Цішыня… Яркае святло, прасторная пляцоўка і толькі стук абцасаў пацвярджае той факт, што сёння будзе чараўніцтва! Сёння будуць танцы, прыгожыя сукенкі і касцюмы, сёння праходзіць студэнцкі баль БДУ!
Чаму слова “баль” выклікае столькі трапятання? У паўсядзённым жыцці нам бракуе магчымасці адным плаўным рухам працягнуць руку партнёру, вытанчаным нахілам галавы прыняць запрашэнне на танец і закруціцца ў вальсе ці гарачым танга, аддаўшыся музыцы, адчуўшы яе… І сёння ў нас з’явіўся шанц акунуцца ў атмасферу музыкі, вясны і ўрачыстасці.
Студэнцкі баль БДУ з 2007 года збірае разам самых выбітных студэнтаў, якія выявілі сябе ў навуковай, навучальнай ці грамадскай дзейнасці. Арганізатарамі мерапрыемства традыцыйна выступаюць ГА “Студэнцкі саюз БДУ” і ўпраўленне выхаваўчай работы з моладдзю. У праграму вечара ўваходзіць урачыстае адкрыццё, святочны фуршэт, танцавальныя і музычныя выступленні запрошаных гасцей і, галоўнае, чатыры танцы ў выкананні саміх удзельнікаў – дзве пастаноўкі пяшчотнага вальса, а таксама дзве пастаноўкі гарачага танга. Сёлета тэмай студэнцкага балю сталі вандраванні як сімвал таго, што студэнцтва ў БДУ – таксама свайго роду вандраванне, напоўненае прыгодамі, новымі ведамі, карысным досведам, выдатнымі людзьмі, з якімі мы ідзём побач гэтыя чатыры гады.На працягу двух месяцаў 49 пар найлепшых студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта рэпеціравалі танцы пад кіраўніцтвам дасведчаных трэнераў. Юнакі і дзяўчаты ахвяралі свой час і шмат сіл на напружаныя рэпетыцыі, каб даказаць, у першую чаргу самім сабе, што яны найлепшыя і ў іх усё атрымаецца! Так і выйшла. Зараз – музыка, госці, фатографы, відэографы, доўгачаканыя словы вядучых: “Сардэчна запрашаем на вясновы баль БДУ–2019” – і мы ў казцы! Баль адкрываецца ўрачыстымі словамі прарэктараў – Міхаіла Чарапеннікава і Вольгі Чупрыс, якія прыгожа станчылі вальс.Уся зала ў нецярпенні чакае галоўнага – таго, дзеля чаго яны сюды прыйшлі, таго, да чаго рыхтаваліся на працягу двух месяцаў і што будуць абмяркоўваць увесь наступны год, – танцаў удзельнікаў. Першымі на пляцоўку выходзіць склад на чале з трэнерамі Вікторыяй Ладуцька і Ягорам Лусцянковым. Што ж будзе цяпер? А цяпер будзе танец жарсці і кахання, чароўнае танга! Другімі прадстаўляюць свой танец удзельнікі на чале з трэнерам Кацярынай Жук. Мы чуем гукі вальса, адчуваем лёгкасць рухаў, пранікаемся элегантнасцю і пяшчотай танца. Пасля невялікага перапынку на сцэну выходзіць трэці склад на чале з трэнерам Анастасіяй Зайцавай.