У новым фармаце навуковыя часопісы ўніверсітэта выходзяць трэці год. Ужо ў маі перад міжнародным экспертным саветам Scopus паўстане наш першы «кандыдат» – «Часопіс Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Гісторыя». Расказваем пра тое, як часопісы БДУ рыхтуюцца да ўваходжання ў сусветную навукова-інфармацыйную прастору.
Прысутнасць у базах даных пашырае бачнасць часопісаў у міжнароднай навуковай супольнасці і падтрымлівае іх аўтарытэт
Сёння існуе праблема выбару часопіса для публікацыі, паколькі сярод навуковых выданняў сустракаецца шмат драпежніцкіх, ці, як іх яшчэ называюць, смеццевых часопісаў, асноўная мэта якіх – зарабіць, таму аўтарам варта дбайна выбіраць выданні для
публікацыі. Надзейней за ўсё звярнуцца да базы даных Scopus. У БДУ падрыхтоўка да падачы заяўкі ў Scopus вядзецца даўно. У 2016 г. упраўленне рэдакцыйна-выдавецкай работы цалкам змяніла часопісы ў адпаведнасці з патрабаваннямі міжнародных навуковых баз даных: назвы, склад рэдкалегій, правілы падачы артыкулаў, афармленне матэрыялаў і бібліяграфічных спісаў і інш.
З 2018 г. функцыянуюць сайты часопісаў і электронная рэдакцыя, якая ўключае ў сябе ўсю працу па адборы артыкулаў (у тым ліку рэцэнзаванне), падрыхтоўку іх да друку (літаратурнае рэдагаванне, апрацоўка ілюстрацый да матэрыялу, вёрстка, узгадненне з аўтарамі) і публікацыю на сайце. Таксама ў межах гэтай сістэмы вядзецца перапіска з аўтарамі. Такім чынам, электронная рэдакцыя спрашчае дакументазварот, сістэматызуе інфармацыю і гарантуе яе захаванасць. Паступова ўводзіцца двайное сляпое рэцэнзаванне, дзякуючы якому забяспечваецца якасны кантэнт. З 2019 г. артыкулам найбольш перспектыўных часопісаў надаецца DOI – ідэнтыфікацыйны нумар. Публікацыям у першых выпусках гэтага года («Часопіс БДУ. Хімія» і «Часопіс БДУ. Біялогія») DOI ўжо прысвоены.
Галоўны крытэрый вызначэння прыярытэтных часопісаў – адпаведнасць міжнародным патрабаванням
Для падачы заяўкі ў Scopus вызначаны чатыры прыярытэтныя часопісы: «Часопіс БДУ. Гісторыя», «Часопіс БДУ. Геаграфія. Геалогія», «Часопіс БДУ. Матэматыка. Інфарматыка», «Часопіс БДУ. Фізіка». Менавіта яны на дадзены момант больш за ўсё адпавядаюць патрабаванням Scopus. Рэдкалегіі і ўпраўленне рэдакцыйна-выдавецкай работы ўжо завяршаюць работу па фарміраванні палітыкі часопісаў (інфармацыя пра адкліканне артыкула, адносіны рэдкалегіі да выпадкаў фальсіфікацыі і фабрыкацыі даных, самаплагіяту і самацытавання) і прывядзенні іх у адпаведнасць з патрабаваннямі міжнародных навуковых баз даных, такімі як геаграфічная разнастайнасць складу рэдкалегій і аўтараў (не толькі з краін СНД), наяўнасць профілю ў ORCID (ідэнтыфікацыйны нумар, які дазваляе прагледзець інфармацыю пра аўтара і яго публікацыі), актуальнасць інфармацыі на сайтах, высокі ўзровень англійскай мовы, адбор якасных навуковых даследаванняў, структураванне артыкулаў паводле сістэмы IMRAD (introduction, methods, results and discussion), дакладнасць бібліяграфічных спасылак. У межах падрыхтоўкі да ўваходжання ў Scopus пададзена заяўка на ўключэнне БДУ ў члены Асацыяцыі навуковых рэдактараў і выдаўцоў. Гэта падкрэслівае гатоўнасць універсітэта прытрымлівацца этычных прынцыпаў (згодна з рэкамендацыямі міжнароднага Камітэта па публікацыйнай этыцы) пры падрыхтоўцы навуковых выданняў.
Увайсці ў Scopus – мала, важна там утрымацца
Ацэнка часопіса праводзіцца ў два этапы: спачатку – расійскім экспертным саветам, а ў выпадку ўхвалення – асноўным экспертным саветам Scopus. У першую чаргу эксперты правяраюць часопіс на адпаведнасць фармальным крытэрыям: аналізуецца сайт, дзе ўся інфармацыя павінна быць актуальнай і прыводзіцца на дзвюх мовах – рускай і англійскай. Далей камісія ўважліва правярае выпускі часопісаў, якасць артыкулаў, іх адпаведнасць тэматыцы, цытаванасць.
– Упраўленне рэдакцыйна-выдавецкай работы правяло велізарную працу, каб вывучыць і выканаць патрабаванні міжнародных навуковых баз даных і ва ўзаемадзеянні з рэдкалегіямі павысіць узровень нашых выданняў. Дзякуючы такому плённаму супрацоўніцтву мы маем прыярытэтныя часопісы, якія сёлета падаюць заяўку ў Scopus, – дзеліцца начальнік УРВР Наталля Герасімовіч і адзначае: – На дадзены момант, паводле водгукаў аўтараў, рэдакцыйная работа ў часопісе адпавядае практыцы падрыхтоўкі артыкулаў у міжнародных рэйтынгавых часопісах.
Падрыхтавала
Валерыя Бандарчык