Факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі – вядомы ў Беларусі, СНД і за мяжой брэнд.
Дэкан – кандыдат фізіка-матэматычных навук дацэнт Павел Аляксеевіч МАНДРЫК
Адрас: г. Мінск, прасп. Незалежнасці, 4
Тэл. 209-52-45
Е-mail: dean_office_fpmi@bsu.by
www.fpmi.bsu.by
Узровень падрыхтоўкі на факультэце ў галіне матэматыкі і сістэмнага праграмавання адпавядае найлепшым сусветным узорам.
Дзейнічаюць 11 кафедраў, 4 НДЛ, 7 навучальных лабараторый, цэнтр кампетэнцый па інфармацыйных тэхналогіях, школа аналізу дадзеных, а таксама 6 філіялаў на базе АІПІ НАН Беларусі і шэрагу ІТ-кампаній.
ФПМI ўяўляе сабой навукова-адукацыйны комплекс, працуе сумесна са створанымі на яго базе НДІ прыкладных праблем матэматыкі і інфарматыкі і Інстытутам павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі ў галіне тэхналогій інфарматызацыі і кіравання.
СПЕЦЫЯЛЬНАСЦІ
• «Прыкладная матэматыка», напрамак: навукова-вытворчая дзейнасць. Кваліфікацыя – «Матэматык-праграміст».
• «Інфарматыка». Кваліфікацыя – «Матэматык – сістэмны праграміст».
• «Эканамічная кібернетыка», напрамак: матэматычныя метады і камп’ютарнае мадэляванне ў эканоміцы. Кваліфікацыя – «Матэматык-эканаміст».
• «Актуарная матэматыка». Кваліфікацыя «Матэматык-фінансіст».
• «Камп’ютарная бяспека», напрамак: матэматычныя метады і праграмныя сістэмы. Кваліфікацыя «Спецыяліст па абароне інфармацыі. Матэматык».
• «Прыкладная інфарматыка», напрамак: праграмнае забеспячэнне камп’ютарных сістэм. Кваліфікацыя – «Інфарматык. Спецыяліст па распрацоўцы праграмнага забеспячэння».
СУВЯЗЬ З ВЫТВОРЧАСЦЮ
Факультэт цесна супрацоўнічае і мае афiцыйныя дамовы аб падрыхтоўцы спецыялістаў з Нацыянальным банкам i шматлiкiмi камерцыйнымi банкамi, з больш як 100 кампанiямі ПВТ і іншымі арганізацыямі, сярод якіх «Беларусбанк», «Прыёрбанк», «Белінвестбанк», «ЭПАМ Сістэмз», IBA, «Ітранзішн», «Сістэмныя тэхналогіі», «Гейм Стрым», «ЯндэксБел», «Вайбер Медыя», «Ісофт Салюшэнз», «НавучСофт», «Софтклуб» і іншыя.
МІЖНАРОДНЫЯ СУВЯЗІ
Нашы студэнты ўдзельнічаюць у адукацыйных праграмах у Літве, Латвіі, Нарвегіі, Германіі, Польшчы, Італіі. Факультэт паспяхова працуе і ў рамках міжнародных праектаў (Tempus, Erasmus+, DAAD). Распрацаваны шэраг сумесных магістарскіх праграм.СТУДЭНЦКАЕ ЖЫЦЦЁ
Студэнцкае жыццё насычана яркімі падзеямі: турсцяжына першакурсніка, студэнцкiя капуснiкi, канцэрты факультэцкай каманды КВЗ, калядная акцыя «ФПМушка» і, вядома, дні нараджэння факультэта – 1 красавіка!
Кожны год з’яўляюцца і новыя мерапрыемствы, якія становяцца ўнікальнымі падзеямі ў культурным і інтэлектуальным жыцці факультэта: «Лямпавы вечар», «Музычныя пятніцы», кінавечары і размовы пра сапраўднае кіно і іншыя.СІСТЭМА БЕСПЕРАПЫННАЙ АДУКАЦЫІ
На факультэце дзейнічае сістэма бесперапыннай адукацыі, арыентаванай на прадметы «Матэматыка» і «Інфарматыка». Сістэма ўключае пастаянныя школы для юнацтва (пачынаючы з 5 класа СШ) і мерапрыемствы алімпіядна-конкурснага і навучальнага характару (алімпіяды, канферэнцыі, вучэбныя зборы рознага ўзроўню, летнія школы).
Вынікам з’яўляецца высокі ўзровень абітурыентаў, якія паступаюць на факультэт. На факультэце ёсць факультатыўныя курсы для тых, каму патрэбная дапамога пры пераходзе ад школы ва ўніверсітэт, курсы, семінары, школы для найбольш зацікаўленых
у далейшым паглыбленні сваіх ведаў і навыкаў у розных галінах сучаснай матэматыкі і інфарматыкі (школа аналізу дадзеных, семінары па дадатковых раздзелах матэматыкі і інфарматыкі).
І як пастаянны вынік – поспехі нашых студэнтаў на самых прэстыжных рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах.
ДАСЯГНЕННІ
Студэнты ФПМІ шматразова былі фіналістамі каманднага чэмпіянату свету па праграмаванні (ACM ICPC), у якім прымаюць удзел каманды звыш 2300 універсітэтаў! Найвышэйшага поспеху наша каманда дасягнула ў 2004 г., калі заваявала залаты медаль, у 2008 г. – бронзавы, а ў 2012 і 2013 гг. – сярэбраныя.
Увесь час нашы студэнты і выпускнікі дэманструюць высокія вынікі ў спаборніцтвах праграмістаў (IEEEXtreme, TopCoder, Google HashCode і іншых).
Адным з апошніх прыкладаў стала абсалютная перамога каманды YMTeam (Раман Удавічэнка і Сяргей Жгіроўскі – выпускнікі ФПМІ 2014 г.) у фінале Google HashCode у Парыжскім офісе Google у 2016 г. (на другім месцы апынуліся студэнты з прэстыжнага МФТІ).
На алімпіядах па матэматыцы з 2001 г. студэнты ФПМІ заваявалі больш за 80 медалёў (сярод iх – 40 залатых), у тым ліку першыя месцы ў камандным спаборніцтве.
Адзначым, што:
– больш за 900 студэнтаў сталі лаўрэатамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта РБ па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, сярод іх 147 студэнтаў узнагароджаны нагруднымі знакамі;
– дактарамі навук сталі больш за 50 выпускнікоў, а непасрэдна супрацоўнікамі факультэта абаронены больш за 30 доктарскіх дысертацый, на факультэце падрыхтавана і абаронена больш за 300 кандыдацкіх дысертацый, апублікавана каля 500 манаграфій, падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў.
ФПМІ – гэта нестандартны погляд на розныя бакі нашага жыцця з пазіцый сучаснага стылю і спосабу мыслення!
ВОДГУКІ ВЫПУСНІКОЎ
Аляксей ТУЗІКАЎ, генеральны дырэктар Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі. Выпускнік 1980 г.
– ФПМІ сапраўдны лідар у краіне па падрыхтоўцы спецыялістаў у галіне прыкладной матэматыкі і інфарматыкі. Высокая якасць адукацыі – на ўзроўні самых прэстыжных сусветных стандартаў – заснавана перш за ўсё на высокапрафесійных спецыялістах, якія працуюць на факультэце, а таксама на скрупулёзным адборы абітурыентаў. Нездарма попыт на выпускнікоў ФПМІ не проста высокі – у любой арганізацыі (навуковая ўстанова, ВНУ, банк або ІТ-кампанія) кожны кіраўнік ведае: выпускнікі факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі адразу і лёгка ўключаюцца ў самую складаную працу і дамагаюцца поспеху.
Аляксей Сікорскі, кіраўнік офіса распрацоўкі Yandex у Беларусі. Выпускнік 2007 года.
– ФПМІ стаў для мяне крыніцай ведаў у галіне матэматычных і камп’ютарных навук. Высокі ўзровень падрыхтоўкі выкладчыкаў і студэнтаў дазваляе вывучаць самы складаны матэрыял, які праз гады становіцца фундаментальнай асновай у вытворчай дзейнасці. Разам з маланкавым развіццём ІТ-тэхналогій змяняюцца праграмы і дысцыпліны навучання, пашыраюцца галіны навуковых даследаванняў, паляпшаецца матэрыяльна-тэхнічная база. Адкрытасць факультэта дазваляе выбудоўваць сучасныя сумесныя праграмы падрыхтоўкі спецыялістаў і быць пастаянна на самых перадавых пазіцыях у галіне практыка-арыентаваных інфармацыйных тэхналогій.