У нашу ВНУ прыязджалі 18 кітайскіх студэнтаў першага і другога курса Сумеснага інстытута Далянскага політэхнічнага ўніверсітэта і БДУ, дзе маладыя людзі навучаюцца па спецыяльнасцях «Прыкладная фізіка» і «Інжынерная механіка». З 15 да 25 студзеня на базе фізічнага і механіка-матэматычнага факультэтаў замежныя студэнты слухалі лекцыі выкладчыкаў, выконвалі заданні, пазнавалі краіну і ўніверсітэт.
Падобная школа ўжо прайшла ўлетку на базе Далянскага ўніверсітэта, тады 18 нашых студэнтаў выязджалі ў Далянь. Амаль праз паўгода – візіт у адказ. У гэтыя дні ў раскладзе гасцей БДУ былі і лекцыі, і лабараторныя працы, і міжнародны конкурс. Працоўная мова школы – англійская.
Падрабязней пра праграму школы распавяла Галіна Пусянкова, старшы выкладчык кафедры англійскай мовы прыродазнаўчых факультэтаў, каардынатар і выкладчык зімовай школы Сумеснага інстытута:
«Праграма зімовай школы распрацавана такім чынам, каб нашы кітайскія сябры наведалі лекцыі і лабараторныя працы па англійскай мове, ядзернай фізіцы, па кіраванні ядзерным рэактарам, па матэматычных метадах апрацоўкі і аналізу эксперыментальных дадзеных, па геаінфармацыйных сістэмах і геамеханіцы, мехатроніцы. Даведаліся пра сучасныя даследаванні па механіцы і трыбафатыцы, наведалі заняткі па адытыўнай тэхналогіі 3D-мадэлявання і друку ў механіцы, а таксама па аналітычным мадэляванні ў біямеханіцы. Беларускія студэнты выступілі з прэзентацыямі пра нашу краіну, універсітэт, факультэты, такім чынам, разам са слухачамі параўналі дзве сістэмы навучання.
Для кітайскіх студэнтаў падрыхтавалі разнастайную экскурсійную праграму (Мінск, Дудуткі, музеі БДУ, Парк высокіх тэхналогій, «Вялікі камень»).
Зразумець, што такое БДУ. Першая зімовая школа па фізіцы і матэматыцы для кітайскіх студэнтаў [+cлайды і відэа]
8 Feb, 2019.