«Трэба адкрыць універсітэт без хлеба і сала, але з любоўю да гэтай справы». У. І. Пічэта пра гісторыю ўтварэння БДУ

27 Feb, 2019.

У. І. Пічэта Пичета история БГУ гісторыя БДУЗараджэнне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта добра апісана ў літаратуры дзякуючы перш за ўсё аднаму з тых, хто стаяў ля яго вытокаў – прафесару Ф. Ф. Туруку, які надрукаваў у першым нумары «Трудов Белорусского государственного университета в Минске» за 1922 г. свой «Універсітэцкі летапіс». З яго чытач можа даведацца, якія ажыццяўляліся спробы, пачынаючы са студзеня 1917 г. і нават раней, па адкрыцці ў Мінску ўніверсітэта, хто прымаў удзел у гэтых спробах і г. д. Аўтар «летапісу» аддае даніну павагі першаму акадэміку-беларусу, выдатнаму філолагу Я. Ф. Карскаму, а таксама выхаванцу і прафесару Кіеўскага ўніверсітэта св. Уладзі­міра, доктару гісторыі М. В. Доўнар-Запольскаму, якія распрацавалі (кожны – свой) праекты статута ўніверсітэта і актыўна ўдзель­нічалі (першы) у яго стварэнні яшчэ ў пачатку 1919 г. Прозвішча У. І. Пічэты ва ўніверсітэцкім кантэксце ўзнікае толькі летам 1920 г., пасля вызвалення Беларусі ад ­польскіх войскаў, у сувязі з утварэннем і дзейнасцю ў Маскве пры Наркамасветы РСФСР камісіі садзейнічання адкрыццю ўніверсітэта ў Мінску ў складзе В. Т. Тэр-Аганесава, праф. У. П. Волгіна, акад. Я. Ф. Карскага, праф. У. І. Пічэты, Л. С. Мінора, Ф. Ф. Турука і інш. У. І. Пічэта Пичета история БГУ гісторыя БДУУ канцы снежня 1920 г. камісія выязджае ў Мінск, дзе каля тыдня працуе над вырашэннем розных пытанняў, звязаных з адкрыццём універсітэта. Карыстаючыся знаходжаннем у Беларусі, Пічэта 28 снежня чытае ў памяшканні Мінскага інстытута народнай асветы лекцыю «Міжнароднае становішча Беларусі ў мінуўшчыне і ў сучаснасці», на наступны дзень выступае ў рабочым клубе ­з лекцыяй «Дзекабрысты, рэвалю­цыя 1905 г. і рэвалюцыя 1917 г.». Газета «Савецкая Беларусь» пі­сала пра лекцыі, што прайшлі з поўным аншлагам: «Прыцягвалі ўсіх і цікавая тэма, і паважанае ­вучонае імя лектара, які з’яўля­ецца першакласным знатаком ­беларускага пытання».
Узнікае пытанне, а ці быў У. І. Пічэта раней у Мінску, гэта значыць пасля вызвалення горада ад кайзераўскіх войскаў, калі тут пачалася падрыхтоўчая пра­-ца па адкрыцці ўніверсітэта, дзякуючы якой 25 лютага 1919 г. і быў прыняты дэкрэт ЦВК ССРБ аб адкрыцці Дзяржаўнага ўні­версітэта і аб вылучэнні са сродкаў рэспублікі на першыя яго патрэбы па арганізацыі аднаго мільёна рублёў. Дакладна вядома, напрыклад, што ён прыязджаў у Віцебск, горад свайго ­дзяцінства, у верасні 1918 г. і чытаў там 6, 7 і 8 верасня лекцыі на тэму «Гісторыя Беларусі».

У. І. Пічэта Пичета история БГУ гісторыя БДУ

Уладзімір Пічэта са студэнтамі сацыяльна-гістарычнага аддзялення

Звернемся да яго асабістай справы інспектара Галоўнага ўпраўлення па справах архіваў Наркамасветы РСФСР, якая захоўваецца ў адпаведным фондзе Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі. Яна сведчыць, што Пічэта быў залічаны на пасаду абласнога інспектара Дзяржаўнага архіўнага ўпраўлення Расіі 15 ліпеня 1918 г.; 8 мая 1919 г. быў пераведзены на пасаду галоўнага інспектара; у ліпені 1921 г. узначаліў навукова-тэарэтычны аддзел упраўлення. У асабістай справе падшыты копіі дакументаў, якія сведчаць, што Пічэта пастаянна раз’язджаў па каман­дзіроўках: быў у 1918–1919 гг. ­ва Уладзіміры, Яраслаўлі, Сергіе­вым Пасадзе, Харкаве. Па пасведчанні ад 24 снежня 1920 г.: «Прад’яўнік гэтага галоўны інспектар У. І. Пічэта тэрмінова камандзіруецца ў г. Мінск для арганізацыі Губернскага архіўнага фонду». Разам з гэтым пасвед­чаннем падшыты ліст Наркам­асветы РСФСР у Галоўархіў ад ­25 снежня 1920 г. наступнага зместу: «Аддзел вышэйшых навучальных устаноў просіць Галоў­архіў паведаміць у Аддзел, ці не сустракаецца перашкод да адкамандзіравання У. І. Пічэты на 10 дзён у г. Мінск у сувязі з пытаннем пра адкрыццё Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта». Далей падшыты станоўчы адказ на яго ­з боку кіраўніцтва Галоўархіва.
Такім чынам, у асабістай справе Пічэты няма звестак пра яго паездку ў 1919 г. у Мінск. Аднак, звярнуўшыся да пратакола па­сяджэння калегіі Галоўархіва РСФСР ад 10 студзеня 1919 г., знаходзім там інфармацыю аб ­камандзіраванні інспектара У. І. Пічэты ў г. Смаленск дзеля агляду ваенных архіваў «адначасова ­з меркаванай яго паездкай у Мінск». Такім чынам, зробім выснову, што будучы рэктар БДУ яшчэ да снежня 1920 г. мог выязджаць у Мінск, і не выключана, што мог сустракацца там з кіраўніцтвам рэспублікі з нагоды стварэння ўніверсітэта. Да такой думкі падводзяць успаміны А. Р. Чарвякова, якія былі падрыхтаваны ў 1935 г. для зборніка памяці А. Ф. Мяснікова. Аўтограф успамінаў з аўтарскай праўкай захоўваецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь. У іх гаворыцца наступнае: «Літаральна назаўтра пасля вызвалення Мінска ад нямецкіх акупантаў, пад пагрозай нашэсця белапалякаў А. Ф. Мяснікоў склікаў нараду з прадстаўнікоў Наркамасветы БССР, навуковых, грамадскіх дзеячаў Мінска і паставіў (далей выкраслена слова «ўпершыню» – заўв. аўт.) пытанне пра ства­рэнне Беларускага дзяржаўнага ўні­версітэта».
У. І. Пічэта Пичета история БГУ гісторыя БДУА што ж гаворыць сам Пічэта ­з гэтай нагоды? Два гады таму нашы расійскія калегі выявілі і надрукавалі стэнаграму даклада У. І. Пічэты, якая захоўваецца ў Навуковым архіве Інстытута ра­сійскай гісторыі РАН. Даклад называецца «25-годдзе ўтварэння Беларускай ССР». У. І. Пічэта выступаў з ім на пасяджэнні сектара гісторыі савецкага перыяду Інстытута гіс­торыі АН СССР 6 студзеня 1944 г. Прывядзём далей фрагмент даклада, які датычыцца гісторыі стварэння БДУ. Ён па-свойму цікавы, хаця і патрабуе да сябе крытычнага стаўлення:
«Мала каму вядома, як ствараўся ўніверсітэт. Паколькі я быў удзельнікам гэтай справы, я магу вам распавесці пра адну нараду, на якой былі 4 чалавекі: я, тав. ­Турук, які працуе ў Маскве выкладчыкам адной вышэйшай школы, і два беларускія дзеячы – адзін узначальваў урад, іншы ўзначаль­ваў беларускую партыйную арганізацыю. Пасяджэнне прахо­дзіла ў маі. Яно пачалося ў 10 ­гадзін вечара і скончылася пад раніцу. Тут змагаліся два пункты гледжання: адны заяў­лялі, што не трэба адкрываць універсітэт, пакуль няма сала і хлеба. Гэта быў пункт гледжання прадстаўніка партыйнай арганізацыі і тав. Турука. А іншы пункт гледжання заключаўся ў тым, што трэба адкрыць без хлеба і сала, але з любоўю да гэтай справы. Спрэчка працягвалася 8 гадзін.
У 6 гадзін раніцы пасяджэнне скончылася, было вырашана адкрыць універсітэт, была здабыта перамога…
Хто ж меў рацыю: тыя, якія казалі, што патрэбныя хлеб і сала, а потым універсітэт, ці тыя, якія чыталі лекцыі ў футрах і шапках, таму што тэмпература была мінус 30, але хацелі стварыць універсітэт? Мелі рацыю апошнія, таму што праз 5 гадоў, калі ўніверсітэт выпусціў медыкаў, юрыстаў, пе­дагогаў… то апынулася, што Бе­ла­русь атрымала адразу кадры сваёй мясцовай інтэлігенцыі…
Я павінен спецыяльна адзна­чыць, што калі б не было Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які быў створаны ў самых цяжкіх умовах, то далейшае адкрыццё вышэйшай школы і фарміраванне беларускай культуры і беларускай інтэлігенцыі праходзіла б больш балюча і з вельмі значнымі цяжкасцямі. …Я лічу, што Бела­рускі ўніверсітэт сыграў вялікую ролю ў галіне развіцця беларускай культуры. Ён фарміраваў беларускую інтэлігенцыю».

М. Ф. ШУМЕЙКА,
загадчык кафедры крыніцазнаўства,
канд. гіст. навук, дацэнт

print

Вам таксама можа спадабацца: