Год малой радзімы міжволі звяртае нас да каранёў. Мы маем шмат цікавых гісторый з нашага дзяцінства. Да месца, дзе нарадзіўся, адчуваеш цеплыню і любоў, дзе б ты зараз ні жыў. Газета “Універсітэт” распачынае серыю матэрыялаў пад агульнай назвай “Калыска характару”, дзе кіраўнікі структурных падраздзяленняў БДУ расказваюць пра тое, які куток краіны стаў для іх малой радзімай, якую ролю гэта месца адыграла ў іх жыцці. Таксама мы папрасілі назваць 5 фраз ці слоў, якія асацыіруюцца з малой радзімай.
Першым героем праекта стаў Іван Іванавіч ЯНУШЭВІЧ, прарэктар па выхаваўчай рабоце і сацыяльных пытаннях.
– Я нарадзіўся ў вёсцы Забулле Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці. Там жыў датуль, пакуль не паступіў на гістарычны факультэт БДУ, тады пераехаў у Мінск. З малой радзімай у мяне ўзнікаюць такія асацыяцыі:
- Сям’я
Самыя цёплыя ўспаміны звязаны з роднымі. Жывыя мае бацькі, якія мяне выгадавалі. Па магчымасці іх наведваю, прыязджаю на выхадныя, дапамагаю ім.
Успамінаю сваё дзяцінства. У маёй жа мясцовасці недалёка ад роднай хаты жылі бабуля і дзядуля. Дзед быў спачатку калгасным садоўнікам і пчаляром, а потым ужо займаўся гэтай працай індывідуальна, у яго былі свае пчолы. Урэзалася ў памяць тое, што гэтыя насякомыя балюча кусаліся, асабліва калі раіліся, мы ад іх уцякалі. У дзеда было каля 20 вулляў, часам накатвалася бочка мёду аб’ёмам літраў 200. А бабуля пякла ў печы хлеб на кляновых, дубовых лістах, пірагі. Атрымліваліся вялікія духмяныя боханы.
- Школа
У школу даводзілася дабірацца галоўным чынам пешшу ці на ровары праз лес. Спачатку вучыўся ў Хмяльніцкай пачатковай школе (гэта каля 3 км ад дома), потым у Рахавіцкай базавай (амаль 5 км), а затым у Міжэвіцкай сярэдняй (прыблізна 7 км). Хада, дарэчы, вельмі карысная для здароўя. Класы былі невялікія па колькасці дзяцей, таму настаўнікі надавалі кожнаму шмат увагі.
Аднойчы, у класе другім, здаецца, вяртаўся са школы і праваліўся на возеры пад лёд. Тады на 8 сакавіка распусціліся коцікі, хацеў іх дастаць і падарыць матулі. На шчасце, выбраўся сам.
- Праца
Вясковае жыццё звязана з фізічнай працай. Працуюць не толькі дарослыя, але і дзеці. Ты прачнуўся і пачаў займацца чымсьці карысным. Гэта нармальна. Часам з’ездзіў на рэчку, а потым ізноў трэба брацца за справу. Напрыклад, запомніў, як пасвіў кароў з раніцы да вечара. Але ў гэтым была і свая карысць: можна было ў вялікай колькасці чытаць кнігі. Памятаю, як дзед малаціў жыта ўручную пасля таго, як бабулі яго зжалі. У снапы ставілі, звозілі ў гумно, сушылі.
- Калгасны сад
У вёсцы было шмат садоў, асабліва прыгожым быў вялікі калгасны (цяпер яго ўжо няма). Увесну ён быў асабліва маляўнічы, калі ажываў феерверкам фарбаў. З’яўлялася лісце, распускаліся бутоны на галінках дрэў.
- Гай
Так у нас зваўся густы лес, недалёка было невялікае возера. Увесну ў лесе гучалі трэлі разнастайных птушак, а ўлетку на возеры па вечарах можна было пачуць «спеў» жаб. Памятаю сяброў дзяцінства, з якімі мы хадзілі па мясцовых сцежках. Гэта маладосць, той перыяд, калі ўсё было выдатна.