Праграмы двух дыпломаў. БДУ пашырае супрацоўніцтва з Універсітэтам прыкладных навук г. Мітвайда (Германія)

6 Jun, 2019.

Актыўнае ўзаемадзеянне двух універсітэтаў у галіне падрыхтоўкі на другой ступені адукацыі вядзецца з 2013 года, а летась два дыпломы – нямецкі і беларускі – атрымалі першыя выпускнікі сумеснай магістратуры «Кіраванне ў рэальным сектары эканомікі». У красавіку дэлегацыя БДУ наведала Германію і падпісала дадатковую дамову да дзейнай. Распавядаем пра вынікі плённага супрацоўніцтва і планы.

Сумесная магістарская праграма

Універсітэт прыкладных навук  Мітвайда і БДУ рэалізуюць некалькі сумесных праграм. Вылучаецца з іх англамоўная двухгадовая магістарская праграма «Кіраванне ў рэальным сектары эканомікі», першы выпуск якой адбыўся ле­тась: дзевяць магістраў атрымалі двайныя дыпломы.

– Выпускнікі запатрабаваны на рынку працы, – адзначае куратар праграмы старшы выкладчык кафедры міжнароднага менеджменту эканамфака БДУ Крысціна Шастакова. – Першыя магістры гэтай праграмы часткова працаўладкаваліся ў Германіі, у кампаніях IBM, Volkswagen, Airbus. У Беларусі яны працуюць у ААТ «Белшына», кансалтынгавай кампаніі «Тут і цяпер» і інш. Прадстаўнікі ГК «Алютэх», дарэчы, ужо другі год запар будуць прысут­нічаць на абароне магістарскіх прац – гэта дэманструе зацікаўленасць у спецыялістах, якіх мы рыхтуем на дадзенай праграме.

Падчас нядаўняга візіту дэлегацыі БДУ, у склад якой уваходзілі прарэктар па вучэбнай рабоце і адукацыйных інавацыях Вольга Чупрыс і дэкан эканамічнага факультэта Ганна Каралёва, да дзейнай дамовы была падпісана дадатковая. Дакумент прадугледжвае рэгулярнае чытанне лекцый выкладчыкамі БДУ ва Універсітэце прыкладных навук у рамках сумеснай магістарскай праграмы «Кіраванне ў рэальным сектары эканомікі».

– На працягу двух гадоў рэалізацыі праграмы ў забеспячэнні навучальнага працэсу ва Універсітэце прыкладных навук г. Мітвайда былі задзейнічаны асобныя выкладчыкі эканамічнага факуль­тэта БДУ. Падпісаная дамова дазволіць павялічыць акадэмічную мабільнасць нашых выкладчыкаў і пашырыць пералік тых дысцыплін, якія яны будуць выкладаць у нямецкім універсітэце, – тлумачыць Ганна Каралёва.

Адзначым, што праграма візіту дэлегацыі БДУ ўключала таксама абмеркаванне магчымасцяў арганізацыі сумесных адукацыйных праграм па кірунку «Прыкладная матэматыка».

Распрацоўка міждысцыплінарных праграм

Таксама падчас візіту нямецкі бок распавёў пра стварэнне міждысцыплінарнага інстытута, дзе сёлета адкрыюцца праграмы ­ «Глабальная камунікацыя і бізнес-культура» і «Блокчэйн». Прарэктар Вольга Чупрыс адзначыла важ­насць прымянення дадзенага ­досведу ў БДУ пры распрацоўцы міждысцыплінарных праграм.

Дарэчы, ужо ў наступным навучальным годзе ў БДУ запрацуе першая міждысцыплінарная ма­гістарская праграма «Кіраванне медыяпраектамі» – вынік супрацоўніцтва эканамічнага факультэта і факультэта журналістыкі.

– Людзі, якія кіруюць рэдакцыямі, вельмі часта або журналісты-практыкі, якія да таго, як стаць кіраўнікамі, займаліся творчай дзейнасцю, або прыйшлі з іншай галіны, гэта значыць маюць практыку менеджменту ў іншай сферы і не ведаюць спецыфікі медыя, – распавядае Андрэй Патрэбін, дацэнт кафедры медыялогіі, куратар праграм магістратуры па спецыяльнасці «Журналістыка» факультэта журналістыкі. – Чакаецца, што дадзеная магістарская праграма будзе запатрабавана і ў замежных студэнтаў, таму што, напрыклад, у Кітаі медыяіндустрыя расце вельмі хуткімі тэмпамі і адчувае недахоп тых, хто ў стане кіраваць СМІ.

Для паступлення ў магістратуру па міждысцыплінарнай праграме неабходна будзе здаць іспыт па прадмеце «Менеджмент», а тым, хто не мае профільнай эканамічнай адукацыі, – дадатковы іспыт па прадмеце «Асновы менеджменту». Навучанне будзе весціся на рускай мове на працягу аднаго года.

У навучальны план уключаны дысцыпліны, у якіх кампетэнтны кожны з факультэтаў. Прадметы «Праектнае кіраванне», «Стратэгічны менеджмент», «Інвестыцыйны менеджмент», «Макраэканамічны і мікраэканамічны аналіз» будуць выкладаць на эканамфаку, а «Кіраванне мультымедыйнай рэдакцыяй», «Асновы сучаснай журналістыкі», «Лічбавая трансфармацыя СМІ», «Крэатыўная індустрыя СМІ» – на журфаку.

У перспектыве, як адзначае Ганна Каралёва, дадзеная міждысцыплінарная магістарская праграма вырасце ў сумесную з Універсітэтам прыкладных навук  Мітвайда падрыхтоўку журналісцкіх кадраў з выдачай двух дыпломаў. У працы будуць задзейнічаны адразу чатыры факультэты: эканамфак і журфак БДУ, а таксама факультэт журналістыкі і факультэт прамысловай інжынерыі нямецкага ўніверсітэта.

Валерыя БАНДАРЧЫК

print

Вам таксама можа спадабацца: