Хімічны факультэт з’яўляецца вядучым вучэбна-навуковым цэнтрам па падрыхтоўцы высокакваліфікаваных
спецыялістаў-хімікаў.
СТРУКТУРА ФАКУЛЬТЭТА
Дзейнічае 9 кафедраў. Навучаецца 750 студэнтаў і звыш 30 аспірантаў.
Факультэт плённа супрацоўнічае з НДІ фізіка-хімічных праблем БДУ, інстытутамі НАН Беларусі, дзе створаны філіялы кафедраў факультэта і арганізаваны спецыялізаваныя практыкумы. Там студэнты знаёмяцца з перадавымі даследаваннямі, выконваюць курсавыя і дыпломныя працы,
удзельнічаюць у выкананні навуковых тэм.
СПЕЦЫЯЛЬНАСЦІ
Арганізавана падрыхтоўка па высокатэхналагічных спецыяльнасцях:
• «Фундаментальная хімія»,
• «Хімія высокіх энергій»,
• «Хімія лекавых злучэнняў»,
• «Хімія»
па чатырох напрамках: навукова-вытворчая дзейнасць, фармацэўтычная дзейнасць, навукова-педагагічная дзейнасць, ахова навакольнага асяроддзя. У залежнасці ад абранай спецыяльнасці выпускнікі атрымліваюць адну з кваліфікацый: «Хімік. Даследчык», «Хімік. Iнжынер», «Хімік. Выкладчык хіміі», «Хімік. Хімік-эколаг», «Хімік. Хімікфармацэўт», «Хiмiк. Радыяцыйны хiмiк. Радыяхiмiк», «Хімік. Бiяфармахiмiк». Навучальны працэс на хiмiчным факультэце скіраваны на развіццё творчага патэнцыялу студэнтаў, уменне самастойна будаваць сваю адукацыйную траекторыю, пастаянна папаўняць і абнаўляць свае прафесійныя кампетэнцыі.
МІЖНАРОДНЫЯ СУВЯЗІ
Навучальны працэс на хімічным факультэце адпавядае сусветным адукацыйным стандартам, у чым студэнты пераконваюцца, трапляючы на стажыроўку ў вядучыя замежныя ўніверсітэты і навучальныя цэнтры. Штогод дзясяткі студэнтаў хімічнага факультэта накіроўваюцца на стажыроўку за мяжу па праграмах «Эразмус+», Дзяржаўнай праграме падрыхтоўкі спецыялістаў для ядзернай энергетыкі і інш.
На хімічным факультэце на англійскай мове чытаюць лекцыі прафесары з Аўстрыі, Iталii, Польшчы, Чэхіі, Венгрыі, а таксама запрашаюцца лектары з вядучых універсітэтаў і навуковых інстытутаў Расіі. Падчас летніх вакацый студэнты ўдзельнічаюць у праграме летніх міжнародных студэнцкіх практык IAESTE (The International Association of the Exchange of Students for Technical Experience) і працуюць у даследчых цэнтрах і ўніверсітэтах Еўропы.
На хімічным факультэце ў навучальнай праграме ёсць адзіны ў краіне білінгвальны курс «Уводзіны ў зялёную хімію», які дазваляе студэнтам не толькі авалодаць стратэгіяй і тактыкай хімічных сінтэзаў, бяспечных для навакольнага асяроддзя і чалавека, але і ўдасканальваць навыкі валодання пісьмовай і гутарковай англійскай мовай.
СТУДЭНЦКАЯ НАВУКА
Каб працэс навучання быў эфектыўным і займальным, для студэнтаў укаранёныя розныя інавацыйныя адукацыйныя тэхналогіі: кааператыўны метад навучання, лекцыйны падкастынг, дыстанцыйнае навучанне на платформе MOODLE. Студэнты спецыяльнасці «Хімія высокіх энергій» выконваюць лабараторныя працы ў інтэрнэт-лабараторыi ў рэжыме відэаканферэнцыі на даследчым рэактары, які размешчаны ў Францыі. Гэта адзіны сярод беларускіх ВНУ прыклад дыстанцыйнага навучання, у якім спалучаюцца тэорыя і практычныя заняткі ў рэжыме анлайн.
СТУДЭНЦКІЯ ІНІЦЫЯТЫВЫ
На факультэце штогод праводзіцца шмат мерапрыемстваў з удзелам студэнтаў, у тым ліку дні гісторыі навукі і студэнцкая алімпіяда, розныя конкурсы і канцэрты. І кожную вясну факультэт дружна святкуе сваё галоўнае свята – Дзень хіміка.
ПРАЦАЎЛАДКАВАННЕ
Выпускнікі хiмфака маюць шырокія магчымасці ў выбары сваёй прафесійнай дзейнасці. Яны могуць працаваць у інжынерных
і даследчых цэнтрах прадпрыемстваў, інстытутах НАН Беларусі, хімічных лабараторыях буйных прамысловых аб’яднанняў фармацэўтычнай, хімічнай і радыёэлектроннай прамысловасці, на Беларускай АЭС, у Нацыянальнай антыдопінгавай лабараторыі, Дзяржаўным камiтэце судовых экспертыз, навукова-практычных медыцынскіх цэнтрах, уключаючы Рэспубліканскі цэнтр пазітронна-эмісійнай тамаграфіі (ПЭТ-цэнтр) – усюды, дзе выкарыстоўваюцца хімічныя тэхналогіі. І не толькі ў Беларусі. Тыя, хто схільны да выкладчыцкай дзейнасці, рэалізуюць сябе ў навучальных установах.
Нашы выпускнікі становяцца не толькі буйнымі навукоўцамі і арганiзатарамi вытворчасці, але і прадпрымальнікамі, дыпламатамі, крыміналістамі, менеджарамі, а гэта значыць, што яны лёгка ўваходзяць у іншыя сферы дзейнасці і дасягаюць у іх значных поспехаў. Мы чакаем вас на хімічным факультэце. Вы не пашкадуеце, калі прыйдзеце вучыцца да нас!
Хімічны факультэт – адзіная арганізацыя ў нашай краіне, дзе рыхтуюць хімікаў-універсалаў, здольных распрацоўваць і ўкараняць хімічныя тэхналогіі VI тэхналагічнага ўкладу, ствараць новыя матэрыялы і лекавыя рэчывы. Наш лозунг – «Here we create the future!».
ВОДГУКІ ВЫПУСНІКОЎ
Андрэй Рогач, дырэктар Цэнтра функцыянальнай фатонікі Універсітэта Ганконга, уваходзіць у дзясятку самых цытаваных навукоўцаў у галіне хіміі і фізікі нанакрышталяў. Выпускнік 1978 года.
– На хімфаку БДУ заўсёды працавалі бліскучыя выкладчыкі, якія далі нам выдатную, сапраўды ўніверсітэцкую, адукацыю і, галоўнае, фундаментальныя веды не толькі ў галіне хіміі, але таксама ў фізіцы і матэматыцы. Асабіста мне гэта дазволіла пасля абароны кандыдацкай дысертацыі на кафедры неарганічнай хіміі хімічнага факультэта БДУ з поспехам будаваць сваю навуковую кар’еру ўжо на фізічным факультэце Мюнхенскага ўніверсітэта, працуючы ў такой перадавой галіне даследаванняў, як фатоніка паўправадніковых нанаструктур.
Ксенія і Канстанцін Лябецкія, інжынеры-хімікі БелАЭС. Выпуск 2017 г.
Ксенія: «Выпускнікоў хімічнага факультэта на галоўным энергетычным прадпрыемстве краіны шануюць за выдатную падрыхтоўку ў галіне фундаментальных навук і ўменне ўжыць гэтыя веды на практыцы. Хімфак даў нам базавую і спецыяльную падрыхтоўку ў розных галінах хіміі, і таму цяпер, у адказны момант уводу станцыі ў эксплуатацыю, мы пачуваемся ўпэўнена».
Канстанцін: «Падчас навучання на хімфаку мы прайшлі стажыроўку ў навучальных цэнтрах Расіі, Славакіі, Балгарыі, Аўстрыі і сталі сапраўднымі спецыялістамі. Яшчэ больш важнае тое, што ў нас вучыліся самыя прыгожыя дзяўчаты – і тут я знайшоў сваё каханне».