Красавік – час, калі выпускнікі ўсіх факультэтаў канчаткова даведаюцца, куды на два гады адправяцца працаваць у якасці маладых спецыялістаў. З гэтай нагоды публікуем адказы на самыя папулярныя пытанні пра размеркаванне, якія ў рамках семінара, арганізаванага прафкамам студэнтаў БДУ, далі спецыялісты Галоўнага ўпраўлення адукацыйнай дзейнасці і ўпраўлення прававой работы.
– Хто падлягае размеркаванню?
Размяркоўваюць выпускнікоў, якія атрымалі адукацыю на дзённай бюджэтнай форме, а таксама тых, хто правучыўся на бюджэце палову тэрміну навучання, напрыклад, два гады з чатырох.
– Ці будзе адтэрміноўка, калі паступіць у магістратуру?
Абавязак па адпрацоўцы не распаўсюджваецца толькі на тых, хто ў год атрымання вышэйшай адукацыі паступіў у дзённую бюджэтную магістратуру. Тады вы здаяце сваё накіраванне на працу і вучыцеся. Пасля заканчэння магістратуры вас пераразмяр- куюць. У выпадку, калі вы паступілі ў завочную магістратуру ці на платную форму другой ступені вышэйшай адукацыі, адтэрміноўка размеркавання не прадугледжана.
– Ці абавязкова працаўладкоўвацца на поўную стаўку?
Наймальнік абавязаны гарантаваць поўную занятасць, гэта значыць, калі пры працаўладкаванні вам сказалі: «У нас няма поўнай стаўкі, мы вам дадзім чвэрць», – а вас гэта не задавальняе, маеце права патрабаваць поўную стаўку. Але калі ў вас ёсць, напрыклад, другая праца і вы б самі хацелі па месцы размеркавання працаваць, скажам, на 0,25 стаўкі – гэта не забаронена.
– Што адбудзецца, калі не з’явіцца на размеркаванне ў тэрмін?
Маладыя спецыялісты павінны распачаць працу 1 жніўня (педагогі – 15). Калі выпускнік не з’яўляецца на месца адпрацоўкі ў гэты тэрмін, наймальнік мае права яго не працаўладкаваць. У гэтым выпадку яму неабходна пакрыць сродкі, выдаткаваныя на сваё навучанне.
– Ці магчыма змяніць месца размеркавання?
На працягу ўсяго тэрміну адпрацоўкі – двух гадоў – вы маеце права на пераразмеркаванне. Для гэтага неабходна атрымаць згоду двух наймальнікаў на пераразмеркаванне ад аднаго да другога. Усе працэдуры пераразмеркавання ажыццяўляе выключна ўніверсітэт.
– Ці можа наймальнік не адпусціць на пераразмеркаванне?
Так, гэта яго права. Аднак, як адзначае намеснік начальніка
ГУАД Вераніка Дабравольская, выпадкі, калі наймальнік адмаў- ляе ў пераразмеркаванні, рэдкія. Нежаданне адпускаць маладога спецыяліста часцей за ўсё абумоўлена аб’ектыўнымі прычынамі, напрыклад, калі выпускнік працуе ў IT-галіне і завязаны на канкрэтным праекце.
– Што рабіць, калі хочаш перапыніць адпрацоўку па ўласным жаданні?
Неабходна звярнуцца ва ўніверсітэт, каб вам разлічылі суму сродкаў за неадпрацаваны тэрмін па размеркаванні. Гэта займае да 15 дзён. Затым вам выстаўляюць суму пакрыцця сродкаў, і вы вырашаеце: або працягнуць адпрацоўку, або ў добраахвотным парадку пагасіць гэту суму. Толькі пасля поўнай выплаты вы атрымаеце даведку пра самастойнае працаўладкаванне і зможаце звольніцца.
– Што адбываецца, калі кампанія, у якой адпрацоўваеш размеркаванне, ліквідуецца?
Усе арганізацыі, надзеленыя правам ажыццяўляць працоўную дзейнасць на тэрыторыі Беларусі, абавязаны пры звальненні
маладога спецыяліста інфармаваць установу вышэйшай адукацыі. Калі адбываецца ліквідацыя часткі структурнага падраздзялення арганізацыі, то маладога спецыяліста звальняюць у самую апошнюю чаргу. У выпадку, калі адбываецца поўная ліквідацыя, маладога спецыяліста скарачаюць і ўніверсітэт праводзіць яго пераразмеркаванне.
– Мяне звольнілі – неабходна выплаціць кошт навучання?
Наймальнік мае права звольніць маладога спецыяліста толькі за парушэнне працоўнай дысцыпліны. Калі гэта адбылося – ёсць 6 месяцаў на добраахвотнае пакрыццё сумы за неадпрацаваны тэрмін. У выпадку, калі тэрмін мінуў, а выплата не праведзена, універсітэт падае ў суд.
Спецыяліст упраўлення прававой работы адзначае: «Папярэдне мы, вядома, звязваемся з даўжнікамі, каб высветліць, з якой прычыны не праводзіцца аплата, але, калі бачым, што чалавек не прадпрымае ніякіх дзеянняў, пачынаем судовую дзейнасць. Калі даўжнік па судовым рашэнні ўсё адно не аплачвае добраахвотна, мы змушаны звярнуцца да судовага выканаўцы. У гэтым выпадку трэба будзе выплаціць сродкі не толькі ўніверсітэту, але і заплаціць судоваму выканаўцу – 10% ад сумы рашэння. Гэта даволі шмат, калі ўлічваць, што галоўным чынам рахункі на пакрыццё сродкаў, выдаткаваных на навучанне, каля 20 тыс. руб. Калі мы вымушаны звярнуцца
да судовага выканаўцы, то паралельна заяўляем у суд і пра абмежаванне даўжніка ў некаторых правах, напрыклад, на выезд за мяжу і на кіраванне транспартным сродкам».
– Куды звяртацца, калі паўсталі пытанні падчас размеркавання?
На працягу двух гадоў адпрацоўкі па ўсіх пытаннях, звязаных з размеркаваннем, вы можаце звяртацца на свой факультэт,
у навучальны аддзел цэнтра кар’еры Галоўнага ўпраўлення адукацыйнай дзейнасці і ва ўпраўленне прававой работы.
Калі вы раптам забудзеце пра ўсе кантакты – звяртайцеся наўпрост ва ўніверсітэт, і вас абавязкова накіруюць да профільных спецыялістаў.
Падрыхтавала
Валерыя БАНДАРЧЫК