Новы трыумф газеты БДУ. “Універсітэт” узнагароджаны прэстыжнай “Залатой літарай”

27 мая, 2019.

Газета «Універсітэт» стала пераможцам ХV Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі «Залатая літара» ў намінацыі «Найлепшыя матэрыялы навуковай, навукова-папулярнай тэматыкі». У нашага выдання гэта ўжо другая такая прэстыжная ўзнагарода, што сведчыць пра аўтарытэт газеты БДУ ў прафесійнай журналісцкай супольнасці.

На ўрачыстым узнагароджанні 3 мая ў Dipser­vice Hall перад прадстаўнікамі вядучых рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ выступілі міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Кар­люкевіч і намеснік Старшыні Савета Рэспублікі Марыяна Шчоткіна. Дыплом пераможцы і прэстыжную статуэтку рэдакта­ру газеты «Універсітэт» Сяргею Шафаловічу ўручыў першы намеснік старшыні прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей Чыжык (на фота).

Універсітэцкае выданне было вылучана журы больш чым з 20 СМІ, якія прэтэндавалі на перамогу ў дадзенай намінацыі. Лаўрэатамі абвешчаны газета «Рэспубліка» выдавецкага дома «Беларусь сёння» і газета «Інтэграл» аднайменнага прадпрыемства.
У 2018 годзе на старонках газеты БДУ выйшла звыш 30 матэрыялаў навукова-папулярнай тэматыкі. Гэта аб’ёмныя публікацыі на тэму Дня беларускай навукі, матывацыі маладых навукоўцаў, распрацоўкі і запуску ўні­версітэцкага нанаспадарожніка, наведвання БДУ замежнымі касманаўтамі і астранаўтамі, магчымасцяў інавацыйных лабараторый, напісання артыкулаў у аўтарытэтныя міжнародныя часопісы, дасягненняў навуковых школ БДУ і шматлікія іншыя.

За апошні час газета «Універсітэт» перайшла на новы фармат, палепшыла паліграфію і зместавы кампанент, увяла актуальныя рубрыкі, ­стала выкарыстоўваць інфаграфіку, запусціла некалькі спецпраектаў. Вядзецца праца па прасоўванні выдання ў вэб-прасторы і папулярызацыі ў моладзевым асяроддзі. Многія публікацыі дзякуючы тэхналогіям дапоўненай рэальнасці маюць мультымедыйны характар.

Газета «Універсітэт» – адно з найстарэйшых перыядычных выданняў Беларусі. Яшчэ ў 1929 г. убачыў свет першы нумар агульнаўніверсі­тэцкай газеты «Ленінскім шляхам».  З 1955 г. да 2006 г. яна называлася «Беларускі ўніверсітэт».
Сёлета газета БДУ адзначае 90 гадоў з дня выхаду першага нумара. На старонках выдання знайшла адлюстраванне ўся шмат­гадовая гісторыя БДУ. Многія прызнаныя ­«акулы пяра» атрымалі тут сваё прафесійнае станаўленне.
У маі 2009 г. «Універсітэт» стаў пераможцам ­V Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ «Залатая літара» ў намінацыі «Найлепшая шмат­тыражная газета». Акрамя таго, газета БДУ станавілася лаўрэатам VI адкрытага фестывалю прэсы ва Украіне, а таксама міжнароднага конкурсу ў Казані (РФ) у намінацыі «Найлепшая ўніверсітэцкая газета». У 2016 г. «Універсітэт» узнагароджаны ганаровай граматай Міністэрства інфармацыі Беларусі.

Сяргей ШАФАЛОВІЧ
Фота Таццяны БАГАМАЗАВАЙ

print

Вам таксама можа спадабацца: