Напярэдадні юбілею ўдзельнікі хору распавялі, з якіх песень складаецца іх рэпертуар, пра філасофію калектыву
і генетычны код нацыі.
40 гадоў разам
Некаторых харыстаў можна лічыць старажыламі – у «Родніцы» яны амаль з самага стварэння калектыву. Напрыклад, філолаг і журналіст, сённяшняя стараста хору Таццяна Смольская (на першым фота), а таксама сацыёлаг Віктар Балцэвіч. Яны ў хоры з 1983 года. Хор самадзейны: большая частка ўдзельнікаў не мае музычнай адукацыі, праўда, некаторыя скончылі музычныя школы.
Пра гэту асаблівасць калектыву распавядае кіраўніца Таццяна Улога: «Акадэмічныя спевы канцэнтруюцца на правільным выпяванні гуку, танальнасцях і астатніх падрабязнасцях. А ў народных песнях мы пяём, як кажам. Гэта больш натуральна, таму што дазваляе выдаць болей душы і эмоцый».
Народныя песні ахопліваюць усе аспекты быцця чалавека, суправаджаюць кожную падзею ў жыцці: нараджэнне, хрышчэнне, шлюб, працу, святы, смерць. Такіх твораў за 40 гадоў у рэпертуары калектыву назбірана больш за сто.
Успамінамі пра стварэнне «Родніцы» дзеліцца Таццяна Смольская: «У савецкі час былі папулярныя агляды-конкурсы мастацкай самадзейнасці, на многіх факультэтах быў свой аматарскі хор. Самы вялікі – на фізічным факультэце. Ён і стаў асновай «Родніцы» – агульнаўніверсітэцкага хору. У 1979 годзе адбыліся першыя рэпетыцыі ў корпусе цяперашняга рэктарата, на тагачасным фізічным факультэце, на другім паверсе, у, як мы называлі, «вялікай фізічнай».
Аматары роднага слова і песні
Прыгожае і аўтэнтычнае імя хору «Родніца» пайшло ад слоў «родны», «радзіма». Назва выклікае ў харыстаў асацыяцыі з вытокамі роднасці, беларускасці, родных каранёў. Філасофія калектыву і яго місія выражана ў трох паняццях: беларускасць, радзіма, беларуская песня. Апошняя вылучаецца сваёй мелодыкай. «Наша мэта – адрадзіць і захаваць тое, што было ў народна-песеннай творчасці. У гэтым рэчышчы можна назваць «Родніцу» скарбонкай беларускай песеннай культуры. У нас ёсць прыпеўкі, народныя і аўтарскія песні. Да прыкладу, на юбілейным канцэрце прагучалі аўтарскія песні «І ў вас, і ў нас» на словы паэта-песенніка У. Карызны, «Шукаю сцежку» на словы Н. Тулупавай, «Не загаснуць зоркі ў небе» Янкі Купалы на музыку М. Янчука і многія з народных», – кажа Таццяна Улога.
Наша мова – генетычны код нацыі, наша культурная асаблівасць, якая захоўваецца народам. Дзіця з маленства праз песню далучаецца да нацыянальнай культуры, атрымлівае пэўнае духоўнае выхаванне. Дзякуючы казкам вучыцца працавітасці і сумленнасці.
«Значная частка нашага рэпертуару на беларускай мове, хаця ёсць і рускія, і ўкраінскія, і польскія песні», – расказвае Таццяна Смольская. «У савецкі час з гастролямі аб’ездзілі многія рэспублікі, спявалі на родных мовах гэтых краін…», – успамінае Віктар Балцэвіч.
Вялікая сям’я спявае для душы
Адметнасць хору ў тым, што гэта непрафесійны калектыў. Прафесія – справа жыцця, якой чалавек вымушаны займацца і з жаданнем, і без. «Вельмі добра, калі прызванне супадае з працай, але так бывае не заўсёды. У нашых харыстаў спевы – хобі. Нам самім цікава выступаць. Вельмі падабаецца спяваць беларускую песню за мяжой, але апошнія гады з-за недахопу фінансаў выязджаць сталі менш. Таксама сцэнічныя касцюмы час ад часу патрабуюць абнаўлення, а гэта вялікія грашовыя выдаткі», – кажа кіраўніца хору.
«Быў такі выпадак: у 1996 годзе мы выступалі ў Нарвегіі. Развучваць іх песню было цяжка, паколькі мова для нас нязвыклая, мы напісалі сабе транслітарацыю, уклалі ў папачкі і выйшлі так на сцэну. Аднак многія слухачы не ведалі такой песні і вельмі здзівіліся. Пазней яны падышлі да нас і глядзяць у папачкі, а тэксту разабраць не могуць, ён жа на нашай мове! Канешне, такое можа здарыцца – песень шмат, апрача шырока вядомых ёсць песні пэўных паселішчаў, рэгіёнаў, этнічных груп», – смяецца Віктар Балцэвіч. Дарэчы, сёлета калектыў запрошаны на фестываль беларускай песні, які адбудзецца ў Беластоку.
«Мы спяваем для душы, за столькі гадоў сталі сапраўднай сям’ёй! Сустракаемся два разы на тыдзень, добра ведаем не толькі адзін аднаго, але і сем’і, блізкіх і родных, мы разам і ў радасці, і ў горы», – усміхаюцца Таццяна і Віктар.
«Родніца» шукае новых харыстаў! Колькі б гадоў табе ні было, хочаш – спявай! Галоўнае – быць апантаным, любіць беларускую песню. У кіраўніцы хору Таццяны Улогі ёсць ідэя стварыць і студэнцкі народны хор, працяг «Родніцы»: «Каб разам зліліся імпэт і вопыт».
Надзея Мархель
Народны хор народнай песні выкладчыкаў і супрацоўнікаў БДУ «Родніца» заснаваны ў 1979 годзе. У 1985 годзе за высокія дасягненні ў творчай дзейнасці хору прысвоена званне «народны». У рэпертуары «Родніцы» беларускія, польскія, украінскія і песні іншых народаў, а таксама аўтарскія кампазіцыі. З канцэртамі хор пабываў шмат у якіх замежных краінах і ў свой час аб’ездзіў увесь СССР. «Родніца» ўдзельнічала ў фальклорных фестывалях Італіі, Турцыі, Малдовы, Польшчы, Латвіі.
Кіруе хорам Таццяна Улога, яна скончыла БДУКМ. Сёння ў «Родніцы» 32 чалавекі. Сярод іх выкладчыкі матэматыкі, філалогіі, геаграфіі і біялогіі, фізікі, хіміі, замежных моў, загадчыкі лабараторый і лабаранты. «Я прыйшла ў калектыў яшчэ студэнткай на практыку ад універсітэта культуры, а потым – у якасці кіраўніцы ў 2012 годзе. Часам цяжка: людзі дарослыя, працаваць з імі нялёгкая справа. А з другога боку, «Родніца» – вялікая сям’я, якую я вельмі люблю», – кажа Таццяна.