Якім наш універсітэт застаецца на фатаграфіях? Зразумець гэта можна дзякуючы конкурсу “БДУ ў тваім фармаце”, які праходзіць ва ўніверсітэце ўжо ў дзявяты раз. Кожны год удзельнікі адпраўляюць самыя розныя працы, у гэты раз іх было больш за 70. У конкурсе было 7 намінацый: 5 звязана з фота, 2 з відэа. Хто сёлета стаў самым яркім?
Мы задалі пераможцам у намінацыях наступныя пытанні:
- З якім вядомым фатографам/відэографам вы б хацелі сустрэцца?
- Што вам падабаецца ў конкурсе “БДУ ў тваім фармаце”?
- Калі б вы былі кіраўнікамі, як бы правялі закрыццё?
Цікава даведацца адказы? Чытай ніжэй!
ФОТАРЭПАРТАЖ і БДУ ЯК БРЭНД
У мастацтве фатаграфіі галоўнае – злавіць момант. Тады фота з набору пікселяў ператворыцца ў сапраўднае застылае імгненне. Фотарэпартаж – здымка падзеі, у якой сам фатограф бярэ ўдзел, выяўляючы свой погляд на ўсё, што адбваецца вакол.
Наш універсітэт – гэта не проста навучальная ўстанова, гэта велізарная кампанія, брэнд у сферы адукацыйных паслуг. А намінацыя “БДУ як брэнд” – выдатная магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі рэкламшчыка. Арганізатары атрымалі мноства здымкаў, на якіх прысутнічалі лагатыпы БДУ ці ж брэндзіраваныя рэчы.
У гэтых намінацыях перамогу атрымала Аляксандра КУЛЯБА.
На нашы пытанні яна адказала так:
1. “Адназначна я хацела б сустрэцца з фотамастаком Цімам Флэкам. Спытала б, як у яго атрымліваецца саджаць дзікіх жывёл перад камерай і студыйным святлом.
2. Больш за ўсё ў конкурсе мне падабаецца ўзнагароджанне. Прычым не ўручэнне дыпломаў, а нейкая нязмушаная атмасфера мерапрыемства. Знаёмыя твары, усмешкі. Адчуванне, быццам бы зайшоў пагаманіць да старога сябра на гарбату.
3. Як бы я правяла закрыццё? Гэтак жа, як і сёлета. Мне падабаецца сам фармат закрыцця: больш падобна да лямпавага вечара, чым да афіцыйнага і сур’ёзнага мерапрыемства, як мне здалося яшчэ летась (тады я ўпершыню брала ўдзел у гэтым конкурсе)”.
АСОБЫ БДУ
БДУ – самы вялікі ўніверсітэт у краіне. І мы сапраўды ведаем, што кожны яго студэнт і выкладчык – неверагодна цікавы чалавек. Таму ў гэтай намінацыі арганізатары прапанавалі маладым фатографам даслаць фота чалавека, які іх чым-небудзь уразіў.
Найлепшы здымак, па меркаванні журы, атрымаўся ў Юліі ГАЙЧУК.
На тры пытанні яна адказала так:
“Для пачатку хочацца падзякаваць арганізатарам за такое мерапрыемства!
1. Хацела б сустрэцца з сусветна вядомымі фатографамі. Ці змогуць арганізатары іх запрасіць на конкурс у наступным годзе? :)
2. У конкурсе мне даспадобы цёплая атмасфера з яе яркім вядучым. Лічу, правядзенне гэтай падзеі – гэта ў цэлым выдатная ідэя.
3. Па маіх адчуваннях, узнагароджанне прайшло добра, але, можа, трохі зацягнута. Магчыма, варта прадумаць ролю госця (ці будзе гэта майстар-клас, ці ён проста дзеліцца сваім досведам). Думаю, яго аповеды можна было сумясціць і з гульнямі, і вячоркамі з гарбатай”.
МАЙСТАР ФАТАШОПА
Сёлета ўдзельнікам прапанавалі пазмагацца не толькі ва ўменні валодаць камерай. Тут спатрэбіліся навыкі малявання ў Photoshop ці Illustrator (ці іншай праграме). Стварыць афішу мерапрыемства ці адрэтушаваць фота? Поле для выяўлення сваіх талентаў было велізарным.
Найлепшым абралі Дзяніса СІЛЯНКОВА.
1. “Мне хацелася б сустрэцца з Найшулерам ці з Кірылам Нонгам. Пытаў бы ўсякае пра тое, як здымаць поўнаметражнае кіно.
2. Больш за ўсё зачапіла атмасфера, узнагароджанне. Лекцыя рэжысёра Антона Мамоненкі таксама была класнай.
3. Калі б я быў арганізатарам? Паспрабаваў правесці прыкладна гэтак жа, як гэта і было. Толькі я б яшчэ паказаў удзельнікам усе відэапрацы канкурсантаў”.
ВЛОГ АДНАГО ДНЯ
Гэта намінацыя была прысвечана влогам аднаго дня. Галоўныя крытэрыі: маляўнічасць і дынамічнасць. Хоць звычайны паход ва ўніверсітэт, хоць вандраванне на іншы кантынент. Хоць ранішняя руціна, хоць цудоўная тусоўка ўвечар. Усё, што душы захочацца!
Найлепшая праца была ў Рамана БОНДАРА.
Ролік можна пабачыць тут.
1.” Апроч фота/відэа я яшчэ захапляюся аўтамабілямі. У прыватнасці, дрыфтам. Дык вось, я захапляюся працамі Анатоля Зарубіна, аўтара фільмаў пра дрыфт. А спытаў бы, як гэтак жа перадаваць атмасферу таго, што адбываецца, у кадры праз відэа і як ён дамогся такога бліскучага выніку.
2. Як па мне, самае прыемнае ў конкурсе тое, калі ты глядзіш на вынік сваёй гатовай працы пасля ўсіх высілкаў, якія выдаткаваў для яе рэалізацыі.
3. Я б праводзіў закрыццё таксама класна і лямпава, як і было ў гэты раз”.