Юныя фізікі, матэматыкі, інфарматыкі, эколагі, біёлагі з 26 краін прынялі ўдзел у 26 міжнароднай канферэнцыі юных навукоўцаў (ICYS-2019), якая прайшла з 19 па 25 красавіка ў Куала-Лумпуры (Малайзія). Упершыню нашы 6 школьнікаў заваявалі 7 медалёў.
Праграма канферэнцыі складалася з даклада-прэзентацыі па ўсіх дысцыплінах, дзе школьнікі на працягу 15 хвілін мелі сур’ёзную дыскусію па сваёй тэматыцы з прадстаўнікамі прафесійнага журы. У яго склад уваходзілі выбітныя навукоўцы і практыкі, запрошаныя аргкамітэтам з ўніверсітэтаў Еўропы, Азіі і Афрыкі.
У гэтым прэстыжным міжнародным інтэлектуальным змаганні ўдзельнічалі каманды школьнікаў з Беларусі, Бразіліі, Галандыі, Грузіі, Германіі, Грэцыі, Венгрыі, Індыі, Інданезіі, Ірана, Макаа, Малайзіі, Польшчы, Румыніі, Расіі (2 каманды), Сербіі, Сінгапура, Славеніі, Тайланда, Турцыі, Украіны, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Шры-Ланкі.
На ICYS-2019 ад нашай краіны па выніках 23 Рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару (канферэнцыя) навучэнцаў з улікам ведання англійскай мовы было прадстаўлена 6 найлепшых дакладаў па матэматыцы, фізіцы і біялогіі.
Беларусь прадстаўлялі ў Куала-Лумпуры:
- Дзмітрый Скарабагаты (гімназія № 38 Мінска, даклад па біялогіі “Распрацоўка экабяспечных складаў на аснове біяпалімера хітазану для інкруставання насення”);
- Антон Суравежкін (гімназія № 29 Мінска, даклад па матэматыцы “Навакольнасныя мноствы графаў”);
- Раман Роўба (СШ № 44 Гомеля, даклад па фізіцы “Даследаванне ўласцівасцяў кроплі прынца Руперта”);
- Аляксандр Пячонкін (гімназія № 71 Гомеля, даклад па матэматыцы “Пра колькасць кропак на крывой у коле вылікаў”),
- Ілья Няфёдаў (гімназія № 1 Віцебска, даклад па фізіцы “Даследаванне свабоднай плыні і формаўтварэння сыпкіх целаў у гравітацыйным полі”);
- Кірыл Макаранка (Ліцэй БНТУ, Мінск, даклад (суаўтар: Ілья Зур) па фізіцы “Прымяненне стрыжневых ультрагукавых хваляводаў для разбурэння ледзякоў”).
Кіраўнікі каманды: намеснік дэкана ФПМІ і член журы ICYS у секцыі “Матэматыка” і ў секцыі “Інфарматыка” Барыс Задворны; дацэнт фізічнага факультэта і член журы ICYS у секцыі “Фізіка” Віталь Жылко; загадчык кафедры фізікі ліцэя БДУ і віцэ-прэзідэнт міжнароднага арганізацыйнага камітэта канферэнцыі ICYS Леанід Марковіч.
У выніку напружанай двухдзённай барацьбы, якая праходзіла толькі на англійскай мове, нашы ўдзельнкі паказалі наступныя вынікі:
- Раман Роўба (фізіка) – залаты медаль,
- Аляксандр Пячонкін (матэматыка) – залаты медаль,
- Ілья Няфёдаў (фізіка) – сярэбраны медаль,
- Кірыл Макаранка (фізіка) – бронзавы медаль,
- Дзмітрый Скарабагаты (біялогія) – бронзавы медаль.
Акрамя таго, у намінацыі “За найлепшы стэндавы даклад” журы канферэнцыі ўручыла медалі А. Суравежкіну (матэматыка) і Д. Скарабагатаму (біялогія).
Такім чынам, упершыню ў гісторыі ўдзелу Беларусі ў міжнароднай канферэнцыі нашым 6 школьнікам атрымалася заваяваць 7 медалёў.
Гэта кажа як пра высокі ўзровень падрыхтоўкі дакладаў на Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі па адпаведных дысцыплінах, так і пра добрую працу кіраўнікоў школьнікаў, трэнераў каманды, якія сумленна робяць сваю справу. Радуе той факт, што даклады нашых школьнікаў па фізіцы, матэматыцы і біялогіі паспяхова канкуруюць на сусветнай арэне, а таксама задаюць планку для астатніх дзяцей. Прывезлі дахаты медалі і новыя планы міжнароднага навуковага супрацоўніцтва з юнымі навукоўцамі іншых краін.
Удзельнікі канферэнцыі не толькі напружана працавалі, але і паспелі пазнаёміцца з мясцовымі славутасцямі дзякуючы арыгінальнай экскурсійнай праграме, падрыхтаванай арганізатарамі. Яны наведалі старадаўні малазійскі храм, гісторыя якога сыходзіць каранямі ў тысячагоддзі. Незабыўныя ўражанні атрымалі ўдзельнікі канферэнцыі на экскурсіі па заапарку і трапічным садзе, дзе спрытныя малпачкі лёгка сцягнуць у вас марожанае. Вядома ж, незабыўны ўспамін пакінулі знакамітыя вышынныя вежы “Пятронас”, якія заслужана называюць жамчужынай усёй Азіі.
Напрыканцы хочацца выказаць ад імя ўсёй каманды самыя цёплыя словы падзякі некамерцыйнаму фонду “Навука вакол нас” за фінансавую падтрымку праекта, што істотна дапамагло міністэрству адукацыі ў арганізацыі ўдзелу каманды Беларусі на ICYS-2019.
Адным з кіраўнікоў каманды быў Барыс Задворны, намеснік дэкана ФПМІ па праф. арыентацыі і дадатковай адукацыі. Таксама ён быў намеснікам сустаршыні аргкамітэта 23 Рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару, дзе праходзіў адбор на міжнародную канферэнцыю. Важна адзначыць, што БДУ быў асноўным арганізатарам навуковага і метадычнага суправаджэння гэтай канферэнцыі. Барыс Задворны адзначае:
– На падрыхтоўку сур’ёзных навуковых праектаў у навучэнцаў сыходзіць часам больш за паўгода, а то і больш (зусім як ва «дарослай навуцы»). Калі казаць пра секцыі матэматыкаў, за якую я непасрэдна быў адказны, то Антон Суравежкін і Аляксандр Пячонкін пачалі даследаваць свае задачы ўжо летам і восенню. Праца вялася паэтапна: добрыя і складаныя задачы разглядаліся ў снежні на турніры матэматыкаў, потым яны дакладвалі ў лютым на канферэнцыі. Нашы хлопцы пастаянна знаходзілі дадатковыя матэрыялы, разглядалі тэму з розных бакоў, параўноўвалі з наяўнымі вынікамі ў навуковых артыкулах і ў Інтэрнэце. Акрамя гэтага беларускія навучэнцы актыўна трэніраваліся, гутарылі з нашымі навукоўцамі-кансультантамі, падцягвалі ўзровень англійскай мовы. У БДУ арганізоўваецца шмат мерапрыемстваў такога характару, пачынаючы з рэспубліканскай навукова-даследчай летняй школы, якая праходзіць на базе САК “Брыганціна” пад патранажам Міністэрства адукацыі і БДУ.
Каманда паказала годны ўзровень, што відаць па колькасці заваяваных узнагарод. Зараз пераможцы працягнуць працу над сваімі даследаваннямі ўжо ў рамках навучання ў БДУ ці ў іншых універсітэтах. Прычым шматгадовая статыстыка паказвае, што большасць з іх паступаюць менавіта ў БДУ. А заробленыя медалі прынясуць маладым людзям яшчэ прыемныя бонусы: медалісты прадстаўлены для заахвочвання ў Спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. А пасля прыняцця і зацвярджэння рашэнняў Савета фонду, хутчэй за ўсё, аб атрыманні вышэйшай узнагароды для школьнікаў нашай рэспублікі – нагрудным знакам Спецыяльнага фонду – яны атрымаюць магчымасць паступаць без іспытаў ва ўніверсітэты рэспублікі на спецыяльнасці, адпаведныя профілях сваёй секцыі.
У дадатак
БДУ пастаянна папулярызуе і арганізоўвае агульную круглагадовую сістэму працы са школьнікамі ў творчым навукова-даследчым кірунку, вяршыняй якой сталі штогадовыя (з 1996 года) Рэспубліканскія канферэнцыі — конкурсы работ даследчага характару навучэнцаў. Як вынік такой дзейнасці варта адзначыць, што ўсе апошнія гады сюды школьнікі усіх рэгіёнаў заяўляюць парадку 1000 работ, з якіх журы (у асноўным прадстаўнікі БДУ) адбіраюць для непасрэднага ўдзелу ў канферэнцыі 144 працы.
Далей праводзіцца праца з лепшымі ўдзельнікамі па падрыхтоўцы на міжнародныя конкурсы-канферэнцыі. Сюды ўваходзіць як арганізацыя самой паездкі, так і цесная праца з кандыдатамі-школьнікамі і іх кіраўнікамі па падрыхтоўцы выступленняў з дакладамі: пераклад матэрыялаў і прэзентацый, трэніроўка выступленняў на англійскай мове, якасны аналіз работ у параўнанні з вядомымі вынікамі (даступнымі ў інтэрнэце, навуковых часопісах).
Барыс ЗАДВОРНЫ, Віталь ЖЫЛКО,
Леанід МАРКОВІЧ, Алена ЛЯЎШЭНЯ