«Ставім мэту – выпускаць кожны год па кандыдату». Сяргей КАСЦЮК ў праекце “Новы погляд” [+відэа]

7 Feb, 2019.

С. В. Касцюк і аспірант П. А. Нікішаў перад абаронай кандыдацкай дысертацыі

Герой праекта «Новы погляд» загадчык кафедры высокамалекулярных злучэнняў хімфака і кіраўнік лабараторыі каталізу полімерызацыйных працэсаў Сяргей КАСЦЮК адзначае, што, каб мець поспех у сваёй галіне, трэба любіць працу, крэатыўна думаць і часцей публікавацца ў аўтарытэтных часопісах. Пагаварылі пра міжнародныя праекты, універсітэт і творчасць у хіміі.

Сяргей Касцюк – выпускнік хіміч­нага факультэта БДУ 1999 г. Працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам у лабараторыі фізічнай хіміі і мадыфікацыі цэлюлозы, адначасова навучаўся ў аспірантуры. Кандыдацкую дысертацыю абараніў на тэму «Жывая» катыённая полімерызацыя стыролу ў прысутнасці электронадонарных злучэнняў» у 2002 г., а доктарскую – на блізкую тэму «Дызайн новых каталітычных сістэм для катыённай ­полімерызацыі вінілавых манамераў» у 2018 г.

 
Калі чалавеку камфортна працаваць у калектыве, яго дзейнасць становіцца ў разы больш эфектыўнай!

– Пад маім кіраўніцтвам у 2008 г. стваралася лабараторыя каталізу полімерызацыйных працэсаў у НДІ фізіка-хімічных праблем. У лабараторыі праводзім даследаванні ў галіне сінтэзу палімераў, распрацоўваем новыя падыходы для іх атрымання. Займаемся пошукам новых каталітычных сістэм для атрымання палімераў не толькі тэхнічнага, але і медыцынскага прызначэння, – распавядае Сяргей Віктаравіч. – Наступнай важнай прыступкай у маёй кар’еры стала тое, што летась я ўзначаліў кафедру высокамалекулярных злучэнняў, калектыў – 7 чалавек. На кафедры навуковая праца право­дзіцца ў двух кірунках: класічная палімерная хімія і біяхімія.

Навуковец робіць акцэнт на тым, што такія структуры, як НДІ ФХП і яго лабараторыі, факультэт і кафедры, варта разглядаць як адзінае цэлае. Яны ўзаемадзейнічаюць даволі цесна. Напрыклад, НДІ не можа браць аспірантаў, таму тыя навучаюцца на кафедры. Маладыя навукоўцы працуюць на базе кафедры і лабараторыі.

– У лабараторыі НДІ ФХП працуе 16 супрацоўнікаў. Сярод іх студэнты 2-4 курсаў, магістранты, ­аспіранты, – пералічвае кіраўнік С. В. Касцюк. – У нас дзейнічае такая палітыка: прыходзяць студэнты, яны сябе праяўляюць, мы іх падтрымліваем, навучаем, пасля яны ідуць у аспірантуру ад кафедры. У нас практычна ўсе аспіранты абараняюцца ў тэрмін.

Пра лекцыі  ў Кітаі і палімеры медыцынскага прызначэння

Інтарэсы С. В. Касцюка звязаны з вывучэннем кантраляванай іоннай полімерызацыі, катыённай і іонна-каардынацыйнай полімерызацыі. Выступаў як запрошаны лектар на міжнародных канферэнцыях і семінарах у розных краінах, чытаў курс лекцый па кантраляванай катыённай полімерызацыі ў Каўнаскім тэхналагічным універсітэце (Літва) і ў Чжэцзянскім Шужэн універсітэце (Ханчжоу, Кітай), быў кіраўніком некалькіх міжнародных праектаў.
– Пад маім кіраўніцтвам выконваўся і абараняўся шэраг дыпломных і магістарскіх прац, – кажа хімік. – Абараніліся тры аспіранты, адзін прайшоў перадабарону нядаўна, 15 студзеня, яшчэ двое рыхтуюць дысертацыі. Ставім мэту на будучыню – выпускаць кожны год па кандыдату. Сакрэты і падыходы ў падрыхтоўцы аспірантаў ­заключаюцца ў зацікаўленасці навуковага кіраўніка і аспіранта ў атрыманні новых навуковых вынікаў. У нас склаўся сяброўскі калектыў як на кафедры, так і ў лабараторыі. Гэта вялікі плюс, таму што, калі ­чалавеку камфортна працаваць у калектыве, яго дзейнасць становіцца ў разы больш эфектыўнай.
З цікавых апошніх распрацовак кіраўнік вылучае атрыманне палі­мераў медыцынскага прызначэння:
– Цяпер мы шчыльна супрацоўнічаем з Сечанаўскім меды­цынскім універсітэтам і іншымі ўніверсітэтамі Расіі, а таксама наву­кова-даследчымі цэнтрамі Ірландыі, Германіі ў галіне рэгенератыўнай медыцыны. Гэта праца комплексная, у ёй удзельнічаюць 8 розных цэнтраў. Распрацоўваем спецыяльныя біядэградацыйныя дробнапорыстыя матрыксы (скафалды) для аднаўлення касцяной тканкі. Такія трохмерныя скафалды з’яўляюцца свое­асаблівай апорай для росту клетак. Па меры аднаўлення кас­цяной тканкі скафалд паступова дэ­градуе да нетаксічных для арганізма злучэнняў. У выніку адбываецца поўнае аднаўленне касцяной тканкі. Мы сін­тэзуем палімерныя матэрыялы з зада­дзенымі ўласцівасцямі, фізікі атрым­ліваюць скафалды на іх аснове, а ме­дыкі ацэньваюць іх эфектыўнасць у аднаўленні косткі. Пакуль гэта тэхналогія яшчэ не ўкаранёная, даследаванні працягваюцца.

Планаванне эксперыменту


Пра праекты з BASF, EURENCO і «Гарызонт 2020»
– Летась з найбуйнейшым у свеце хімічным канцэрнам – фірмай BASF (спадзяёмся, супрацоўніцтва працягнецца ў 2019) – у нас скончыўся кантракт, накіраваны на пошук новых каталізатараў для атрымання дадаткаў у маторныя маслы і паліва. За шматгадовую сумесную працу з фірмай мы выканалі 7 кантрактаў, падрыхтавалі 2 агляды, апублікавалі больш за 15 артыкулаў у часопісах з высокім імпакт-фактарам, атрымалі каля 10 сумесных патэнтаў, – распавядае навуковец.
Працягнецца праца з французскай кампаніяй EURENCO. Навукоўцы хімфака і НДІ ФХП БДУ паляп­шаюць спосаб сінтэзу палімераў, якія вы­- ка­рыстоўваюцца ў якасці злучнага пры вытворчасці ракетнага паліва. Атрымаць міжнародны кантракт на правядзенне даследаванняў дазволілі кантакты, якія былі наладжаны Сяргеем Віктаравічам яшчэ тады, калі ад 2005 па 2014 год працаваў па грандах INTAS, НАТА, ANR і інш. у Францыі.
Летась яны атрымалі фінансаванне па рамачнай праграме Еўрапейскага саюза «Гарызонт 2020». У праекце (2019–2022 гг.) апроч лабараторыі НДІ ФХП яшчэ будуць удзельнічаць каля 15 лабараторый з розных краін. Праект накіраваны на сінтэз новых арга­нічных ці палімерных флуарэсцэнтных матэрыялаў для святлодыёдных прылад і арганічных лазераў.
Апроч гэтага ўдзельнічаюць у праграмах Еўрапейскага саюза (Erasmus, DAAD, «МОСТ»). Па праграме Erasmus летась студэнты і супрацоўнікі кафедры і лабараторыі ездзілі ў Германію па тэме іоннай полімерызацыі. Пры фінансавай пад­трымцы праграмы «МОСТ» прынялі ўдзел у значнай канферэнцыі ­па іоннай полімерызацыі (IP–2018)  у Дарэмскім універсітэце (Вялікабрытанія) і стажыраваліся ў Францыі і Поль­шчы.
– У кожным праекце, хоць яны ўсе і розныя, мы займаемся тым, што добра ўмеем: сінтэзам палі­мераў. Можна сказаць з гонарам, што мы адны з найлепшых у галіне іоннай полімерызацыі, – каментуе загадчык. – У планах – наладзіць яшчэ больш кантактаў для супрацоўніцтва, а таксама падтрымлі­ваць ужо складзеныя дамовы.

Катыённая полімерызацыя анетолу


Пра погляд на навуку
– Навука – такая ж творчасць, як пісаць добрыя песні. Вядома, тут ёсць пэўная спецыфіка: апісанне ў артыкуле павінна быць выразным, без літаратурных вольнасцяў. Самая вялікая мара – каб з’явілася больш часу для творчасці, каб сесці, падумаць, напісаць, – кажа навуковец.
Сяргею Віктаравічу ў навуцы болей за ўсё падабаецца штосьці прыдумляць. Навука адштурхоў­ваецца ад ідэі, любая думка па­вінна пацвярджацца эксперыментальна. Па яго словах, хімія – гэта досыць ёмісты прадмет. Шмат увагі патрабуе падрыхтоўка да
эксперыменту. Часам гэта займае некалькі гадзін, а сама рэакцыя працякае дзясятак секунд. Потым аналізуеш, пішаш артыкул. Напрыклад, з досведу героя публікацыі,  адзін эксперымент праводзіўся ­гады назад, а на напісанне самога артыкула сышла пара гадоў.
– Як дамагчыся поспеху ў на­вуцы? Адказ такі: 10 % таленту, а ўсё астатняе – працавітасць. Трэба любіць сваю працу, крэатыўна думаць. Публікацыі ў часопісе – гэта твой рэпутацыйны капітал. Добры рэйтынг дапаможа атры­маць фінансаванне, запрашэнні ў праекты. Удзел у канферэнцыях – гэта таксама важны элемент, –
разважае герой матэрыялу.

Пра БДУ
– Мне ёсць з чым параўнаць, працаваў у некалькіх краінах, таму магу сказаць, што БДУ – найлепшая ВНУ Беларусі. Лічу, што хімфак ­дае добрую адукацыю, рыхтуем мэтанакіравана навукоўцаў. Пацвярджэнне таму тое, што многія выпускнікі сталі паспяховымі спецыялістамі галіны.

Алена ЛЯЎШЭНЯ
Фота Таццяны Багамазавай

Даведка
Палімеры, або высокамалекулярныя злучэнні, з’яўляюцца ­асноўнай сыравінай для выт­ворчасці пластмас, гумы, сінтэ­тычных валокнаў. Яны прымяняюцца ў бытавой і тэхнічнай сферы, у ахове здароўя, будаўніцтве і інш. Хімія палімераў здольная стварыць матэрыялы больш трывалыя, чым сталь, лягчэйшыя за пробку, больш эластычныя і моцныя, чым прыродны каўчук, больш даў­гавечныя, чым дрэва ці камень.

Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца: