Прафесар Аляксандр Егарэйчанка: «Як стаць археолагам? Кафедры няма»

15 Apr, 2019.

Аляксандр Егарэйчанка

Аляксандр Егарэйчанка

Інтэрв’ю з загадчыкам кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін, доктарам гістарычных навук прафесарам Аляксандрам Егарэйчанкам пра студэнцкія практыкі і ўнікальны выпуск.

– Аляксандр Андрэевіч, распавядзіце, калі ласка, дзе вы праходзілі студэнцкую археалагічную практыку ад БДУ, што вам запомнілася?

– Добра, паспрабую. Наогул, для мяне палявая археалогія пачалася раней, чым у астатніх студэнтаў. Справа ў тым, што я ўжо на першым курсе пісаў курсавую ў Эдуарда Міхайлавіча Загарульскага. Відавочна, ён звярнуў на мяне ўвагу і таму прапанаваў мне, Алегу Анатольевічу Трусаву, які быў старэйшы на год за мяне і майму аднакурсніку, Мікалаю Віктаравічу Нікалаеву паехаць у разведку (гэта было, напэўна, дзесьці ў траўні-чэрвені 1973 года), пашукаць месца будучых раскопак. І вось так я ўпершыню пачаў, як кажуць, «жыўём», знаёміцца з археалагічнымі помнікамі.

Мы наведалі Слуцкі раён, агледзелі там шэраг гарадзішчаў, у тым ліку дзяцінец старажытнага Слуцка. Потым паехалі ў Свіслач, дзе калісьці Эдуард Міхайлавіч ужо праводзіў раскопкі. Але яго гэтыя месцы (намі наведаныя) не задаволілі, і мы адправіліся, у тым ліку, у Рагачоў. І Эдуард Міхайлавіч прыняў рашэнне праводзіць раскопкі ў Рагачове. Вось гэта было маё першае знаёмства з рэальнымі археалагічнымі помнікамі, а ў ліпені 1973 года я паехаў на сваю першую палявую практыку ў Рагачоў.

 

Раскопкі былі маштабнымі, справа ў тым, што ў іх прымалі ўдзел не толькі студэнты нашага факультэта (а тады ў нас на курсе было 120 чалавек), але яшчэ студэнты гомельскага ўніверсітэта (таксама прыкладна ў такой колькасці). Вы ўяўляеце маштабы гэтых работ?! І, зразумела, адначасова мы не маглі працаваць, работы вяліся ў дзве змены.

Я доўгі час, напэўна, дзён дзесяць працаваў, дарэчы, на адных насілках з Юрыем Андрэевічам Блашковым. Мы былі ў пары, але вось неяк не шанцавала. Рагачоў – гарадское паселішча, здавалася б, багаты рэчавы матэрыял. Але, напэўна, дзён дзесяць у мяне не было ніводнай індывідуальнай знаходкі. Аднойчы я працаваў на рыдлёўцы, Юрый Андрэевіч перабіраў зямлю на насілках. І я яму падкінуў нейкі прадмет. Юрый Андрэевіч сказаў: «Гэта камень». Я кажу: «Пастой, пастой! Я ўсё ж больш уважліва пагляджу». Рукамі пачысціў, аказалася – жалезная сякера. Вось гэта была мая першая знаходка. Потым я ўжо ведаў, што буду кожны год ездзіць у экспедыцыі. І так, калі нехта думаў, нарыклад, аб будатрадах, то я ведаў, што мяне павінна чакаць поле, новыя раскопкі.

1974 год. Гэта былі раскопкі ў Мінску, на вуліцы Гандлёвай. Эдуард Міхайлавіч вельмі спадзяваўся там знайсці пасад старажытнага Мінска, але, на жаль, там, у асноўным, былі пазнейшыя матэрыялы. І ён адправіў мяне і яшчэ некалькіх студэнтаў капаць так званыя Сенніцкія курганы. Гэта ў раёне кальцавой дарогі пры выездзе на Слуцк. Пачалася мая другая экспедыцыя, дзе я атрымліваў ужо досвед самастойнай працы.

Потым была трэцяя экспедыцыя. Гэта зноў Рагачоў, 1975 год. Акрамя таго, што я ўжо вёў раскоп самастойна, вёў усю дакументацыю па раскопу, Эдуард Міхайлавіч даручыў мне яшчэ адну дадатковую працу, з магнітометрам. Ён заўсёды быў, як гаварыцца, на вастрые археалагічнай навукі, ўжываў розныя метады. З дапамогай магнітометра ён мне даручыў весці пошук, перш за ўсё, глінабітных аб’ектаў.

У 1976 годзе я ўжо ў раскопках не прымаў удзелу, бо быў на вайсковых зборах. І падышоў да выпуску ў 1977 годзе. Вось прыкладна так.

– Скажыце, калі ласка, што вы памятаеце з нейкіх займальных выпадкаў палявога жыцця таго часу?

– З цікавых выпадкаў мне адзін запомніўся. У 1975 годзе мы, студэнты, як гэта ні дзіўна, можа быць, цяпер прагучыць хадзілі абедаць у рэстаран. Праўда, бралі комплексныя абеды, яны танней былі. І вось неяк мы прыйшлі ў рэстаран. Афіцыянтка раскладвае прыборы. А я тады спрабаваў адрасціць бараду, але гэта яшчэ была куцая бародка зусім. Чагосьці афіцыянтка на мяне падазрона паглядзела і забрала нож! Вось гэты выпадак мне запомніўся.

Напэўна, з побыту так больш нічога асаблівага не было. Жылі, як і цяпер большасць студэнтаў, у палатках. Але нашыя палаткі таго часу рэзка адрозніваліся ад сучасных. Прынамсі, там не было замка-маланкі, уваход быў на драўляных гузіках. Таму, як гаворыцца, для камароў было поўнае раздолле.Аляксандр Егарэйчанка БГУ БДУ

– А калі вы ўсвядомілі, што хочаце быць археолагам? На гэта паўплывала студэнцкая практыка?

Я раней ужо хацеў. І гэта, вядома, было ў першую чаргу пад уплывам лекцый Эдуарда Міхайлавіча. Чытаў ён бліскуча. Я памятаю размову дома са сваім бацькам. Я яму сказаў, што хачу спецыялізавацца па археалогіі. Мой тата быў прагматык. Ён быў ваенны, лётчык. Ён мне так сказаў: «Ідзі на гісторыю КПСС. Гэта больш перспектыўна». Я яму адказаў катэгарычна: «Не! Я хачу быць археолагам». І, у канчатковым рахунку, ім стаў.

У 1973 годзе кафедры яшчэ не было. Вось у той жа самай разведцы з Эдуардам Міхайлавічам неяк ўвечары, седзячы каля вогнішча, мы яму задалі пытанне: «Эдуард Міхайлавіч, а як стаць археолагам?» Кафедры няма, і мы не ведалі, што яна ў бліжэйшыя месяцы адчыніцца. Эдуард Міхайлавіч нам адказаў так: «Той, хто хоча, заўсёды стане археолагам». А ў 1973 годзе, у кастрычніку, была адкрыта кафедра.

Гэта ўжо была спецыяльная падрыхтоўка. Кафедра тады называлася «кафедра археалогіі, этнаграфіі і дапаможных гістарычных дысцыплін».

Таму гэта была не толькі археалагічная падрыхтоўка. Там быў цэлы шэраг, зразумела, спецкурсаў па этнаграфіі, перш за ўсё, этнаграфіі Беларусі. Але, тым не менш, гэта быў істотны крок наперад і мы атрымлівалі, у тым ліку, і археалагічную падрыхтоўку. Быў цэлы шэраг курсаў – палявая археалогія, археалогія Беларусі, этнагенэз славян. Гэта была адзіная кафедра ў Беларусі, якая рыхтавала спецыялістаў як у галіне археалогіі, так і этнаграфіі.

І трэба сказаць, што другі выпуск кафедры, які скончыў у тым ліку і я, быў унікальным. На першым курсе быў Алег Анатольевіч Трусаў, вядомы цяпер. Я быў сярод выпускнікоў другога курсу. Да гэтага часу ён не перавышаны. Справа ў тым, што тры выпускніка з нашага курсу сталі дактарамі навук. Я, Мікалай Нікалаеў, ён зараз супрацоўнік Салтыкоўкі (Расійскай Нацыянальнай бібліятэкі) у Пецярбургу, стаў доктарам філалагічных навук, займаецца старабеларускім кнігадрукаваннем. Трэцім быў Ігар Усеваладавіч Чаквін. Ён пайшоў па этнаграфіі і стаў доктарам навук, займаўся, у тым ліку, рэканструкцыяй чалавечых партрэтаў па чэрапе. Многія яго працы знаходзяцца ў розных музеях Беларусі. Вось такога выпуску да гэтага часу нікому не ўдалося перасягнуць.

– Дзякуй вялікі вам!

– Калі ласка.

Аляксандр ПАРШАНКОЎ,  «Ніка»
Пераклад з рускай мовы
print

Вам таксама можа спадабацца: