Кітайскі дыплом для беларусаў. Сумесны інстытут БДУ–ДПУ прыме першых студэнтаў

3 мая, 2019.

Стварыць Сумесны інстытут Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Далянскага політэхнічнага ўніверсітэта на базе БДУ было вырашана на пасяджэнні савета. Новае адукацыйнае падраздзяленне ўжо гатовае прымаць абітурыентаў на навучанне на трох першых эксперы­ментальных спецыяльнасцях: «фізіка», «механіка і матэматычнае мадэляванне» і «сусветная эканоміка». Пра асноўныя этапы адкрыцця падраздзялення і ўмовы навучання распавёў прарэктар па вучэбнай рабоце і інтэрнацыяналі­зацыі адукацыі Канстанцін КАЗАДАЕЎ.

Як адзначыў прарэктар, гісторыя супрацоўніцтва з ДПУ налічвае ўжо больш за 10 гадоў. За гэты час створана магутная нарматыўная база, функцыянуюць сумесныя навукова-адукацыйныя структуры. Нагадаем, кітайскі аналаг Сумеснага інстытута быў утвораны ў 2017 годзе ў г. Далянь (КНР). Сёння ў ім вядзецца падрыхтоўка па дзвюх спецыяльнасцях: «прыкладная фізіка» і «інжынерная механіка».

На двух курсах Сумеснага інсты­тута навучанне праходзяць 159 кі­тайскіх студэнтаў. Выкла­данне ­30% прадметаў забяспеч­ваюць кадры фізічнага і механіка-матэ­матычнага факультэтаў БДУ. Навучанне ажыццяўляецца на англійскай і кітайскай мовах. Пасля інстытута студэнты атрымаюць два дыпломы аб вышэйшай адукацыі: ДПУ і БДУ.

На базе Сумеснага інстытута ў Даляні актыўна праводзіцца праца па выязной адукацыі. У 2018 годзе прайшла летняя школа, тады 18 ­беларускіх студэнтаў прыязджалі ў Далянь на навучанне, а амаль праз паўгода, у студзені 2019 года, 18 кітайскіх студэнтаў наведалі заняткі ў БДУ. Падобныя мерапрыемствы плануюцца і ў наступным навучальным годзе.

Акрамя гэтага, паводле плана мерапрыемстваў да года адукацыі Беларусі ў Кітаі, у рамках Сумес­нага інстытута ў г. Далянь нядаўна адкрылі цэнтр вывучэння Беларусі. Яго задача заключаецца ў папулярызацыі адукацыі ў нашай краіне ўвогуле і ў БДУ ў прыватнасці.

Ужо 10 студзеня быў падпісаны мемарандум пра стварэнне адпаведнай адукацыйнай структуры на базе нашага ўніверсітэта, каб беларускіх студэнтаў рыхта­валі нашы выкладчыкі і выкладчыкі ВНУ-партнёра. Першы набор пройдзе сёлета. Падрыхтоўка будзе весціся на рускай, англійскай і кі­тайскай мовах на першай ступені па шэрагу спецыяльнасцяў з вы­дачай дыпломаў БДУ і ДПУ, – дадае Канстанцін Казадаеў.

Як паведамляецца, напачатку красавіка Міністэрства адукацыі ўзгадніла стварэнне сумеснага эксперыментальнага адукацыйнага інстытута ў складзе БДУ. Тут варта адзначыць, што гэта не асобная юрыдычная асоба і ў яго складзе не будзе факультэтаў на пачатковым этапе развіцця. У дадатак ужо ўнесены праўкі ў план прыёму. Падрыхтоўка бакалаўраў на 1 ступені атрымання вышэйшай адукацыі пройдзе па спецыяльнасцях:

«фізіка (вытворчая дзейнасць)» (8 месцаў на бюджэтнай, 5 месцаў на платнай форме),
«механіка і матэматычнае мадэ­ля­ванне» (20 месцаў на бюджэтнай, 5 месцаў на платнай форме),
«сусветная эканоміка» (20 месцаў на платнай форме).

Што да праграм навучання, то яны маюць статус эксперымен­тальных. За аснову ўзяты праграмы, якія цяпер дзейнічаюць у
Даляні і будуць дапрацаваны з улікам спецыфікі БДУ. На савеце агучылі важны момант: зараз разглядаецца магчымасць забяспе­чыць стыпендыяльную падтрымку некаторым беларускім студэнтам Сумеснага інстытута, нягледзячы на тое, што навучанне вядзецца не ў Кітаі. Галоўны аргумент – высокая якасць падрыхтоўкі студэнтаў. Таксама плануецца адкрыццё магістратуры ў наступным годзе.

На савеце дадаткова абмерка­валі пытанне наступнага праца­ўладкавання выпускнікоў унікальнай структуры. Галоўным чынам, гэта індустрыяльны парк «Вялікі камень», а таксама іншыя сумесныя беларуска-кітайскія праекты. Так­са­ма гаворка ішла пра кандыда­туру дырэктара і вылучэнне па­мяшканняў для працы Сумеснага інстытута.

Алена ЛЯЎШЭНЯ

print

Вам таксама можа спадабацца: