Да галоўнай падзеі 2019 года – II Еўрапейскіх гульняў – менш за 100 дзён. Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт не толькі іх афіцыйны партнёр, але і адзін з універсітэтаў, чыіх студэнтаў будзе больш за ўсё ў якасці валанцёраў: з 8000 добраахвотнікаў, якія будуць задзейнічаны ў Гульнях, 1700 – студэнты БДУ. Як праводзіцца праца з валанцёрамі, якія факультэты самыя актыўныя і што атрымлівае студэнт, распавёў Рыгор ПАСРЭДНІК, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце студэнцкага гарадка і кіраўнік цэнтра падрыхтоўкі валанцёраў II Еўрапейскіх гульняў у БДУ.
Гульні і БДУ
«II Еўрапейскія гульні – важнае іміджавае мерапрыемства. Паляпшаецца інвестыцыйны клімат, раскрываецца турыстычны патэнцыял Беларусі. Для БДУ вялікі гонар быць партнёрам Гульняў і прадстаўляць краіну на гэтым буйным мерапрыемстве. Маштаб па колькасці відаў спорту і колькасці ўдзельнікаў параўнальны з Зімовымі Алімпійскімі гульнямі ў карэйскім Пхёнчхане 2018 года», – каментуе Рыгор.
Фонд «Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года» і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт улетку мінулага года падпісалі дамову пра супрацоўніцтва, якое прадугледжвае партнёрскія адносіны, накіраваныя на захаванне і прымнажэнне адукацыйнай і гуманітарнай спадчыны, прасоўванне будучага мультыспартыўнага форуму і распаўсюджанне інфармацыі пра яго ў спартыўных арганізацыях Рэспублікі Беларусь і ўсяго свету.
Пытаннямі валанцёрства ў БДУ займаецца цэнтр падрыхтоўкі валанцёраў II Еўрапейскіх гульняў БДУ. Галоўная яго задача – арганізаваць удзел валанцёраў з ліку студэнтаў універсітэта ў Гульнях у чэрвені гэтага года, а таксама суправаджаць студэнтаў на ўсім шляху: з моманту іх рэгістрацыі ў сістэме на сайце minsk2019.by, на ўсіх этапах навучання, да завяршэння спаборніцтваў. «У цэнтр уваходзяць намеснікі дэканаў, лідары моладзевых арганізацый, прадстаўнікі ўпраўлення выхаваўчай работы з моладдзю, студгарадка», – тлумачыць Рыгор Пасрэднік. Курыруе падрыхтоўку да Гульняў прарэктар па выхаваўчай рабоце і сацыяльных пытаннях Іван Янушэвіч.
У студэнтаў ёсць пытанні пра валанцёрства, на самыя частыя з іх адказаў кіраўнік цэнтра Рыгор Пасрэднік.
Як становяцца валанцёрамі?
– Напачатку неабходна зарэгістравацца на сайце minsk2019.by, завесці там асабісты кабінет (у далейшым асабісты кабінет стане для валанцёраў галоўным сродкам зносін падчас Гульняў – там будуць размяшчацца навучальныя матэрыялы, прызначацца пазіцыі
і працоўныя змены, асабісты кабінет з моманту рэгістрацыі трэба правяраць штодня, каб не прапусціць важную інфармацыю), прайсці сумоўе на англійскай мове, выканаць тэставыя заданні, прайсці агульныя, функцыянальныя і аб’ектавыя трэнінгі. Нягледзячы на няпросты шлях да валанцёрства, на дадзены момант звыш 1700 студэнтаў выявілі жаданне стаць валанцёрамі. Першапачаткова заявак было больш, але частка людзей, чый узровень замежнай мовы, узровень асабістай матывацыі быў недастатковы для ўдзелу ў Гульнях, адсеяліся на раннім этапе. Выдатныя веды англійскай мовы (афіцыйнай мовы міжнароднага турніру), веды іншых еўрапейскіх моў, наяўнасць добраахвотніцкага досведу павышаюць рэйтынг будучага валанцёра, што ў далейшым адаб’ецца на прапанаваных пазіцыях і функцыянальных кірунках.
Ці абавязкова ведаць англійскую мову?
– Веданне англійскай мовы вітаецца. На большасць ключавых пазіцый, дзе прадугледжваецца ўзаемадзеянне з замежнымі грамадзянамі (афіцыйнымі асобамі дэлегацый, спартсменамі і г. д.), будуць адбірацца валанцёры, якія валодаюць замежнай мовай на добрым узроўні. У той жа час ёсць і такія кірункі добраахвотніцкай працы, дзе веды замежнай мовы на высокім узроўні не патрабуюцца (напрыклад, «сэрвісы для гледачоў» і інш.)