БДУ на выставе TIBO–2019: чым здзівіў універсітэт?

22 Apr, 2019.

TIBO–2019 , БГУ, БДУБеларускі дзяржаўны ўніверсітэт 9–12 красавіка прыняў удзел у працы XXVI Міжнароднага форуму па інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях TIBO.

Тут БДУ прадэманстраваў каля 15 праектаў у галіне лічбавай трансфармацыі адукацыі. У экспазіцыю беларускага ўніверсітэта ўвайшлі шматфункцыянальны вымяральны комплекс Alma Meter, сэрвіс Электроннай бібліятэкі, аўтаматызаваныя дыягнастычныя комплексы серыі “ПсіхаЭргаТэст”, электронная сістэма размеркавання выпускнікоў CV.BSU.BY. Былі таксама прадстаўлены першы беларускі ўніверсітэцкі спадарожнік, дызайнерскі праграмуемы экран LED Squares Board, таксама “карта студэнта” – студэнцкі білет, сумешчаны з дэбетавай карткай міжнароднай аплатнай сістэмы Mastercard, і інш.

Распрацоўкі ўніверсітэта на TIBO ўключаюць у сябе актуальныя і запатрабаваныя тэхналогіі і прадукцыю, распрацаваныя ў лабараторыях навукова-даследчых інстытутаў і факультэтаў універсітэта.

Матэматыка – гэта проста!
На “Адукацыйнай алеі” студэнты прыродазнаўчанавуковых і тэхнічных спецыяльнасцяў БДУ прэзентавалі свае распрацоўкі. Адна з іх – інтэграваны інтэрактыўны адукацыйны рэсурс Quali.me. Ён распрацаваны на факультэтам сацыякультурных камунікацый кафедрай інфармацыйных тэхналогій. Кіраўнік праекта – кандыдат педагагічных навук Ірына Сіроціна. Ён уключае чатыры часткі, якія прысвечаны вывучэнню матэматыкі. Праект існуе з 2013 года.
 
TIBO–2019 , БГУ, БДУ

“Я з нуля распрацаваў цяперашнюю версію сайта, – распавядае студэнт 1 курса Станіслаў Даронін. – Наша кіраўніца вельмі адказна і далікатна ставіцца да праекта, таму кожная спасылка і элемент правераны мноства разоў, памылкі практычна выключаны. Метадалогія сайта пабудавана з улікам таго, што карыстальнік не можа факусаваць сваю ўвагу больш за 5–10 хвілін на адной старонцы. Тэкст кожнай тэмы візуальна прапрацаваны і прачытваецца за пяць хвілін ці ў два скролы”.

Пра сваю ролю ў праекце распавядае студэнтка 1 курса Ксенія Пратасеня: “Я і Вера Рутко кантэнт-менеджары, загружаем кантэнт на сайт, у тым ліку і аўтарскі, які распрацоўвае Ірына Казіміраўна. Ён настолькі выразна зроблены, што не застаецца “лішняй” інфармацыі, толькі тое, што трэба для школьнікаў, студэнтаў і выкладчыкаў”.

TIBO–2019 , БГУ, БДУ

У праекта ўжо распрацавана гульня для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў на Android, дзе дзеці хутка і займальна вучацца матэматыцы. Ёсць і сувенірная прадукцыя, якую змайстравалі творчыя калегі па факультэце. Цяпер Quali.me пашырае геаграфічныя межы, у распрацоўцы англійская версія сайта. Па словах студэнтаў, рэсурс мае шмат карыстальнікаў-замежнікаў, у лідарах Канада. Матэматычныя тэксты аўтаперакладам немагчыма перакласці дакладна. “Напрыклад, у нас – экспанента, а за мяжой – лік Эйлера. І такіх адрозненняў мноства, вось чаму мы прыцягнулі перакладчыка з ведамі прафесійнай англійскай”, – тлумачыць Станіслаў.

У планах у студэнтаў свой ютуб-канал, які пакажа студэнцкае жыццё знутры, як улог, толькі з матэматыкай.

Рэактар на адлегласці
Высвятляецца, хімічныя рэакцыі ў рэактары можна праводзіць за тысячы кіламетраў! Гэта даказвае міжнародны праект МАГАТЭ “Інтэрнэт-рэактар лабараторыя ў Еўропе”. У праекце ўдзельнічаюць студэнты-хімікі спецыяльнасці “Хімія высокіх энергій”. Лабараторныя працы праводзяцца ў фармаце відэаканферэнцыі з выкладчыкамі французскага Нацыянальнага інстытута ядзернай навукі і тэхналогіі (INSTN). Праект накіраваны на развіццё ядзернай адукацыі ў Беларусі і павышэнне якасці падрыхтоўкі спецыялістаў для нацыянальнай ядзернай энергетыкі.
 
TIBO–2019 , БГУ, БДУ

Аляксандра Захарава, студэнтка 3 курса хімічнага факультэта БДУ: “Гэта міжнароднае супрацоўніцтва, у праекце не толькі наша краіна. У нашай спецыяльнасці ёсць асобны курс лабараторных прац. Мы звязваемся з французскімі выкладчыкамі ў рэжыме анлайн, яны кіруюць намі, распавядаюць, якія дзеянні можна цяпер зрабіць з рэактарам, паказваюць сам рэактар, яго ўнутраную частку – твэйлы, басейн. Мы бачым гэта дзякуючы ўсталяваным унутры камерам, якія даюць нам поўнае ўяўленне пра тое, што ў ім адбываецца. Выкладчык вядзе ўрок на размоўнай англійскай мове. Па адмыслова распрацаваных лабараторных метадычках мы вырашаем задачы і вывучаем мадэль рэактара”.

Космас у скрыначцы
Пакуль нанаспадарожнік БДУ перасякае абшары космасу, студэнты факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій вучацца будаваць падобныя апараты на парах па макетах. Такія два макеты імітатара звышмалога касмічнага апарата і прадставілі на “Адукацыйнай алеі”, адзін – амерыканская версія, другі – уласная распрацоўка радыёфізічнага факультэта. Макеты прызначаны для адукацыйных мэт, нагляднай дэманстрацыі будовы спадарожніка, яго модуляў, навучанню прыёму і перадачы дадзеных з імітатара.

Вячаслаў Еўчык, 4 курс ФРКТ: “На факультэце ёсць адзіная спецыяльнасць у Беларусі, пасля якой можна працаваць са спадарожнікамі, я на ёй вучуся – гэта “аэракасмічныя, радыёэлектронныя сістэмы і тэхналогіі”. Аднак прадстаўлены імітатар распрацавалі студэнты з розных спецыяльнасцяў і курсаў. Напаўненне імітатара такое ж, як і ў сапраўднага спадарожніка, адзінае адрозненне – вонкавы выгляд. Абшыўка студэнцкага спадарожніка надрукавана на 3D-прынтары, які ёсць на факультэце. Цяпер я працую над яшчэ адным імітатарам, драбнейшым, фармату 2U (10х10х20)”.

TIBO–2019 , БГУ, БДУ

“Адукацыйную алею” наведаў рэктар БДУ Андрэй Кароль, а таксама Прэм’ер-міністр нашай краіны Сяргей Румас.

Надзея МАРХЕЛЬ
Фота Васіля Кузьмічкіна
Яшчэ больш фота у лічбавым фотаархіве БДУ
print

Вам таксама можа спадабацца: