Універсітэт магчымасцяў! Падведзены вынікі конкурсу «Студэнт года БДУ–2018»

12 Feb, 2019.

Студент года БГУ–2018 Янушевич Студэнт года БДУ–2018 ЯнушэвічЭкспертная камісія на чале з прарэктарам па выхаваўчай рабоце і сацыяльных пытаннях Іванам Янушэвічам разгледзела 48 заявак па 4 намінацыях: «Спорт» – 3 заяўкі, «Культура» – 6 заявак, «Навука» – 18 заявак і «Лідар» – 21 заяўка. У вызначэнні пераможцаў і лаў­рэатаў конкурсу прынялі ўдзел начальнікі ўпраўленняў і падраздзяленняў БДУ, а таксама прадстаўнікі студэнцкага самакіравання.

У намінацыі «Спорт» пераможцам стала студэнтка 3 курса гістарычнага факуль­тэта Вікторыя Антонава.
Студент года БГУ–2018 Виктория Антонова Студэнт года БДУ–2018  Вікторыя АнтонаваКандыдат у майстры спорту па настоль­ным тэнісе.
Уладальнік 1 месца ў Рэспубліканскай універсіядзе 2018 г. у камандным разрадзе.
Уладальнік 1 месца ў спартакіядзе Саюзнай дзяржавы 2018 г. для дзяцей і юнацтва ў камандным разрадзе.
Уладальнік 1 месца ў спартакіядзе Саюзнай дзяржавы 2018 г. для дзяцей і юнацтва ў асабістым разрадзе.
– Для мяне БДУ – магчымасць самарэа­лізавацца. Кожны студэнт можа знайсці тое, што яму падабаецца, і развівацца ў абра­ным кірунку. За час навучання ў Беларускім дзяржаўным універсітэце я прыняла ўдзел ­у спартакіядзе Саюзнай дзяржавы, рэс­публікан­скай універсіядзе па настольным тэнісе, а таксама ўдзельнічала ў іншых спаборніцтвах. Дзякуючы настольнаму тэнісу, я пазнаёмілася з разумнымі і цікавымі студэнтамі з іншых факультэтаў БДУ.
Пасля 1 ступені вышэйшай адукацыі я планую паступіць у магістратуру і працяг­нуць развіваць свае прафесійныя якасці.

У намінацыі «Культура» найлепшым прызнаны студэнт 4 курса факультэта журналістыкі Канстанцін Баяндзін.
Студент года БГУ–2018 Константин БАЯНДИН Студэнт года БДУ–2018  Канстанцін БаяндзінПераможца фэсту эстрады БДУ 2017 г. у намінацыі «Размоўны жанр».
Пераможца конкурсу «Містар журфак» 2016 г.
Пастаянны вядучы ўніверсітэцкіх і факуль­тэцкіх мерапрыемстваў: «Віват, сту­дэнт!», «Рэктарскі выпускны», фэст хароў «Папараць-кветка», «БДУ ў тваім фармаце», «PR-кветка».
– У першую чаргу дзякуючы БДУ я пачаў весці мерапрыемствы, прычым як ва ўні­версітэце, так і за яго межамі. Універсітэт – велізарны досвед, а таксама штуршок займацца чымсьці самастойна, каб ствараць і развіваць свае праекты. Ну і, вядома, БДУ нельга назваць скнарай, калі казаць пра заахвочванні, хай гэта будуць паездкі, выдатныя мерапрыемствы і іншыя бонусы.
У будучыні я хачу працягваць займацца тым, чым цяпер. У Студэнцкім саюзе БДУ я займаюся правядзеннем і арганізацыяй мерапрыемстваў, у мяне на журфаку спецыяльнасць «Інфармацыя і камунікацыя». Таму вельмі спадзяюся, што з тым досведам і навыкамі, якія ў мяне ўжо ёсць, у мяне атрымаецца дамагчыся поспеху ў гэтым кірунку.

У намінацыі «Навука» ўдзельнікі былі па­дзелены на 2 паднамінацыі.
У прыродазнаўча-тэхнічным кірунку пераможцам стала магістрант біялагічнага факультэта Дар’я Карацеева.
Студент года БГУ–2018 Дарья Коротеева Студэнт года БДУ–2018 Дар’я КарацееваУладальнік дыплома II ступені на міжнароднай канферэнцыі (Львоў, Youth and progress in biology, 2018 г.).
Уладальнік дыплома лаўрэата XXIV Рэспубліканскага конкурсу навуковых прац студэнтаў 2017 г.  
– Безумоўна, БДУ дапамог мне раскрыцца і знайсці сваё месца, дзе мне зараз цікава і камфортна. Менавіта дзякуючы ўніверсітэту я змагла канчаткова вызначыцца са сваімі мэтамі ў жыцці, рэалізаваць свае магчымасці, убачыць і даведацца шмат новага. Спецыфіка тэматыкі маіх даследаванняў у вялікай колькасці палявых прац, дзякуючы чаму падчас збору матэрыялу я змагла наведаць шмат прыгожых месцаў ­у межах на­шай краіны. Дзякуючы БДУ ­я брала ўдзел у са­мых разнастайных наву­ковых канферэнцыях – як рэспубліканскіх, так і міжнародных, таксама мне ўдалося два разы пабываць на стажыроўцы ва Уроцлаўскім універсітэце ў Польшчы.
Я б хацела працягваць займацца наву­ковай дзейнасцю на кафедры заалогіі бія­лагічнага факультэта, паступіць у аспіран­туру, напісаць і абараніць кандыдацкую дысертацыю. Таксама хацелася б дамагчыся поспеху ў выкладанні, бо я першапачаткова паступала ва ўніверсітэт менавіта з мэтай у будучыні выкладаць.

У сацыяльна-гуманітарным кірунку пераможцамі былі абвешчаны:
• студэнтка 5 курса факультэта сацыя­культурных камунікацый Стэфанія Змітраковіч.
Студент года БГУ–2018 Стефания Змитрокович Студэнт года БДУ–2018  Стэфанія ЗмітраковічУладальнік  дыплома Міністэрства адукацыі Беларусі ў XIV Рэспубліканскім конкурсе навуковых прац студэнтаў (2018 г.).
Дыплом I ступені за найлепшае выступленне ў секцыі на 74 навуковай канфе­рэнцыі студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў БДУ (2017 г.).
Уладальнік дыплома II ступені за най­лепшае выступленне ў секцыі на міжуніверсітэцкім навукова-адукацыйным форуме
ма­ладых перакладчыкаў «Моўная асоба і пераклад» (2016 г.).
– Для мяне паняцце «ўніверсітэт» можна апісаць адным словам – «магчымасць». Час вучобы ў БДУ быў напоўнены яркімі падзеямі і ўражаннямі. Адно з апошніх – валанцёрства на XXXI Міжнародным кангрэсе Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў, якое прынесла не толькі прыемныя знаёмствы і незабыўныя эмоцыі, але і было карысным у прафесійным плане, таму што дало магчымасць выявіць сябе ў ролі пера­кладчыка. Іншы важны аспект майго студэнцтва – гэта на­вуковая дзейнасць, а менавіта напісанне
артыкулаў на тэму ўспрымання гумару на роднай і замежных мовах. Як вынік – перамога ў леташнім і сёлетнім годзе на рэспубліканскім конкурсе навуковых прац студэнтаў, што не можа не цешыць. Нягле­дзячы на тое, што ўвесь працэс быў досыць працаёмкім, дзякуючы займальнаму аб’екту даследаванняў і цікавасці да вывучэння замежных моў, ён дапамог мне адкрыць у сабе журналісцкія здольнасці і рэалізаваць шмат якія са сваіх ідэй.
Мне падабаецца працаваць з мовамі, таму я маю намер звязаць з імі і сваю далейшую кар’еру. Мінулым летам мне пашчасціла праходзіць стажыроўку ў адным з прадстаўніцтваў міжнароднай арганізацыі, дзе я выконвала абавязкі перакладчыка і брала ўдзел у падрыхтоўцы шэрагу мерапрыемстваў. Паколькі мне даводзілася выкарыстоўваць не толькі наяўныя веды падчас працы з тэкстамі, але і вучыцца но­ваму, напрыклад, адным з заданняў з’яўлялася распрацоўка тэматычнага буклета, то я б і хацела працягнуць удасканальвацца як прафесіянал у дадзеным кірунку.

магістрант юрыдычнага факультэта Эльжбета Скшыдлеўска.
Студент года БГУ–2018 Эльжбета Скшидлевска Студэнт года БДУ–2018 Эльжбета СкшыдлеўскаУладальнік дыплома пераможца «Конкурсу 2018 года на прыз імя У. Д. Спасовіча» ў намінацыі «Студэнцкая навука».
Уладальнік дыплома I ступені міжнароднага конкурсу «Найлепшыя навуковыя тэзісы –2018» (г. Казань).
Уладальнік дыплома пераможца міжнароднага конкурсу «Найлепшае студэнцкае даследаванне–2018» (г. Казань).
Уладальнік дыплома пераможца VII Усерасійскага конкурсу даследчых прац маладых навукоўцаў па параўнальным права­знаўстве ў намінацыі «Параўнальнае працэсуальнае права» (МДІМА, г. Масква, 2017 г.).
– За час вучобы ў БДУ атрымалася зрабіць многае: прыняць удзел у 72 канферэнцыях, з іх 43 за мяжой, падрыхтаваць 62 навуковыя публікацыі, стаць удзельнікам шэрагу рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў навукова-даследчых прац.
Прадстаўляючы наш універсітэт, прыняць удзел у міжнароднай летняй школе ў Казахстане (Астана) і міжнароднай школе публічнай дыпламатыі ў Арменіі (Агверан), а таксама ў VIII міжнародным летнім уні­версітэце БДУ.
Акрамя таго, у 2018 годзе атрымалася наведаць міжнародны моладзевы адука­цыйны форум «Еўразія», які праводзіўся ў адпаведнасці з даручэннем Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі.
БДУ дае нам вялізарную колькасць маг­чымасцяў, аднак памятайце, што іх рэалізацыя залежыць ад нас саміх.
Поспехаў у дасягненні пастаўленых мэт!

Пераможцам у намінацыі «Лідар» (паднамінацыя «Факультэт») стала студэнтка 4 курса юрыдычнага факультэта Хрысціна Канановіч.
Студент года БГУ–2018 Христина Кананович Студэнт года БДУ–2018  Хрысціна КанановічСуарганізатар Беларускай студэнцкай юрыдычнай алімпіяды, фэсту мастацтваў юрыдычнага факультэта «Фабрыка зорак», конкурсу «Багіня Феміда», конкурсу «Міс ­юрфак», сутычкі першакурснікаў юрыдыч­нага факультэта БДУ, дня нараджэння юрфака БДУ.
Уладальнік падзякі дэкана юрыдычнага факультэта за актыўны ўдзел у грамадскім і творчым жыцці факультэта, добрасумленнае выкананне абавязкаў старасты групы.
Уладальнік граматы за актыўны ўдзел у дзейнасці органаў студэнцкага самакіра­вання Студэнцкага гарадка БДУ (2018 г.).
– Для мяне ўніверсітэт – гэта адпраўны пункт, дзе я атрымала неацэнную падтрымку ва ўсіх маіх пачынаннях. Гэта не проста месца, дзе можна навучыцца будучай прафесіі. Студэнцкія гады – надзвычайная платформа для ўдасканалення сваіх уменняў і самавыяўлення, калі кожны студэнт, яшчэ не патраціўшы жыццёвы запал, ініцыятыву і энергію, можа развівацца не толькі як спецыяліст, але і як асоба. На працягу вучобы я значную частку часу аддавала сваёй улюбёнай справе – танцам – у якасці кіраўніка танцавальнай студыі БДУ. Аднак танцамі мая дзейнасць ва ўніверсітэце не абмежавалася. Я ўдзельнічала ў грамадскім жыцці ўніверсітэта, уклаўшы сябе ў шматлікія праекты, конкурсы і фэсты, дзе атрымала неацэнны досвед і дасягнула пэўных вышынь, за што была ўзнагароджана дыпломам II ступені на ўніверсітэцкім этапе конкурсу «Студэнт года–2018», дыпломам найлепшага студэнта ў намінацыі «Гонар юрыдычнага факуль­тэта–2018»; стала пераможцам у намінацыі «Лідар» (паднамінацыя «Факультэт») на конкурсе «Студэнт года БДУ–2018».
На выпускным курсе юрыдычнага факуль­тэта БДУ я ўсведамляю, наколькі дакладным было маё рашэнне стаць кваліфі­каваным юрыстам, якое я прыняла чатыры гады назад, паступаючы ва ўніверсітэт. Менавіта таму сваё жыццё я хачу звязаць з юрыспрудэнцыяй. Юрфак падарыў мне каштоўны вопыт. Не толькі вывучэнне неабходных дысцыплін, але і праца ў студэнцкіх арганізацыях БДУ і актыўная грамадская дзейнасць выпрацавалі ўва мне якасці і навыкі, так неабходныя для добрага юрыста. У першую чаргу гэта тычыцца арганізатарскіх навыкаў, стрэсаўстойлівасці, умення хутка прымаць правільныя рашэнні, камунікабельнасці, якія я выпрацавала ў сабе за той перыяд, калі была моладзевым лідарам у арганізацыях самакіравання ўніверсітэта.

Перамогу ў паднамінацыі «Універсітэт» атрымалі:
• магістрант гістарычнага факультэта Артур Кандраценка.
Студент года БГУ–2018 Артур Кондратенко Студэнт года БДУ–2018  Артур КандраценкаСтаршыня Студэнцкай асамблеі БДУ.
Старшыня студэнцкага савета па якасці адукацыі БДУ.
Член грамадскага рэспубліканскага студэнцкага савета пры Міністэрстве аду­кацыі.
Член Моладзевай палаты пры Парламенцкім сходзе Саюзнай дзяржавы Бела­русі і Расіі.
Член савета ўніверсітэта.
Уладальнік дыплома конкурсу «Най­лепшы выпускнік БДУ–2017» у намінацыі «Студэнцкі лідар».
– Студэнцкія арганізацыі – гэта ідэальная платформа для задавальнення не толькі ­грамадскіх, але і навуковых інтарэсаў. Так, студэнцкі савет па якасці адукацыі даў мне неацэнны досвед камунікацыі з кампетэнтнымі людзьмі, навыкі арганізацыі мерапрыемстваў навуковага профілю і магчымасці ажыццяўлення новых ідэй і праектаў. ­Апроч іншага, займаючыся грамадскасцю, я прымаю непасрэдны ўдзел у фарміраванні прэстыжу нашага ўніверсітэта, прэзентуючы яго на розных рэспубліканскіх і міжнародных форумах, канферэнцыях і іншых мерапрыемствах. Мая мэта – працаваць дзеля нашага ўніверсітэта. У першую чаргу я бачу сябе выкладчыкам. Мяркую, што гэта ­адзін з найлепшых варыянтаў для маёй ­самарэалізацыі, бо ў гэтай прафесіі спалу­чаюцца зносіны з людзьмі і бясконцы пошук ісціны. БДУ – гэта вялікая моцная сям’я са сваімі традыцыямі і каштоўнасцямі. Я веру, што кожны з нас будзе гарантам будучыні нашай альма-матар.

студэнт 4 курса механіка-матэматычнага факультэта Максім Шалюта.
Студент года БГУ–2018 Максим Шалюто Студэнт года БДУ–2018  Максім ШалютаСуарганізатар выязнога семінара-практыкума «Школа студэнцкага актыву Сту­дэнцкага гарадка БДУ» (красавік 2016 г.), рэспубліканскага семінара «Інтэрнат: побыт, вольны час, выхаванне (кастрычнік 2016 г.), рэспубліканскага семінара «Удасканаленне нарматыўнай базы па прадстаўленні інтэрнатаў ва ўстановах вышэйшай адукацыі» (снежань 2017 г.), VI Міжуніверсітэцкага фэсту нацыянальных культур Студэнцкай вёскі (лістапад 2018 г.).
Старшыня каардынацыйнага савета органаў студэнцкага самакіравання Студэнцкага гарадка БДУ.
Уладальнік падзякі рэктара БДУ «За асабісты ўнёсак у развіццё студэнцкага сама­кіравання Студэнцкага гарадка».
– Вучоба ў БДУ для мяне – гэта вынік аднаго важнага кроку, які я калісьці зрабіў, не задумваючыся, што ён мяне прывядзе да ­таго, што цяпер маю: класныя сябры, пры­емныя знаёмствы, карысны досвед, доказ таго, што прадстаўнікі адміністрацыі могуць быць яшчэ і добрымі настаўнікамі, і дарад­цамі. У красавіку 2015 года я вырашыўся паступаць у БДУ і думаў выключна пра тое, што гэта прэстыжна, але запомніцца гэта ­толькі тым, што я там вучыўся. І тут я памыляўся. БДУ – гэта адна вялікая сям’я, якая, акрамя спецыяльнасці і дыплома, дорыць прыемныя эмоцыі, яркія ўспаміны і досвед, якога нідзе не набярэшся.
Пасля 4 курса планую ісці ў магістратуру ­і не спыняцца ў сваім асобасным развіцці. Буду вучыцца і працаваць са спадзяваннем на тое, што ў будучыні веды і досвед дапа­могуць адкрыць сваю справу (пра якую ­так даўно мару) і займацца тым, што будзе ­прыносіць задавальненне і прыбытак.   

АКРАМЯ ТАГО:
У намінацыі «Спорт» лаўрэатамі сталі студэнтка 2 курса біялагічнага факультэта Аляксандра Спрына і студэнтка 2 курса факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Ганна Ганчар.
У намінацыі «Культура» лаўрэатамі сталі магістрант факультэта журналістыкі Вале­рыя Казлова і студэнт 3 курса гістарыч­нага факультэта Аляксандр Паршанкоў.
У намінацыі «Навука» ўдзельнікі былі па­дзелены на 2 паднамінацыі.
У прыродазнаўча-тэхнічным напрамку лаўрэатамі былі прызнаны студэнт 4 курса факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэх­налогій Мікіта Нячаеў і студэнт 5 курса хімічнага факультэта Аляксей Бакавец.

У сацыяльна-гуманітарным напрамку журы прыняло рашэнне вылучыць па 1 пе­раможцу і лаўрэату на першай ступені аду­кацыі і другой ступені адукацыі. Лаўрэатамі сталі студэнтка 3 курса эканамічнага фа­культэта Юлія Атрошчанка і магістрант філалагічнага факультэта Ангеліна Герус.

Самай папулярнай сёлета стала намінацыя «Лідар». Тут таксама ўдзельнікі былі ­па­дзелены на 2 паднамінацыі: «Факультэт»
і «Універсітэт».

У паднамінацыі «Факультэт» лаўрэатамі сталі:
• студэнтка 3 курса Інстытута бізнесу БДУ Аліна Баранава;
• студэнтка 4 курса факультэта журналістыкі Паліна Даўгіленка;
• студэнтка 4 курса факультэта журналістыкі Валерыя Сцяцко;
• студэнтка 4 курса Інстытута бізнесу БДУ Алена Чудзінава;
• студэнтка 3 курса хімічнага факультэта Юлія Баярскіх;
• студэнтка 4 курса факультэта журналістыкі Надзея Мархель.

Лаўрэатамі ў паднамінацыі «Універсітэт» экспертная камісія прызнала:
• студэнтку 4 курса факультэта журналістыкі Лідзію Заблоцкую;
• студэнта 4 курса факультэта сацыякультурных камунікацый Ягора Багдашова;
• студэнтку 4 курса эканамічнага фа­культэта Дыяну Кавалёву.

Падрыхтаваў
Антон КУПЧЫН

print

Вам таксама можа спадабацца: