы максімальна вялікую выбарку. Сярод іншых масавых рэйтынгаў можна назваць SIR і URAP, якія аналізуюць навуковыя публікацыі прыблізна 5000 ВНУ, праўда, апошні заўсёды публікуе толькі 2500. Астатнія рэйтынгі, акрамя шанхайскага, таксама павялічваюць свой пул да 1000–1500, да 3–5 % ад усіх ВНУ. Такім чынам, павялічваецца ­лік гульцоў «вышэйшай лігі», замест 500 першых мы бачым ужо 1500 ВНУ.

БГУ в мировых рейтингах БДУ ў сусветных рэйтынгах

Крытэрыі ацэнкі
З Беларусі ў рэйтынгах, акрамя вэба­метрычнага, можна заўважыць толькі БДУ, БНТУ, БДУІР, ГрДУ імя Я. Купалы. ­
У ліку асноўных прычын такой сітуацыі можна назваць нізкую колькасць публікацый у іншых ВНУ, якія індэксуюцца ­ў навукаметрычных рэфератыўных базах дадзеных Scopus і Web of Science. Для ўключэння ў шматлікія рэйтынгі неабходна пераадолець бар’ер у 100–150 публікацый у год.
Разнастайнасць рэйтынгаў, іх ме­тадаў і ўсталяваных мэт дазваляе ацаніць ВНУ і з навуковай пазіцыі ­(шанхайскі рэйтынг, THE, SIR, URAP),  ­з пункту гледжання іміджу і вядомасці брэнда (QS) і з іншых бакоў. Некато­рыя рэйтынгі наогул не робяць агульнага спісу. Так, U-Multirank складае велі­зарную базу дадзеных, у якой ­кожны можа падабраць універсітэт ­па самастойна зададзеных фільтрах і параметрах.
Для таго, каб не згубіцца ў моры лічбаў, методык і незразумелых назваў, на сайце ўніверсітэта ёсць спецыяльны раздзел, прысвечаны рэйтынгам, дзе ўтрымліваецца актуальная інфармацыя пра пазіцыю БДУ, універсітэты Беларусі ­і суседніх краін. У навінах сайта мы імкнёмся размяшчаць толькі інфармацыю пра абнаўленне самых аўтарытэтных, самых вядомых рэйтынгаў, хоць некаторыя СМІ спрабуюць раздуць сенсацыю з кожнага абнаўлення малавядомых падрэйтынгаў, пра які ва ўсім свеце могуць напісаць усяго 5–10 навінавых парталаў і ўніверсітэтаў, якія туды ўпершыню патрапілі.

Уладзімір ГАЛЫНСКІ,
начальнік аддзела міжнародных рэйтынгаў, маркетынгу
і акадэмічнай мабільнасці

print

Вам таксама можа спадабацца: