Будучыя юрысты вымяралі шлях з Мінска на малую радзіму не ў кіламетрах, а ў склонах, артыклях і часах замежнай мовы. З 25 лютага па 3 сакавіка прайшоў Тыдзень англійскай мовы на юрыдычным факультэце. Студэнты замест традыцыйных лекцый і семінараў удзельнічалі ў прававых чытаннях, паэтычным салоне, рыхтавалі тур для вандраванняў па Беларусі і шмат чаго яшчэ.
“I love Belarus”: з чаго складалася праграма?
Тыдзень англійскай мовы – гэта распрацоўка агульнаўніверсітэцкай кафедры англійскай мовы гуманітарных факультэтаў. Падобныя тыдні праходзяць у сваёй стылістыцы таксама на эканамічным і гістарычным факультэтах. У прыватнасці, на юрыдычным факультэце тыдзень быў прысвечаны Рэспубліцы Беларусь, яго слоган – “I love Belarus”. Як нітка, гэта тэма злучала паміж сабой усе падзеі дзён. Працоўная мова – англійская.
Студэнты рыхтавалі насценгазеты па Беларусі, яе традыцыях, славутасцях, культуры і мастацтве, таксама прыдумлялі віртуальны тур для вандраванняў па Беларусі. Некалькі дзён доўжылася анлайн-віктарына “Я люблю Беларусь”, створаная Таццянай Кавалёнак на базе Moodle. Яшчэ ў праграму ўключылі міжфакультэцкую алімпіяду па англійскай мове і інтэлектуальны ланч. Цікавым быў краіназнаўчы праект “Беларусь сустракае Брытанію” на тэму таго, як прадставіць нашу краіну замежнаму госцю. Да гэтага пытання студэнты падышлі крэатыўна: прымерылі на сябе вобраз вядомых персон (ад Францыска Скарыны да Аляксандра Саладухі), паказалі таямнічую Беларусь, успомнілі фальклор, знялі відэаролік і іншае.