Пакуль надвор’е на вуліцы не можа выбраць паміж зімой і вясной, на філалагічным факультэце БДУ пануе па-веснавому ўтульная атмасфера адзінства. Чаму? Таму што ў чарговы раз Тыдзень роднай мовы аб’яднаў людзей з рознымі мэтамі, інтарэсамі, нават роднымі мовамі, але з усеагульнай вялікай любоўю да слова. Але што мусіла згуртаваць такіх непадобных людзей? А вось што.
21 лютага адбылося ўрачыстае адкрыццё Тыдня роднай мовы. Літаратурна-музычная кампазіцыя «Я слаўлю мову як яднання дар» была падрыхтаваная студэнтамі факультэта. Дзякуючы ім прысутныя атрымалі магчымасць пачуць 16 моў свету. За такі шанец студэнтам падзякавалі і ганаровыя госці імпрэзы: прарэктар па выхаваўчай рабоце і сацыяльных пытаннях І. І. Янушэвіч, дэкан філалагічнага факультэта І. С. Роўда, акадэмік НАН Беларусі А. А. Лукашанец, намеснік дырэктара па навукова-даследчай рабоце Нацыянальнага інстытута адукацыі В. У. Зелянко, паэт А. М. Зэкаў. Як адзначыў Іван Сямёнавіч, адна з мэт правядзення Тыдня роднай мовы – прадэманстраваць разнастайнасць, якая ўсё ж такі нас усіх аб’ядноўвае, а не раз’ядноўвае. У студэнтаў філалагічнага факультэта выдатна атрымалася пацвердзіць гэтую думку.
У пятніцу інтэлектуальна-пазнавальная гульня «Філалогія і Я» працягнула шэраг святочных мерапрыемстваў. Першакурснікі спецыяльнасцей «беларуская філалогія», «руская філалогія», «славянская (руска-беларуская) філалогія» змагаліся за перамогу ў намінацыях: «Рэклама», «КВЗ», «Міні-паэма пра беларускую мову», «Песня з 10 лінгвістычнымі тэрмінамі», «Беларуская мова і літаратура». Перамогу атрымала 1 беларуская група. Напісаная старастай песня «Глядзець на свет праз флексію нулявую…» стала сапраўдным гімнам групы.
25 лютага студэнтаў прыняла лінгвістычна-дыскусійная гасцёўня «Яны змаглі, а Ты зможаш?». Юныя філолагі пераканаліся, што любоў да слова і бізнес добра працуюць разам. Госці сустрэчы на сваім прыкладзе паказалі, што філолаг – прафесія ўніверсальная ў поўным сэнсе гэтага слова.
Сярод гасцей была выпускніца філфака, а сёння дырэктар «Цэнтра славянскіх моў і культур» Ірына Зімнева, а таксама дацэнт кафедры тэарэтычнай і інстытуцыянальнай эканомікі Любоў Шумская. Спікеры падзяліліся ўласным досведам. А пасля студэнты-філолагі прэзентавалі свае бізнес-планы, пачынаючы з ідэі пракату ровараў і заканчваючы стварэннем літаратурнай кавярні.
На наступны дзень студэнтаў і гасцей факультэта чакала прэзентацыя кнігі В. П. Лемцюговай і І. А. Гапоненка «Карані нашых прозвішчаў». Сярод іншых на мерапрыемства быў запрошаны і дырэктар Інстытута мовазнаўства Ігар Капылоў. Ён выказаў выдатную думку: «Для таго, каб захаваць мову, патрэбна захаваць сувязь пакаленняў» . Ігар Лявонавіч пацвердзіў сваё меркаванне аповедам пра Валянціну Лемцюгову і яе дачку Ірыну Гапоненка. На жаль, Валянціна Пятроўна не пабачыла выхаду ў свет кнігі, якая была напісана ў суаўтарстве з дачкой, але Ірына Алегаўна выказала спадзеў: «Хочацца верыць, што гэта не канец, а толькі пачатак навуковага даследавання».
27 лютага – Дзень беларускага перакладу. На філфаку адбылася прэзентацыя новых перакладаў твораў знакамітых замежных пісьменнікаў на беларускую мову. Сярод новых выданняў – серыі перакладаў «Паэты Планеты» і «Драматургі свету», беларускамоўная версія кнігі Джэйн Остэн «Гордасць і перадузятасць». Падчас прэзентацыі не забылі і пра выкладчыкаў філалагічнага факультэта, якія зрабілі вялікі ўнёсак у справу беларускага перакладу.
Тыдзень роднай мовы завяршыўся Днём беларускай дзяржаўнасці. Тэматычную лекцыю для студэнтаў прачыталі Віталій Макарэвіч, загадчык кафедры гісторыі Беларусі новага і найноўшага часу, кандыдат гістарычных навук, дацэнт; Уладзімір Падалінскі, загадчык кафедры гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Заключнае мерапрыемства Тыдня роднай мовы прайшло для прысутных пазнавальна: госці дазналіся безліч падрабязнасцяў з гісторыі дзяржаўнасці Беларусі, што, безумоўна, натхніць іх на далейшае вывучэнне сваёй гісторыі.
Такім чынам, Тыдзень роднай мовы стаў важнай падзеяй і цудоўнай традыцыяй на філалагічным факультэце. Да яго далучыліся даследчыкі, пісьменнікі, філолагі, гісторыкі і эканамісты. Гэта не толькі паказвае моўнае і творчае багацце факультэта, але і ў чарговы раз аб’ядноўвае такіх розных, не падобных адзін да аднаго людзей.