На ФМА студэнты вывучаюць дзве замежныя мовы з 18, што выкладаюцца на факультэце.
Дэкан – доктар гістарычных навук прафесар Віктар Генадзьевіч ШАДУРСКІ
Адрас: г. Мінск, вул. Ленiнградская, 20
Тэл. 209-59-77
Е-mail: fir@bsu.by
www.fir.bsu.by
У складзе факультэта 13 кафедраў. Навучаюцца каля 2000 студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў, у тым ліку каля 400 замежных навучэнцаў з 25 краін. СПЕЦЫЯЛЬНАСЦІ
Вядзецца падрыхтоўка па 6 спецыяльнасцях (18 спецыялізацый) на I ступені вышэйшай адукацыі:
• Міжнародныя адносіны
Кваліфікацыя: «Спецыяліст па міжнародных адносінах. Перакладчык-рэферэнт (з указаннем мовы зносін)».
• Міжнароднае права
Кваліфікацыя: «Юрыст-міжнароднік з веданнем замежных моў (з указаннем моў зносін)».
• Сусветная эканоміка
Кваліфікацыя: «Эканаміст».
• Менеджмент (напрамак «Менеджмент у сферы міжнароднага турызму»)
Кваліфікацыя: «Менеджар-эканаміст. Перакладчык-рэферэнт (з указаннем дзвюх замежных моў)».
• Мытная справа
Кваліфікацыя: «Спецыяліст мытнай справы».
• Лінгвакраіназнаўства
Кваліфікацыя: «Усходазнаўца-міжнароднік. Перакладчык-рэферэнт (з указаннем мовы зносін)».
ЗАМЕЖНЫЯ МОВЫ
У нас вывучаюцца замежныя мовы: англійская, французская, італьянская, іспанская, партугальская, шведская, нямецкая, польская, чэшская, кітайская, карэйская, японская, персідская, арабская, іўрыт, хіндзі, турэцкая, руская мова як замежная.
СТУДЭНЦКІЯ ІНІЦЫЯТЫВЫ
На факультэце актыўна функцыянуюць органы студэнцкага самакіравання і грамадскія аб’яднанні: савет старастаў, прафсаюзнае бюро, студэнцкі саюз, пярвічная арганізацыя БРСМ, дыскусійныя клубы і інш. Студэнты могуць развіць свае арганізатарскія і камунікатыўныя навыкі.
На факультэце з удзелам студэнтаў развіваецца інтэрнэт-сайт, выдаецца студэнцкая газета «ФМОn-line».
З 1999 года факультэт міжнародных адносін першым у краіне пачаў праводзіць «Мадэляванне ААН». Гэта ролевая гульня праходзіць на англійскай мове двойчы на год – у красавіку і лістападзе.
ГРАМАДСКАЕ ЖЫЦЦЁ
На ФМА рэгулярна арганізуюцца сустрэчы студэнтаў і выкладчыкаў з дзяржаўнымі і палітычнымі дзеячамі, вядомымі навукоўцамі, беларускімі і замежнымі дыпламатамі, кіраўнікамі міністэрстваў і ведамстваў, прадстаўнікамі найбуйнейшых сусветных карпарацый, прадпрыемстваў і арганізацый, дзеячамі культуры і мастацтва.
СТУДЭНЦКАЯ НАВУКА
Студэнты прымаюць актыўны ўдзел у канферэнцыях, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, працы 6 студэнцкіх навукова– даследчых лабараторый, а таксама каля 15 навуковых гурткоў і клубаў, дзе кожны ахвотнік знойдзе сабе сферу па інтарэсах, а таксама матывацыйнае асяроддзе і каворкінг з калегамі па студэнцкай лаве.
Выпускаецца зборнік навуковых артыкулаў студэнтаў, аспірантаў і магістрантаў (выдадзена 18 выпускаў).
Факультэт арганізуе буйную штогадовую студэнцкую канферэнцыю ў красавіку, дзе арганізавана каля 60 секцый. Даклады пераможцаў публікуюцца.
І гэта яшчэ не ўсё! У 2017 годзе, прысвечаным навуцы, на ФМА БДУ прайшоў «Тыдзень студэнцкай навукі».
ФМА рэгулярна праводзіць навуковыя мерапрыемствы, міжнародныя канферэнцыі «Беларусь у сучасным свеце» і «Міжкультурная камунікацыя і прафесійна арыентаванае навучанне замежным мовам».
ПРАЦАЎЛАДКАВАННЕ
Нашы выпускнікі працуюць у Міністэрстве замежных спраў, Дзяржаўным мытным камітэце, практычна ва ўсіх міністэрствах і ведамствах краіны, у структурах міжнародных арганізацый. Значная частка выпускнікоў звязала сваю працоўную кар’еру з рэальным сектарам эканомікі, паспяхова развівае ўласны бізнес, працягвае навукова-педагагічную кар’еру. Факультэт рэгулярна атрымлівае падзякі, у якіх адзначаюцца высокія прафесійныя якасці нашых выхаванцаў.
МІЖНАРОДНЫЯ СУВЯЗІ
Магчымасць навучання за мяжой для студэнтаў факультэта рэалізуецца пасродкам акадэмічных абменаў у рамках дамоў пра супрацоўніцтва паміж БДУ і замежнымі ВНУ, а таксама ў рамках праграм акадэмічнай мабільнасці. На працягу навучальнага года некалькі сотняў студэнтаў ФМА БДУ бяруць удзел у розных праграмах акадэмічнай мабільнасці. Гэта не толькі кароткатэрміновыя візіты, канферэнцыі, семінары, конкурсы ці адна-двухтыднёвыя школы. Гэта яшчэ і навучанне на працягу ад 3 месяцаў да года ў прэстыжных універсітэтах свету, уключаючы краіны Заходняй Еўропы, Амерыкі, Кітай, Паўднёвую Карэю, Японію, Расію і шматлікія іншыя дзяржавы.
Усё, што патрабуецца ад студэнтаў – веды замежнай мовы, добрая вучоба і ініцыятыва! Адкрыйце для сябе свет адукацыі разам з намі!
Чакаем вас на факультэце міжнародных адносін БДУ!
– Што для мяне ФМА? Адказ на гэта пытанне і лёгкі, і складаны адначасова.
Мой ФМА – гэта людзі. Каманда высакакласных, высокакваліфікаваных, закаханых у сваю справу прафесіяналаў. Гэта свет магчымасцяў. Кароткатэрміновыя, доўгатэрміновыя стажыроўкі, праграмы абмену, навучальныя курсы, міжнародныя канферэнцыі і сімпозіумы – факультэт міжнародных адносін адкрывае перад студэнтамі велізарны акадэмічны свет без межаў і бар’ераў. А валоданне дзвюма замежнымі мовамі становіцца прыемным бонусам! Гэта і насычанае жыццё. Сустрэчы з беларускімі і замежнымі дыпламатамі, прадстаўнікамі палітычнага істэблішмэнту нашай краіны, замежных дзяржаў і міжнародных арганізацый. Мой ФМА – гэта сям’я, увайшоўшы ў якую, ты назаўжды становішся яе часткай.
– На факультэце міжнародных адносін я атрымала тое, што і павінна даваць адукацыя. Інфармацыю. Перспектыву, з якой на яе глядзець. Логіку, як яе аналізаваць. Людзей, з якімі яе абмяркоўваць. Выкладчыкаў, у якіх заўсёды працягваеш вучыцца.
Менавіта ФМА я дзякую за тое, што чытаю The Economist, ведаю рэгулярнасць выхаду аглядаў рынкаў сыравінных тавараў міжнародных арганізацый і маю спіс кантактаў людзей, з кім можна абмеркаваць падзеі, якія не друкуюць у навінах.