ФФСН арганічна складаецца з трох класічных спецыяльнасцяў: філасофіі, сацыялогіі і псіхалогіі, а таксама досыць новых – сацыяльных камунікацый і сацыяльнай работы.
Дэкан – кандыдат гістарычных навук дацэнт Вадзім Францавіч ГІГІН
Адрас: г. Мінск, вул. Кальварыйская, 9
Тэл. 259-70-47
Е-mail: phse@bsu.by
www.ffsn.bsu.by
У структуры факультэта 7 кафедраў і 2 навучальныя лабараторыі. У нас працуюць вядучыя навукоўцы-гуманітарыі Беларусі. З лекцыямі прыязджаюць замежныя эксперты.
Навучаецца больш за 1500 студэнтаў, 142 магістранты, 40 аспірантаў дзённай і завочнай формаў навучання, а таксама 13 дактарантаў.
СПЕЦЫЯЛЬНАСЦІ
• «Філасофія». Кваліфікацыя «Філосаф. Выкладчык філасофіі і сацыяльна-гуманітарных дысцыплін». Спецыялізацыі: сацыяльная філасофія, гісторыя філасофіі.
• «Сацыялогія». Кваліфікацыя «Сацыёлаг. Выкладчык сацыялогіі і сацыяльна-палітычных дысцыплін». Спецыялізацыі: сацыялогія кіравання, метадалогія і метады сацыялагічнага даследавання, палітычная сацыялогія.
• «Псіхалогія». Кваліфікацыя «Псіхолаг. Выкладчык псіхалогіі». Спецыялізацыі: сацыяльная псіхалогія, медыцынская псіхалогія.
• «Сацыяльныя камунікацыі». Кваліфікацыя «Спецыяліст па сацыяльных камунікацыях». Спецыялізацыі: арганізацыйныя камунікацыі, масавыя камунікацыі, маркетынгавыя камунікацыі.
• «Сацыяльная работа» (па напрамках: сацыяльнае праектаванне, сацыяльна-псіхалагічная дзейнасць, сацыяльна-рэабілітацыйная дзейнасць). Кваліфікацыі «Спецыяліст па сацыяльнай рабоце і кіраванні праектамі». «Спецыяліст па сацыяльнай рабоце-псіхолаг». «Спецыяліст па сацыяльнай рабоце-рэабілітолаг».
• «Сацыяльная работа» (напрамак – сацыяльна-рэабілітацыйная дзейнасць). Кваліфікацыя «Спецыяліст па сацыяльнай рабоце-рэабілітолаг».
ПРАЦАЎЛАДКАВАННЕ
Выпускнікі факультэта ўсіх спецыяльнасцяў працуюць у вышэйшых і сярэдніх навучальных установах, органах дзяржаўнага кіравання, навуковых і адукацыйных цэнтрах, камерцыйных структурах, грамадскіх аб’яднаннях, СМІ, рэкламных і кадравых агенцтвах.
СУВЯЗЬ З ПРАКТЫКАЙ
Базавымі партнёрамі факультэта выступаюць вядучыя навукова-адукацыйныя і вытворчыя цэнтры. Сярод іх Інстытут філасофіі і Інстытут гісторыі НАН Беларусі, Акадэмія паслядыпломнай адукацыі, Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз, Нацыянальны прэс-цэнтр Рэспублікі Беларусь, Мінскі гарадскі цэнтр сацыяльнага абслугоўвання сям’і і дзяцей і іншыя.
МІЖНАРОДНЫЯ СУВЯЗІ
Факультэт філасофіі і сацыяльных навук развівае адукацыйныя і навуковыя сувязі з вядучымі ўніверсітэтамі Англіі, Іспаніі, Італіі, Германіі, Швецыі, Фінляндыі, Латвіі, Літвы, Эстоніі, Польшчы, Расіі, ЗША, Украіны, Францыі, Кітая. Студэнты і выкладчыкі рэгулярна ўдзельнічаюць у міжнародных праграмах акадэмічнай мабільнасці ERASMUS+ і Copernicus. На факультэце праводзяцца адборачныя туры міжнароднай алімпіяды па філасофіі і міжнароднага Балтыйскага конкурсу эсэ па філасофіі на англійскай мове пры падтрымцы Міжнароднай асацыяцыі філасофскіх грамадстваў і UNESСO.
СТУДЭНЦКАЯ НАВУКА
Дзейнічаюць студэнцкая навуковая лабараторыя «Соцыум», студэнцкае навуковае таварыства, філасофскі дыскусійны клуб, міждысцыплінарны навукова-тэарэтычны семінар «Інавацыйныя стратэгіі ў сучаснай сацыяльнай філасофіі», студыя PsyFox, псіхалагічны квэст-семінар, а таксама праводзіцца навуковая канферэнцыя студэнтаў і аспірантаў «Чалавек. Культура. Грамадства».
ПРАЦАЎЛАДКАВАННЕ
Выпускнікі ФФСН размяркоўваюцца ў вядучыя дзяржаўныя і камерцыйныя арганізацыі нашай краіны. Сярод іх НАН Беларусі, вядучыя ВНУ Беларусі, ІАЦ пры Адміністрацыі Прэзідэнта РБ, дзяржаўныя тэлевізійныя каналы, адукацыйна-аздараўленчыя цэнтры, абласныя і раённыя выканаўчыя камітэты, кампаніі «Белавія», «Атлант-М», дзяржаўныя ўстановы адукацыі і аховы здароўя, рэкрутынгавыя агенцтвы, Wargaming і іншыя.
СТУДЭНЦКІЯ ІНІЦЫЯТЫВЫ
Факультэт славіцца сваім студэнцкім грамадскім жыццём. Наш дэвіз – давяраць студэнтам! Студэнцкае самакіраванне з’яўляецца асновай выхаваўчай работы на нашым факультэце. Мноства навуковых, культурных, спартыўных і грамадскіх мерапрыемстваў, якія складаюць традыцыі факультэта, заслужылі аўтарытэт і вядомасць на ўніверсітэцкім, рэспубліканскім і міжнародным узроўнях. Самыя папулярныя з іх – турзлёт ФФСН, дзень першакурсніка, ліга маладога грамадзяніна, дзень нараджэння факультэта, фэст кароткаметражнага кіно «Кальварыйскія бабры», «Містар» і «Міс ФФСН».
ПРАФАРЫЕНТАЦЫЯ
Асноўнымі напрамкамі прафарыентацыйнай працы факультэта з’яўляюцца заняткі для школьнікаў старэйшых класаў у школе юнага філосафа «Пайдэя», штогадовая віктарына для школьнікаў «Першы крок у прафесію» і адукацыйна-прафарыентацыйныя праекты «Майстэрня сацыякама», Workshop Philosophy, «Прафесійная майстэрня PM» і іншыя.
ФФСН ажыццяўляе падрыхтоўку спецыялістаў у галіне філасофіі і сферы кіравання праектамі, адзіны ў БДУ, які аб’ядноўвае псіхолагаў розных напрамкаў.
ВОДГУКІ ВЫПУСНІКОЎ
Дыяна АЎСЮКЕВІЧ, аспірантка ФФСН, лаўрэат стыпендыі імя К. Крапівы.
– Адукацыя – гэта не вынік, а працэс. Універсітэт закліканы не выдаваць гатовыя вынікі, а спрыяць фарміраванню ўстойлівай пазіцыі і рэфлексіўнага стаўлення да сябе і навакольнага свету. Гады вучобы ў БДУ прайшлі менавіта так: мы пазнавалі сябе, сталелі, атрымлівалі веды і прагнулі знайсці ім найбольш эфектыўнае прыкладанне. Вельмі хутка надыдзе момант, калі мы зможам нарэшце праверыць ККД нашых высілкаў, але сумненняў у поспеху насамрэч практычна няма. Здаровыя амбіцыі, творчая энергія і непахісная вера ва ўласныя сілы – гэтыя якасці сёння для нас з’яўляюцца не абавязковымі пунктамі ў рэзюмэ, а рэальным багажом, назапашаным за гады вучобы на факультэце філасофіі і сацыяльных навук!
Тамара ШАВЕРДА, аспірантка ФФСН, лаўрэат стыпендыі імя К. Крапівы, лаўрэат стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, занесена на дошку гонару БДУ.
– Ва ўніверсітэт я паступала, каб знайсці адказы на ўсе свае пытанні, але навучанне на факультэце філасофіі і сацыяльных навук паказала, што ні адзін адказ не будзе канчатковым, а адукацыя ніколі не будзе завершанай. Студэнцтва на сацыялагічным аддзяленні ФФСН БДУ стала для мяне часам самых цікавых пытанняў да свету і самой сябе, месцам самых натхняльных сустрэч і самых нечаканых адкрыццяў. Сацыялагічная адукацыя дае цэласны, мнагамерны погляд на рэчаіснасць, і з кожным годам «карцінка» становіцца ўсё больш складанай і цікавай!