Старшыня прафкама работнікаў БДУ Уладзімір Сувораў пра змены ў Калектыўнай дамове

22 Feb, 2019.

Выкананне Калектыўнай дамовы 2016–2019 абмеркавалі на сумесным пасяджэнні Савета БДУ і прафкама работнікаў універсітэта. Мы папрасілі старшыню прафкама работнікаў БДУ Уладзіміра Суворава пракаментаваць працоўныя і сацыяльна­эканамічныя адносіны паміж наймальнікам і работнікамі ў рамках выканання некаторых раздзелаў Калектыўнай дамовы.

Кантроль за выкананнем нормаў заканадаўства
– Калектыўная дамова будзе працаваць толькі тады, калі работнікі пра яе ведаюць, у курсе, чым напоўнены раздзелы і якія з іх адносяцца непасрэдна да іх дзейнасці. Паклапаціцца пра тое, каб работнік быў праінфармаваны пра свае правы, павінны лідары прафсаюзных арганізацый. У БДУ створаны добры інструментарый вырашэння спрэчных ці канфліктных пытанняў. Гэта ў першую чаргу розныя камісіі, у якія ўваходзяць прадстаўнікі адміністрацыі і прафсаюза. Калі работнік адчувае, што яго законныя правы якім­небудзь чынам парушаны ці ігнаруюцца, то першай інстанцыяй, куды яму трэба звярнуцца, павінен быць прафкам. А ў ідэале – прафбюро. Пакуль адзіная магчымасць кантролю за выкананнем пунктаў Калектыўнай дамовы – рэакцыя на сігналы ад работнікаў пра парушэнні. Калі няма заявы, значыць, усё ў парадку. За справаздачны перыяд у нас быў толькі адзін пісьмовы зварот ад работніка, што Калектыўная дамова была парушана па некалькіх пунктах. Прафбюро падраздзялення старанна вывучыла пытанні, была сабрана факталагічная база, і высветлілася, што кіраўніцтва падраздзялення дзейнічала строга ў рамках нарматыўна­прававой базы.
 
Навучальная нагрузка і графік адпачынкаў
– У Калектыўнай дамове напісана, што многае з таго, што робіць наймальнік, узгадняецца з прафкамам. Калі падыходзіць да гэтага так, як патрабуюць правяральныя органы, то гэта ўзгадненне можа ператварыцца ў працяглую працэдуру. Таму прафкам функцыю ўзгаднення перадаў прафбюро адпаведных структурных падраздзяленняў. Сэнс узгаднення з прафбюро я бачу ў падтрымцы і прыманні рашэнняў кіраўніка большасцю членаў калектыву. Падпісваючы дакумент, старшыня прафбюро, выражаючы настрой работнікаў, такую падтрымку і прыманне гарантуе. Так забяспечваецца найважнейшы складнік правільнасці рашэння – справядлівасць (для гэтай канкрэтнай сітуацыі). Найважнейшы – бо менавіта падтрымка і прыманне рашэння забяспечвае здаровы мікраклімат у калектыве, стварае камфортныя ўмовы для спакойнай і плённай працы ў зададзеным кірунку.

Так, напрыклад, зыходзячы з бачання загадчыка кафедры, камусьці вызначаецца наву­чальная нагрузка 300 гадзін, а камусьці – 1000. Візіруючы такое размеркаванне, старшыня прафбюро гарантуе, што большасць членаў калектыву разумее прычыны і згодная, што ў дадзенай сітуацыі гэта размеркаванне справядлівае (не накіравана супраць кагосьці, а забяспечвае развіццё кафедры, значыць, у інтарэсах УСІХ).

Наколькі я ведаю, пакуль у бланку размеркавання наг­рузкі віза прафсаюзнага лідара не закладзена. Лічу, што пра­вільна было б гэту сітуацыю паправіць.

А вось у графіку адпачынкаў такая віза прадугледжана. Важ­на толькі, каб прафсаюзны лідар разумеў, што азначае яго подпіс.

Заўважу, што Калектыўная дамова гарантуе, напрыклад, права на адпачынак супрацоўніку па жаданні ў зручны для яго час, калі жонка зна­ходзіцца ў адпачынку па цяжарнасці і родах – у перыяд гэтага адпачынку. Калі ён працуе па сумяшчальніцтве – адначасова з працоўным адпачынкам на асноўнай працы. Мужу і жонцы, якія працуюць у БДУ, адпачынак даецца, як правіла, адначасова.

Гарантыі занятасці
– У некаторых выпадках звальненне работніка па ініцыятыве наймальніка павінна быць узгоднена з прафкамам. За справаздачны перыяд ад адміністрацыі паступілі 22 запыты на ўзгадненне, кожны выпадак быў разгледжаны на прэзідыуме прафкама. Практычна ва ўсіх выпадках наймальнік дзейнічаў у адпаведнасці з заканадаўствам, але была сітуацыя, калі пры скарачэнні працоўных месцаў у «Брыганціне» пад зваль­ненне трапілі адразу і муж, і жонка, пры гэтым апошняя была не згодная на звальненне – на гэта яна мае права ў адпаведнасці з Калектыўнай дамовай. У выніку пасаду ў штат вярнулі. Што да работнікаў перадпенсійнага ўзросту (за 5 гадоў да вызначанага заканадаўствам пенсійнага ўзросту), якія добрасумленна працуюць, не дапускаюць парушэнняў працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны і маюць стаж працы ў БДУ не меншы за 5 гадоў, то паводле Калектыўнай дамовы наймальнік абавязаны працягваць (заключать) кантракты з імі не менш, чым да дасягнення агульнавызначанага пенсійнага ўзросту і атрыманнія імі права на поўную пенсію па ўзросце. Заўважу, што прынятыя прынцыпы кадравай палітыкі ў БДУ цалкам адпавядаюць гэтаму пункту, патрабуючы ад кіраўніка планавання працоўных траекторый работнікаў, у тым ліку каб пазбегнуць узроставай пасткі.
 
Аздараўленне
– Рэспубліканскі цэнтр па аздараўленні і санаторна­курортным лячэнні выдае нам пуцёўкі ў асноўным узімку, калі выкладчыкі па аб’ектыўных прычынах паехаць не могуць. Гэта выклікае незадаволенасць, але не ўсе ведаюць, што ў адпаведнасці з Калектыўнай дамовай работнік можа набыць пуцёўку ў санаторый у зручны для яго час за свой кошт, а яму наймальнік і прафкам акажуць сіметрычную дапамогу: цяпер па 8 рублёў за суткі. На гэтыя мэты за 2018 год было выдаткавана: ППА работнікаў БДУ – 8 698 руб., а БДУ – 8 371 (розніца тлумачыцца тым, што ў ППА работнікаў БДУ ўваходзяць прафсаюзныя арганізацыі юрасоб).
 
Паляпшэнне жыллёва­побытавых умоў
– Грамадскай камісіяй па жыллёвых пытаннях БДУ (старшыня – Янушэвіч І. І., сакратар – Шчатко А. С.) прароблена вель­мі няпростая праца па фарміраванні арганізацыі дольшчыкаў для будаўніцтва жылога дома. У снежні 2018 г. гэта праца была завершана: пачалося будаўніцтва дома на 51 кватэру. Разам з тым пытанні яшчэ засталіся. Часта яны звязаны з несвоечасовым абнаўленнем дакументаў. Лічу, што тут прафсаюзныя лідары маглі б падстрахаваць сваіх работнікаў, якія знаходзяцца на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Наогул, такімі простымі рухамі напрацоўваецца аўтарытэт кожнага і арганізацыі ў цэлым.
 
Асноўныя змены ў Калектыўнай дамове 2016–2019:
– Складаць графікі працоўных адпачынкаў на каляндарны год да 1 красавіка для работнікаў навуковых падраздзяленняў і да 1 мая для работнікаў студэнцкага гарадка.

– Пры спыненні працоўнай дамовы выплачваць работніку пенсійнага ўзросту, які бесперапынку прапрацаваў у БДУ ці на выбарных пасадах у прафкаме, пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў БДУ, матэрыяльную дапамогу:

ад 10 да 15 гадоў – у памеры 1 аклада;
ад 15 да 20 гадоў – у памеры 1,5 акладаў;
ад 20 да 25 гадоў – у памеры 2 акладаў;
ад 25 да 30 гадоў – у памеры 2,5 акладаў;
ад 30 да 35 гадоў – у памеры 3 акладаў;
ад 35 да 40 гадоў – у памеры 3,5 акладаў;
ад 40 да 45 гадоў – у памеры 4 акладаў;
ад 45 да 50 гадоў – у памеры 4,5 акладаў;
звыш 50 гадоў – у памеры 5 акладаў.

– У выпадку смерці работніка ці непрацуючага пенсіянера БДУ дапамогу аказваць асобе, якая ўзяла на сябе арганізацыю пахавання памерлага, на падставе пасведчання аб смерці.

– Пашырыць пералік сродкаў індывідуальнай абароны, якія работнікам БДУ выдаюцца бясплатна.

(Больш падрабязна пра сумеснае пасяджэнне Савета БДУ і прафкама работнікаў БДУ можна даведацца па спасылцы, размешчанай у «Інтра­нэце».)

Дзеянне бягучай Калектыўнай дамовы заканчваецца 23 чэрвеня 2019 года, таму цяпер прафсаюзны камітэт распачаў арганізацыю абмеркавання новага дакумента, які будзе закліканы вырашыць існыя пытанні.

Валерыя БАНДАРЧЫК

 

print

Вам таксама можа спадабацца: