Калыска характару | «Вольны час быў як свята»: Пётр Брыгадзін пра малую радзіму

25 Jun, 2019.

Мы працягваем серыю матэрыялаў пад агульнай назвай “Калыска характару”, дзе кіраўнікі структурных падраздзяленняў БДУ расказваюць пра тое, які куток краіны стаў для іх малой радзімай, якую ролю гэта месца адыграла ў іх жыцці. Таксама мы папрасілі назваць 5 фраз ці слоў, якія асацыіруюцца з малой радзімай.

Сёння сваёй гісторыяй падзеліцца Пётр Іванавіч БРЫГАДЗІН, дырэктар Інстытута бізнесу БДУ.

– Мая малая радзіма – вёска Моладава Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Сюды наша сям’я пераехала з хутара (ён знаходзіўся за кіламетр ад Моладава), калі мне было 6 гадоў. Тут я скончыў школу, а ў 17 гадоў стаў студэнтам гістарычнага факультэта БДУ. Дарэчы, нас у сям’і было чацвёра дзяцей, і ўсе мы ў свой час атрымалі дыплом Белдзяржуніверсітэта. На малую радзіму я прыязджаю штогод. З гэтымі месцамі мяне звязваюць такія ўспаміны:

1. Родныя словы

«Пеця, іды дохаты» – засталіся ў памяці гэтыя распеўныя словы мамы (яна спявала ў царкоўным хоры). Памятаю, калі гуляў з хлапчукамі ў канцы вуліцы і чуў гэтыя словы, то разумеў, што мяне чакаюць дома, будзе праца.

«Рыхтык» – нямецкае слова, якое любіў гаварыць бацька, яно значыць «сапраўды».

«Наперад, магчыма, на міны, але наперад» – гэта мая фраза з’явілася тады, калі даведаўся, як загінуў ва Усходняй Прусіі ў студзені 1945 года старэйшы брат бацькі Цімафей – салдатаў пагналі на міны.

2. Занятасць

Часу вольнага амаль не было. Школь­ныя справы часцяком не былі прыяры­тэтам, калі было вельмі шмат працы па гаспадарцы. Вольны час быў як свята. Узімку мы з сябрам гулялі ў шахматы (гэта быў наш улюбёны занятак), а ўлетку гулялі ў футбол і хадзілі плаваць на раку. Кожны дзень, вярнуўшыся са школы, дапамагалі ­бацькам. На мне быў цэлы функцыянал: прынесці дроў, натапіць печку, прыбрацца ў двары, улетку ехаць па траву, пасвіць жывёл і іншае. Гэтыя пастаянныя абавязкі выхавалі ўва мне паважлівае стаўленне да працы.

Пётр Брыгадзін на малой радзіме

3. Кветнікі і хаты, якія не зачыняліся на замок

Гэтыя ўспаміны пра цвіценне засталіся са мной дагэтуль. Велізарныя кветкі розных колераў. Жыхары высаджвалі іх каля хат, двары былі надзвычай маляўнічыя. Кожны імкнуўся вылучыцца. У нас таксама хата была акружана самымі прыгожымі кветкамі з трох бакоў.

4. Прыгажосць палескай зямлі

Гэта густы лес, малыя рэчкі, якія працякалі побач з вёскай і ўпадалі ў раку Ясельду, паплавы…

5. Знакамітая вёска: Войны, Агінскія, Скірмунты

Ёсць пісьмовае згадванне, што Мацвей Война атрымаў ад пінскага князя Фёдара Яраслававіча дворышча ў Моладаве ў 1497 г. Захаваўся ў мясцовай Узнясенскай царкве старадаўні звон, адліты ў Коўне ў 1583 г. у памяць пра Мацвея Войну. Па некаторых дадзеных гэта самы стары звон у Беларусі. Пасля Войнаў маёнтак у спадчыну перайшоў вядомай сям’і Казіміра Агінскага, а затым у канцы 18 стагоддзя быў прададзены Міхалам Клеафасам Шымону Скірмунту.

Моладава, сядзіба Скірмунтаў. Напалеон Орда, 1875

Новыя гаспадары ператварылі Моладава ў прамысловую сталіцу рэгіёна – менавіта тут каля 200 гадоў назад запрацаваў адзін з першых цукровых заводаў Беларусі. Аляксандр Скірмунт атрымаў першы афіцыйна зарэгістраваны ў нашай краіне патэнт на сваё вынаходства, якое дазваляла паскорыць аперацыю па выпарванні ­цукру з сіропу з 4 гадзін да 5 хвілін. На ­жаль, сядзіба Скірмунтаў не захавалася, велічны будынак падарвалі падчас вайны. Пра былую раскошу мястэчка нагадвае ­толькі капліца-пахавальня. Капліца ўражліва прыгожая: калоны, порцікі і ляпніна.

Трэба адзначыць, Узнясенская царква і капліца Скірмунтаў уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

Я лічу, што малую радзіму цяжка ацаніць адной фразай. Наш унутраны свет, стаўленне да людзей, даручанай справы – усё гэта звязана з дзяцінствам, тым асяроддзем, у якім мы гадаваліся.

Гутарыла Алена ЛЯЎШЭНЯ

Чытайце таксама: “Усё добрае і станоўчае я звязваю менавіта з гэтым мястэчкам”, — Ала Мелех пра малую радзіму;

“Гэта маладосць, той перыяд, калі ўсё было выдатна”, — Іван Янушэвіч пра малую радзіму;

“Вольны час быў як свята”, — Пётр Брыгадзін пра малую радзіму;

Віктар Шадурскі: “Малая радзіма чароўным чынам дапамагае аднавіць сілы пасля напружанага працоўнага года”;

Анатоль Тозік: “Мая малая радзіма – гэта перш за ўсё наш універсітэт”.

print

Вам таксама можа спадабацца: