Гістарычны факультэт – гэта традыцыі і інавацыі, паглыбленне ў мінулае нашай Радзімы і ўпэўнены крок у будучыню.
Дэкан – доктар гістарычных навук прафесар Аляксандр Генадзьевіч КАХАНОЎСКІ
Адрас: г. Мінск, вул. Чырвонаармейская, 6
Тэл. 209-55-98
Е-mail: hist@bsu.by
www.hist.bsu.by
У склад уваходзяць: 9 кафедраў, 4 лабараторыі, а таксама музей археалогіі, этнаграфіі і антычнага мастацтва. Яго нумізматычная калекцыя – адна з самых багатых і каштоўных у краіне.
Праграмы першай ступені вышэйшай адукацыі асвойваюць 1015 студэнтаў (у тым ліку 525 студэнтаў дзённай формы навучання і 490 студэнтаў завочнай формы навучання). Па праграмах другой ступені вышэйшай адукацыі навучаюцца 89 магістрантаў, у аспірантуры і дактарантуры – 79 чалавек.
СПЕЦЫЯЛЬНАСЦІ
• Гісторыя. Напрамкі: айчынная і ўсеагульная гісторыя, паліталогія, археалогія, этналогія, гісторыя мастацтваў, гісторыя рэлігій, гістарычная інфарматыка, гісторыя міжнародных зносін;
• Гісторыка-архівазнаўства;
• Музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны. Напрамкі: гісторыя і музеалогія, мастацтвазнаўства і музеалогія, культурная спадчына і турызм;
• Дакументазнаўства. Напрамкі: дакументацыйнае забеспячэнне кіравання, інфармацыйнае забеспячэнне кіравання.
ПРАКТЫКА-АРЫЕНТАВАНАЕ НАВУЧАННЕ
Гістарычны факультэт актыўна ўзаемадзейнічае з органамі дзяржаўнага кіравання, школамі і гімназіямі, музейнымі, архіўнымі, турыстычнымі і іншымі ўстановамі, у тым ліку такімі, як Дэпартамент па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Беларусі, Інстытут гісторыі НАН, Нацыянальны гістарычны музей, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і інш. На іх базе праводзяцца навучальныя і вытворчыя практыкі, выконваюцца курсавыя і дыпломныя працы, вядзецца прафарыентацыйная праца, створаны чатыры філіялы кафедраў. МІЖНАРОДНЫЯ СУВЯЗІ
Гістарычны факультэт падтрымлівае цесныя сувязі з гістарычным факультэтам МДУ імя М. В. Ламаносава, іншымі ўніверсітэтамі Расіі, Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Латвіі, Літвы, Германіі, Англіі і інш. За апошнія два гады студэнты стажыраваліся ў МДУ імя М. В. Ламаносава, Латвійскім універсітэце г. Рыга, універсітэце Брно, універсітэце Пльзеня, універсітэце Брэмена, універсітэце Цюбінгена, універсітэце Кента і шэрагу іншых. У 2018 г. быў праведзены чарговы міжнародны расійска-беларускі конкурс студэнцкіх навуковых прац па гісторыі (сумесна з МДУ імя М. В. Ламаносава), студэнцкі конкурс сумесна з Уроцлаўскім універсітэтам. Студэнты некалькі гадоў запар выязджалі на археалагічныя раскопкі на тэрыторыі Польшчы.
Арганізоўваюцца экскурсійныя паездкі для знаёмства з культурай суседніх краін (Расія, Літва, Польшча).
СТУДЭНЦКАЯ НАВУКА
Больш за 30 % студэнтаў займаюцца даследчай працай, бяруць удзел у міжнародных, рэспубліканскіх, універсітэцкіх канферэнцыях. Пры кафедрах дзейнічаюць 2 студэнцкія лабараторыі і 13 навуковых гурткоў. У гуртку MUSEUM, экскурсійным клубе In VIA праводзяцца віктарыны, конкурсы і іншыя мерапрыемствы па пытаннях папулярызацыі гісторыка-культурнай, духоўнай спадчыны і дасягненняў Беларусі. Савет па якасці адукацыі сумесна з саветам маладых навукоўцаў факультэта выпускаюць электронны навуковы часопіс Historicus luvenis. Акрамя таго, дзейнічаюць творчыя і спартыўныя аб’яднанні студэнтаў, інтэлектуальныя «Дэбат-клуб» і «Што? Дзе? Калі?».
ПРАЦАЎЛАДКАВАННЕ
У 2018 г. усе выпускнікі-бюджэтнікі гістарычнага факультэта былі забяспечаны першым працоўным месцам.
Выпускнікі спецыяльнасці «Гісторыя (па напрамках)» былі размеркаваны: 54 % ва ўстановы адукацыі; 22 % у Інстытут гісторыі НАН Беларусі, музеі, архівы; 7 % у органы МУС і мытнага камітэта, іншыя дзяржустановы; 17 % у БДУ, грамадскія арганізацыі і іншыя ўстановы. Выпускнікі спецыяльнасці «Музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны (па напрамках)» былі размеркаваны: 11 % у музеі; 89 % у турыстычныя фірмы. Тыя, хто засвоіў праграму спецыяльнасці «Дакументазнаўства (па напрамках)», размеркаваны ў розныя арганізацыі: 21 % у мытныя органы, выканаўчыя камітэты, банкі, БелНДІДАД; 7 % у архівы, музеі; 14 % ва ўстановы адукацыі; 58 % у іншыя ўстановы. Выпускнікі спецыяльнасці «Гісторыка-архівазнаўства» былі размеркаваны: 69 % у архівы, БелНДІЦЭД; 8 % ва ўстановы адукацыі; 23 % у дзяржаўныя і іншыя ўстановы.
ПРАКТЫКІ
Па завяршэнні першай летняй сесіі студэнты выязджаюць на археалагічную і этнаграфічную практыку. Шматлікія знаходкі, якія характарызуюць розныя аспекты і перыяды гісторыі Беларусі, папаўняюць калекцыі музейнага збору факультэта і прадстаўлены ў экспазіцыі навучальнай лабараторыі. Праграмы падрыхтоўкі спецыялістаў уключаюць таксама інфармацыйную, эўрыстычную, музейна-экскурсійную, дакументазнаўчую, педагагічную і іншыя практыкі.
СТУДЭНЦКІЯ ІНІЦЫЯТЫВЫ
Студэнцкія арганізацыі факультэта рэалізуюць розныя моладзевыя праекты, каб прыўнесці штосьці новае, нестандартнае, «крэатыўнае» ў жыццё. У штогадовых мерапрыемствах «Турзлёт у Анусіне», «Капуснік», «Хвіліна славы», «Містар гістфака», «Дзень гістарычнага факультэта», «Дні айчыннай гісторыі» і іншых бярэ ўдзел вялікая колькасць студэнтаў усіх курсаў.
ВОДГУКІ ВЫПУСНІКОЎ
Алег Аляксеенка, намеснік дэкана факультэта глабальных працэсаў МДУ імя М. В. Ламаносава. Сакратар міжнароднай арганізацыі «Еўразійская Садружнасць». Выпускнік 2009 года.
– Я ўдзячны роднаму факультэту за найвышэйшую якасць класічнай адукацыі і тыя шырокія магчымасці, якія ён прадставіў. Ні разу з моманту заканчэння ўніверсітэта я не пашкадаваў аб сваім выбары і ў сваёй прафесійнай дзейнасці заўжды адзначаю, што базавыя складнікі маіх паспяховых пачынанняў і спраў былі закладзены на гістфаку БДУ. Атмасфера павагі, універсітэцкай карпарацыі, якая пануе на факультэце, яго багатыя традыцыі назаўжды застануцца са мной. Як і людзі, з якімі мы сталі сябрамі за гады навучання. Хачу выказаць словы глыбокай удзячнасці выкладчыкам, настаўнікам і адміністрацыі факультэта. Сваім прыкладам, парадамі, ведамі і падтрымкай вы дапамагаеце студэнтам развіваць іх здольнасці і раскрываць патэнцыял. Вялікі дзякуй вам за вашу працу!
Вячаслаў Качанаў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Эстоніі. Выпускнік 1985 года.
– Гістарычны факультэт БДУ дазволіў атрымаць сапраўды шырокія і разнастайныя веды. Куды б ні закінуў лёс, ты як быццам трапляеш у «да болю знаёмыя месцы», гісторыю якіх добра ведаеш, можаш многае зразумець. Асабліва каштоўным «бонусам» становіцца дэталёвае веданне мінулага сваёй уласнай краіны, якая цікавая і дзівосная для многіх у свеце. Не выпадкова многія дыпламаты, якія цяпер узначальваюць шэраг упраўленняў МЗС, прайшлі праз наш факультэт.